Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк паабяцаў спыніцца


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк
Праўленьне Нацыянальнага банку Беларусі ўхваліла рашэньне не ўжываць дадатковыя абмежавальныя захады ў сфэры валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю.

Больш за тое, Нацбанк запэўнівае, што па меры нарошчваньня золатавалютных рэзэрваў неабходнасьць у раней уведзеных захадах рэгуляваньня апэрацый куплі-продажу замежнай валюты адпадзе, і ён пачне рабіць крокі дзеля ўзмацненьня рынкавых мэханізмаў функцыянаваньня валютнага рынку.

Разам з тым Нацыянальны банк «цалкам выключае магчымасьць правядзеньня разавай істотнай карэкціроўкі абменнага курсу беларускага рубля».

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні «Аб сытуацыі ў эканоміцы», якое распаўсюдзіў Нацбанк 31 сакавіка.

На пачатку сакавіка, адзначае Нацбанк, эканоміка «сутыкнулася з рэзкім павелічэньнем попыту на замежную валюту з боку насельніцтва і суб’ектаў гаспадараньня, справакаваных асьцярогамі адносна магчымай разавай дэвальвацыі нацыянальнай валюты».

У сувязі з гэтым Нацбанк распачаў шэраг апэратыўных захадаў, накіраваных на стабілізацыю сытуацыі і прадухіленьне разьвіцьця негатыўных тэндэнцый на ўнутраным валютным рынку, у тым ліку спэкулятыўнага ціску на курс беларускага рубля.

Так, з 1 красавіка на Беларускай валютна-фондавай біржы ўводзіцца часовы парадак набыцьця замежнай валюты, у адпаведнасьці зь якім у прыярытэтным парадку будуць задавальняцца заяўкі прадпрыемстваў і банкаў на аплату імпартных кантрактаў на куплю мэдыкамэнтаў, прыроднага газу, пагашэньне крэдытаў у замежнай валюце і для іншых мэтаў.

Пры гэтым у суб’ектаў гаспадараньня і банкаў па-ранейшаму захоўваецца магчымасьць свабоднай куплі валюты на пазабіржавым рынку, на якім можа пераразьмяркоўвацца больш за 70% валютнай выручкі, якая паступае ў краіну, гаворыцца ў паведамленьні. Такім чынам, лічаць у Нацбанку, пазабіржавы рынак будзе задавальняць асноўны аб’ём патрэбаў суб’ектаў гаспадараньня ў замежнай валюце.

На гэтым рынку адхіленьне курсу беларускага рубля ад афіцыйнага дапускаецца да 10%.

Каб падтрымаць плацёжны балянс краіны, урад зьвярнуўся да Расеі і антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС па стабілізацыйныя крэдыты на агульную суму каля 3 млрд. даляраў ЗША.

Адначасова для дасягненьня збалянсаванасьці эканомікі і зьніжэньня адмоўнага сальда зьнешняга гандлю ўрад і Нацбанк распрацоўваюць праграмы эканамічных захадаў і структурныя рэформы, якія прадугледжваюць правядзеньне прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG