Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пахла паленым. Нашае з Пазьняком падарожжа ў сутарэньні будынку ЦК КПБ можна было б параўнаць з падарожжам у пекла – калі дапусьціць, што чэрці распальваюць вогнішчы з пастаноў і рэзалюцыяў Люцыпара. Нам расказалі, што ў жнівеньскія дні 1991-га паперы там спальвалі тонамі (нават нанялі трох качагараў). Але ўсяго зьнішчыць не пасьпелі.

Першы аркуш, які я падняў з падлогі (Пазьняк і цяпер кажа пра неймавернае супадзеньне) – быў плян, які прадугледжваў стварэньне камуністамі “альтэрнатыўнага Народнага фронту” яшчэ да жніўня 1988 г. (камуністы імкнуліся згуляць “на апярэджаньне”, але, як і шмат што іншае, правалілі справу). Другім быў дакумэнт з асабістым подпісам Машэрава.

Гэты ліст Пятра Машэрава супрацоўнікі ЦК КПБ у жніўні 1991-га выкінулі на сьметнік

Ну а далей – стосы дакумэнтаў, якімі я набіў некалькі валізак. Сярод іх – аналітычная запіска “Другі зьезд БНФ: апазыцыя карэктуе курс”, напісаная “для ўнутранага карыстаньня” супрацоўнікамі ЦК.

У пляне ЦК КПБ на 1988 г. пункт 33 – стварэньне “свайго” Народнага фронту. Архіў С. Навумчыка.


Я сумняваўся, ці варта пісаць у гэтым цыклі, заснаваным на ўласных успамінах, пра II зьезд БНФ – падзею, у якой ня ўдзельнічаў, бо якраз у канцы сакавіка 1991-га ў Віцебску трапіў у шпіталь. Пра вынікі зьезду ведаў з аповедаў калег і газэтных публікацыяў, і таму аўтар гэтых радкоў – у роўных пазыцыях з чытачом. Сёньня перада мной некалькі старых газэтаў яшчэ “даінтэрнэтаўскай эпохі” і тая, знойдзеная з Пазьняком, аналітычная запіска ЦК.

Але той зьезд быў ключавым у вызначэньні галоўных мэтаў самай уплывовай дэмакратычнай сілы (папраўдзе адзінай уплывовай – іншыя дэмпартыі толькі-толькі ўтвараліся). Бяз гэтага немагчыма скласьці поўнае ўяўленьне і пра ўмовы, у якіх давялося дамагацца Незалежнасьці. Зрэшты, як немагчымае гэтае ўяўленьне і без звароту да зьезду камуністаў.

“… адстаяць абноўлены Саюз”

Вясной 1991 году процістаяньне паміж КПБ і БНФ дасягнула найбольшай вастрыні..
Менавіта вясной 1991 году процістаяньне паміж КПБ і БНФ дасягнула найбольшай вастрыні, і галоўнай прычынай разыходжаньняў было якраз стаўленьне да Незалежнасьці. Кіраўнікі ЦК кампартыі Беларусі адрозьніваліся ад сваіх калегаў бадай з усіх “саюзных рэспублік” абсалютнай адданасьцю Маскве; крытыка Гарбачова зь іх вуснаў гучала якраз за палітычныя рэформы, якія, на іх думку, ставілі пад пагрозу існаваньне СССР.

За колькі месяцаў да таго, у канцы лістапада – на пачатку сьнежня 1990 году, прайшоў XXXI зьезд КПБ.

Пра зьезд камуністаў я ведаў ня толькі з газэтаў – бо дэлегатам гэтага, апошняга для КПБ-КПСС зьезду, быў і мой бацька, які займаў тады пасаду сакратара Віцебскага абкаму.

На тым зьезьдзе бацька быў адным зь нешматлікіх дэлегатаў, якія размаўлялі па-беларуску. Ён уваходзіў у лік дэлегатаў, якія вылучылі дзьве ініцыятывы. А менавіта – прыняць асобны ад КПСС статут кампартыі Беларусі і абраць першым сакратаром ЦК Уладзімера Бровікава (Бровікаў калісьці быў рэдактарам газэты “Віцебскі рабочы” і потым зрабіў імклівую партыйную кар’еру – сакратар абкаму, другі сакратар ЦК КПБ, старшыня Савету міністраў БССР. Пазьней разышоўся ў поглядах з Гарбачовым і трапіў у апалу).

Пасьля прапановы наконт Бровікава мяне паклікаў на канфідэнцыйную размову дэлегат зьезду і мой “шэф” па камісіі ў пытаньнях галоснасьці і правоў чалавека Іван Каратчэня, які падтрымліваў Малафеева:

“Раскажы мне, у чым тут падвох? Адкуль узьнік Бровікаў? Ён сябра твайго бацькі? Чаго яны хочуць?”

Я сказаў Каратчэню, што ўпершыню чую пра такую ідэю і што да бацькавых партыйных спраў ніякага дачыненьня ня маю і мець не хачу, што мне ў прынцыпе абсалютна ўсё роўна, хто стане першым сакратаром ЦК – фінал будзе аднолькавы.

Здаецца, Каратчэня мне не паверыў.

Увогуле, яшчэ і сёньня ў мяне пытаюцца (а дваццаць гадоў таму пыталіся ці ня кожны дзень) пра адносіны з бацькам. У той час мне нават даводзілася чытаць у шавіністычных газэтках (і менскіх, і маскоўскіх), што бацька з сынам занялі розныя палітычныя пазыцыі, каб выйграць пры любым разьвіцьці падзеяў – і ў выпадку перамогі камуністаў, і пры трыюмфе БНФ.

Тое, што ў Коласаўскім тэатры ў 1970-я ўсё ж паставілі караткевічаўскія “Званы Віцебску”, а затым і “Кастуся Каліноўскага”, у немалой ступені бацькава заслуга. ..
Вядома, нічога падобнага не было. Бацька вельмі хваравіта ўспрыняў маю далучанасьць да БНФ, яшчэ з моманту ўстаноўчага сходу ў Чырвоным касьцёле. А да гэтага – удзел у “нефармальным руху”. Пры гэтым ён ніколі не папракаў мяне нацыяналізмам (яго самога лічылі, і абсалютна справядліва, “нацыянал-камуністам”; ён быў у добрых адносінах зь пісьменьнікамі – з Быкавым, Барадуліным, Караткевічам, Бураўкіным, і тое, што ў Коласаўскім тэатры ў 1970-я ўсё ж паставілі караткевічаўскія “Званы Віцебску”, а затым і “Кастуся Каліноўскага”, у немалой ступені ягоная заслуга. У 1989 годзе, яшчэ сакратаром абкаму, быў адным з сузаснавальнікаў ТБМ). Але мая антыкамуністычная пазыцыя выклікала ў бацькі непрыманьне. Зьяўляючыся ў свой час самым маладым у Савецкім Саюзе сакратаром абкаму, прабыўшы амаль два гады ў Кабуле ў якасьці дарадцы ЦК КПСС і атрымаўшы за гэта ордэн і асабістую падзяку Гарбачова – ён, безумоўна, меў цудоўную кар’ерную пэрспэктыву. Пэрспэктыву, якую перакрэсьліў уласны сын. Да таго ж, з пачатку барацьбы супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС пэўныя асобы паспрабавалі падключыць бацьку да кампаніі супраць мяне (літаральна падобнае адбывалася ў той самы час зь Вінцуком Вячоркам, але, як і бацька Вячоркі, мой бацька адмовіўся ўдзельнічаць ў цкаваньні). Скончылася тым, што ў пачатку 1989 году Генадзь Бураўкін сказаў, што паколькі ні бацька, ні я мяняць сваіх пазыцыяў не зьбіраемся, дык лепш было б мне паехаць зь Віцебску. Бураўкін знайшоў мне месца ў часопісе “Вожык” – праўда, бязь менскай прапіскі. Гэтаксама, без прапіскі, ужо жыў у сталіцы і Ўладзя Арлоў.

Увогуле, становішча “сына начальніка” часамі стварала для мяне пэўны псыхалягічны дыскамфорт – я вучыўся ня ў "спец", а ў самай звычайнай "пралетарскай" школе; хаця ніхто з аднакласьнікаў за дзесяць гадоў ніколі ні словам ня даў мне ведаць, што я "ня свой". Ды і бацькі выхоўвалі ва ўмовах калі не спартанскіх, дык і не цяплічных - калі пасьля восьмай клясы я папрасіў купіць прайгравальнік, маці напоўніцу скарыстала сваё службовае становішча выкладчыцы педінстытута і ўладкавала мяне на лета у будатрад - "зарабляй сам". Пазьней тэма "бацькоў і дзяцей" перайшла ў плоскасьць чыста палітычную, але, калі ў жніўні 1991 году КПСС спыніла сваё існаваньне, я адчуў вялікую палёгку яшчэ і з гэтай прычыны.

Адказ парадаваў: “Я не прыняў бы ад Лукашэнкі ўзнагарод”.
(Пасьля жніўня 1991-га бацька нейкі час наведваў сходкі кампартыі, потым перастаў – не прыняў выразнай шавіністычнай, антыбеларускай пазыцыі. З 1997-га і да гэтага часу – старшыня Віцебскага абласнога ТБМ, у 1999 годзе быў адным з намесьнікаў (разам з Таразевічам) старшыні ЦВК Ганчара на “альтэрнатыўных” прэзыдэнцкіх выбарах. Днямі я спытаўся, ці ня крыўдна, што ён, маючы, як ніхто іншы ў Беларусі, самае непасрэднае дачыненьне да фармаваньня рашэньня аб вывадзе савецкіх войскаў з Аўганістану, не атрымаў зацьверджаных Лукашэнкам мэдалёў у гонар спачатку 10-і, а потым і 20-і гадоў вываду войскаў. Адказ парадаваў: “Я не прыняў бы ад Лукашэнкі ўзнагарод”).

Што да ініцыятывы вылучэньня Бровікава першым сакратаром ЦК, дык ён не набраў належнай колькасьці галасоў (Празь нейкі час, у траўні 1991-га, Бровікаў за рулём сваёй “Волгі” падвозіў нашу невялікую віцебскую дэлегацыю, што накіроўвалася ў Францыю, з маскоўскага Беларускага вакзалу ў Шарамецьева. Між іншым Бровікаў расказваў, што менавіта яму як 2-у сакратару ЦК КПБ давялося паведаміць Брэжневу пра гібель Машэрава. Брэжнеў плакаў у тэлефонную трубку і мацюкаўся – што, трэба прызнаць, разыходзіцца з кансьпіралягічнай вэрсіяй аб зацікаўленасьці генсека ў сьмерці Машэрава).

Не прайшла на зьезьдзе і прапанова аб уласным статуце КПБ. Большасьць дэлегатаў зьезду палічыла, што такі статут паставіць пад сумнеў непарушную еднасьць камуністычнай партыі Савецкага Саюзу і, барані Божа, выкліча падазрэньні ў сэпаратызьме. Празь некалькі месяцаў камуністы кусалі локці – яны не маглі абскардзіць забарону КПБ-КПСС, бо адсутнасьць уласнага статута рабіла іх усяго толькі філіялам маскоўскай арганізацыі, якая спыніла існаваньне. Хаця зразумела, што той партыі не ўратавалі б і самыя дасканалыя статуты.

Ужо наколькі першы сакратар ЦК Яфрэм Сакалоў здаваўся дагматыкам, але абраны ў часе зьезду новы лідэр Анатоль Малафееў выглядаў ідэалягічным выкапнем. З усіх магчымых кандыдатур камуністы абралі найгоршы, і на сэсіі ВС у жніўні гісторыя адвядзе Малафееву камічную ролю: мы згонім яго з трыбуны, ня даўшы сказаць ні слова.

Першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў разам зь Міхаілам Гарбачовым у Гомельскай вобласьці. Люты 1991 г.

Але выказваньне Малафеева пра захаваньне Саюзу (“Нацыі патрэбны новы Саюзны дагавор, падпісаны на новай, дэмакратычнай аснове”) на камуністычным зьезьдзе было, бадай, найбольш лагодным у параўнаньні з імпэтнымі заклікамі, якія гучалі ад іншых прамоўцаў.

“Мы мяркуем, і ў палітычным, і ў ідэалягічным сэнсе неабходна называць Саюз як Саюз Савецкіх Сацыялістычных Сувэрэнных Дзяржаў. Тым самым будуць падкрэсьлены тры асноўныя моманты: захаваньне савецкай улады, сацыялістычнага ладу на тэрыторыі краіны, самастойнасьці саюзных дзяржаў” (Сакалоў, першы сакратар ЦК КПБ).

“Цяжка зразумець сёньня людзей, народных дэпутатаў, якія катэгарычна выступаюць за абсалютызацыю сувэрэнітэту нашай рэспублікі, патрабуюць выхаду яе са складу Саюзу. Што гэта – бяспамяцтва, авантурызм або прыступы нацыяналізму?” (Чарнышоў, мэханізатар калгасу імя XXI зьезду КПСС Талачынскага раёну).

“Аформілася, усё гучней заяўляе пра сябе і антыкамуністычная апазыцыя. Мэты яе добра вядомыя: адціснуць на абочыну палітычнага жыцьця Кампартыю Беларусі, вывесьці рэспубліку са складу Саюзу СССР…Мы павінны выкарыстаць увесь свой уплыў, каб адстаяць абноўлены Саюз Савецкіх Рэспублік” (Дземянцей, старшыня Вярхоўнага Савету БССР).

“Мяркую, сапраўдны сувэрэнітэт немагчымы па-за межамі Саюзу” (Грыгор’еў, першы сакратар Віцебскага абкаму КПБ).

“Лідэры БНФ вядуць адкрытую барацьбу за ўладу, ліквідацыю сацыялістычнага ладу, за выхад БССР са складу Савецкага Саюзу..."
“Лідэры БНФ вядуць адкрытую барацьбу за ўладу, ліквідацыю сацыялістычнага ладу, за выхад БССР са складу Савецкага Саюзу…Мы заклікаем вас маналітна выступаць у абарону найважнейшых заваёваў сацыялізму, за сяброўства савецкіх народаў, за адзіны і непарушны Саюз сувэрэнных сацыялістычных рэспублік” (Маласай, старшыня Маскоўскага раённага савету вэтэранаў вайны і працы Менску).

“Камуністы ня бачаць пэрспэктыў БССР па-за Саюзам. Прапаную даць даручэньне нашым дэпутатам у Вярхоўным Савеце выступіць з ініцыятывай аб правядзеньні ў рэспубліцы рэфэрэндуму па пытаньнях аб уваходжаньні ў новы саюз” (Вялічка, парторг гарадзенскага заводу “Радыёпрыбор”).

“Чаму пры абмеркаваньні найважнейшага для лёсаў рэспублікі і яе грамадзянаў пытаньня аб сувэрэнітэце выбаршчыкі чулі у асноўным толькі меркаваньне Пазьняка і кампаніі, а партыйная група народных дэпутатаў БССР палічыла за лепшае заставацца маўклівай большасьцю?” (Місуна, першы сакратар Менскага гаркаму КПБ).

Акрамя вышэйцытаваных прамоўцаў, на зьезьдзе КПБ выступілі старшыня Саўміну Кебіч, старшыня КДБ Шыркоўскі, камандуючы Чырванасьцяжнай Беларускай вайсковай акругай генэрал Кастэнка. Усе яны былі абраныя ў склад ЦК, як і старшыня Дзяржтэлерадыё, і рэдактары шматтыражных газэт, і падтрымалі галоўную праграмную мэту КПБ – захаваньне камуністычнай улады і захаваньне Саюзу.

Камуністы хадзілі па Вярхоўным Савеце, узьняўшы галовы.
Пазыцыі камуністаў умацаваў, як тады здавалася, і рэфэрэндум аб захаваньні СССР – натуральна, дзяржаўная прапаганда замоўчвала, што на тэрыторыі БССР яго легітымнасьць была пастаўленая ад сумнеў.

Камуністы хадзілі па Вярхоўным Савеце, узьняўшы галовы. Нядаўні выступ Гарбачова ў Акадэміі навук, які камуністы ўспрынялі як пакаяньне генсека за “непрадумана пачатую перабудову” і вяртаньне да сацыялістычных ідэалаў (і, трэба сказаць, збольшага ўспрынялі правільна), канчаткова пераканаў іх у непазьбежнасьці паразы ідэяў БНФ.

Вось у такіх умовах БНФ сабраўся на свой другі (або “першы неэміграцыйны”, бо папярэдні былі вымушаныя праводзіць у Вільні) зьезд.

“У нас ёсьць ўсё, няма толькі свабоды і Незалежнасьці”

Увогуле, удзельнікі зьезду маглі б ганарыцца тым, што ўдалося Народнаму фронту за два гады з моманту заснаваньня.

“Неаспрэчныя вынікі дзейнасьці БНФ – разбурэньне сьцяны маўчаньня, сакрэтнасьці і нават непрыхаванай хлусьні, пабудаванай вакол чарнобыльскай зоны, канкрэтныя захады па зьмякчэньні вынікаў катастрофы... Дзейнасьць Фронту стымулявала пачатак фармаваньня грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці стварэньне сапраўднай шматпартыйнасьці ў рэспубліцы. Пашыраліся ідэі свабоды і Незалежнасьці Беларусі”, – пісаў у тыя дні ў “ЛіМе” Андрэй Ганчароў.

Аднак лідэр БНФ Зянон Пазьняк зьвярнуўся да адказу на пытаньні, якія задавалі сабе многія актывісты Фронту. У Літве “Саюдзіс” практычна цалкам кантралюе Вярхоўны Савет і ўрад, у Латвіі прэм’ерам стаў актывіст Народнага фронту; у Польшчы перамог Валэнса, у Чэхаславаччыне – Гавэл. Калі чакаць пераменаў у Беларусі?

У грамадзтве нацыянальнай, культурнай аморфнасьці і сацыяльных страсьцей няма ідэй, якія маглі б усіх аб’яднаць.
“Чаму Беларускі народны фронт за больш чым два гады існаваньня ня стаў усеагульным масавым народным рухам, не дасягнуў такіх посьпехаў, як, скажам, народныя франты ў Прыбалтыцы? – задаваўся пытаньнем з трыбуны Зянон Пазьняк. – У Беларускай рэспубліцы на сёньняшні дзень ніякі грамадзкі рух яшчэ ня можа стаць масавым. Мы назіраем толькі масавую паслухмянасьць Маскве і начальству. Гэта тлумачыцца амаль поўным зьнішчэньнем грамадзянскай супольнасьці ў рэспубліцы і нізкім узроўнем нацыянальнай сьвядомасьці насельніцтва. Такі стан узьнік з-за антынароднай палітыкі камуністычных уладаў на Беларусі, накіраванай на працягу доўгіх дзясяткаў гадоў на вынішчэньне беларускай культуры, мовы, гісторыі, рэлігіі, традыцый, найлепшых прадстаўнікоў нацыі, на вынарадаваньне і русіфікацыю людзей... Такое насельніцтва ня здольнае на калектыўныя дзеяньні, на выжываньне і разьвіцьцё ў пэрыяды сацыяльных навальніц, экалягічных і грамадзкіх катастроф. Што нам яскрава засьведчылі перабудова, Чарнобыль, нядаўні гарбачоўскі рэфэрэндум і іншыя падзеі. У грамадзтве нацыянальнай, культурнай аморфнасьці і сацыяльных страсьцей няма ідэй, якія маглі б усіх аб’яднаць. Вось чаму Беларускі народны фронт называецца “Адраджэньне”. Пакуль ня будзе адроджана здаровая жыцьцёвая аснова, што аб’ядноўвае людзей у культурны народ, кансалідацыя грамадзтва немагчымая. Без культурна-нацыянальнай кансалідацыі народу немагчымая свабода. А без свабоды нядзейсныя ніякія эканамічныя рэформы…”

Калі прыбраць з тэксту некаторыя тагачасныя актуаліі – формула выглядае ўнівэрсальнай і адказвае на шмат якія сёньняшнія пытаньні. Тады, у 1991-м, БНФ не адступіўся ад ідэі выхаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці, і мы разумелі, што працэс запатрабуе вялікіх высілкаў і можа заняць шмат часу. Але былі і надзённыя мэты, якія патрабавалася вырашаць як найхутчэй. І першая зь іх – Незалежнасьць.

Дасягненьне свабоды і сувэрэнітэту Беларусі – найважнейшая задача нашага пакаленьня...
“У нас цудоўная прыўкрасная краіна, працавіты добры народ. Мы маем рукі і розум, разьвітую навуку і прамысловасьць, навуковыя кадры і спэцыялістаў, маем ворныя землі і пэўныя прыродныя рэсурсы. У нас ёсьць усё, каб жыць добра. Няма толькі свабоды і Незалежнасьці. Дасягненьне свабоды і сувэрэнітэту Беларусі – найважнейшая задача нашага пакаленьня... Таму сувэрэнітэт у нашым змаганьні павінен быць першасным, антыкамунізм – другасным”, – прапанаваў Пазьняк.

Камуністычная партыя была асноўнай палітычнай перашкодай у дасягненьні Незалежнасьці. Мы, дэпутаты, добра адчувалі гэта на сэсіях ВС, калі нашы папраўкі ў законапраекты, вынесеныя з мэтай умацаваньня сувэрэнітэту, блякаваліся парлямэнцкай камуністычнай большасьцю простым галасаваньнем; камуністы звычайна нават не абцяжарвалі сябе аргумэнтацыяй.

І вось тут да месца згадаць аналітычную запіску ЦК.

З. Пазьняк заклікае не судзіць усіх членаў КПСС-КПБ аднолькава. Некаторыя вымушаныя былі стаць членамі гэтай злачыннай арганізацыі ў сілу розных акалічнасьцяў
“З. Пазьняк правёў аналёгію паміж камуністычнай і фашысцкай ідэалёгіяй: калі быў асуджаны фашызм, пачалося маральнае адраджэньне нямецкага народу; да таго часу, пакуль ня будзе асуджаная дзейнасьць КПСС-КПБ, маральнае аднаўленьне беларускага народу немагчымае…Нельга не заўважыць, што антыкамунізм З.Пазьняка ня толькі грубы і агрэсіўны, але і (на жаль) прымітыўны, што, зрэшты, не перашкаджае яго распаўсюджваньню (ня вельмі высокі ўзровень палітычнай культуры насельніцтва – але гэта, хутчэй, наша “заслуга”)…З. Пазьняк заклікае не судзіць усіх членаў КПСС-КПБ аднолькава. Некаторыя вымушаныя былі стаць членамі гэтай злачыннай арганізацыі ў сілу розных акалічнасьцяў, у тым ліку і намэнклятурных. Таму БНФ павінен аддзяляць юрыдычную адказнасьць партыі ад адказнасьці індывідыюма. Адсюль і развагі пра “падвойнае” сяброўства: калі камуніст прыходзіць у БНФ, значыць, ён ня згодны з таталітарызмам. Другі ягоны крок – выхад з КПСС-КПБ”.

Аналітычная запіска ЦК КПБ пра II зьезд БНФ

Заўважым, што аналітык ЦК прызнаў адказнасьць кампартыі за нізкую палітычную культуру насельніцтва (двурушнасьць: на сустрэчах у заводзкіх цэхах члены парткамаў нам крычалі “Хопіць вам на сэсіі палітыкі! Спыніце палітыканства! Займіцеся эканомікай!”). Заўважым, што вызначэньне кампартыі як злачыннай арганізацыі ў дакумэнце ЦК КПБ падаецца без двукосься (памылка машыністкі?). Але больш прыкметна іншае: у запісцы зьвяртаецца ўвага на тое, што лідэр БНФ прапануе “аддзяляць юрыдычную адказнасьць партыі ад адказнасьці індывідыюма”, іншымі словамі, гаворка не ідзе пра суд над кожным камуністам. (Дакладна выказваньне Пазьняка гучала так: “Трэба даць магчымасьць звычайным людзям зрабіць выбар і пакінуць КПСС, а не ствараць сабе ворагаў там, дзе могуць быць сябры”). І кіраўніцтва кампартыі цудоўна ведала гэта, аднак з экранаў БТ, у газэтах, на сходах людзей палохалі тым, што “Пазьняк заклікае судзіць камуністаў”.

“У праграме-мінімум два асноўныя кампанэнты, – адзначаў аналітык ЦК, – па-першае, дасягненьне сувэрэнітэту, па-другое, антыкамунізм. Узаемасувязь гэтых элемэнтаў тлумачыцца З. Пазьняком без мудрагелістасьці: ліквідацыя СССР прывядзе да ліквідацыі ўлады камуністаў, а антыкамунізм – найлепшы сродак разбурэньня Саюзу”.

Тэзіс Пазьняка аналітыкам ЦК пераказаны дакладна, і слушнасьць яго будзе даказаная ўжо празь некалькі месяцаў у тым самым 1991 годзе.

“… Гісторыя дала нам апошні шанец”

“Я за тое, каб Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Міхаіл Савіцкі, Іван Чыгрынаў, Рыгор Барадулін, Ігар Лучанок, Ніл Гілевіч, Заір Азгур і ўсе іншыя майстры нашай культуры сталі добрымі дарадчыкамі нашага ЦК”, – выказаў на XXXI зьезьдзе КПБ пажаданьне сакратар Віцебскага абкаму Ўладзімер Грыгор’еў.

Чыгрынаў, Лучанок, Шамякін сталі паўнамоцнымі членамі ЦК КПБ.

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін прыйшлі на зьезд БНФ, а Быкаў выступіў зь вітальным словам:

Мы павінны выразна сабе ўсьвядоміць, што гісторыя дала нам апошні шанец, і ажыцьцявіць яго суджана цяперашнім пакаленьням.
“… Я ўжо гаварыў некалі пра нашу моладзь, можа, самую дэпалітызаваную і дэнацыялізаваную ў сьвеце, якой камсамол за шмат год прышчапіў устойлівую агіду як да нацыянальнай культуры, так і да ўсякай палітыкі. Тым большы гонар тым нашым грамадзянам зь ліку сялян, рабочых, творчай і навуковай інтэлігенцыі, якія па закліку сваіх, не да рэшты счарсьцьвелых сэрцаў успомнілі, што, апроч абавязкаў камуніста, сямейніка, дзеяча культуры ці навукі, ёсьць яшчэ высокі абавязак перад Богам і Справядлівасьцю. І здалі свае партбілеты, і ахвяравалі кар’ерай, і паўсталі перад вялікай страхавітай няпэўнасьцю дзеля барацьбы за народ і рэспубліку. Для іх сувэрэнітэт нацыі не пустая папяровая дэклярацыя – яна для іх зорка надзеі. Бо сусьветны вопыт, бадай, кожнай нацыі красамоўна сьведчыць, што наладзіць жыцьцё па справядлівасьці магчыма толькі ў межах цеснай суполкі – сям’і, роду, нацыі, згуртаваных на адзінстве веры, мовы, культуры, узроўню цывілізаванасьці. Няўклюдныя, стракатыя імпэрыі амаль усе рухнулі, дый наша дажывае апошнія дні…Цяпер сапраўды пытаньне стаіць так: ці ўратавацца паасобку, ці праваліцца ў тартарары ўсім разам. Зрабіць гэта ў маштабах імпэрыі, здаецца, магчыма з найбольшым посьпехам…Наш БНФ, ня грэбуючы ніводнай рысай сучаснага эўрапейскага дэмакратызму, зусім ня супраць жыцьцёвых інтарэсаў іншых нацый ці нацыянальных меншасьцяў. Але ён – за сябе, за Беларусь, за вольнае разьвіцьцё яе народу ў сям’і цывілізаваных народаў сьвету. Мы павінны выразна сабе ўсьвядоміць, што гісторыя дала нам апошні шанец, і ажыцьцявіць яго суджана цяперашнім пакаленьням. Ці мы яго нарэшце ажыцьцявім, ці нацыя разьвітаецца з тою ідэяй навек, каб самой бязь сьледу зьнікнуць зь зямлі…

...ў гэтым, вядома, найбольшая заслуга кіраўніцтва Фронту, старшыні Сойму Зянона Пазьняка ды ягоных найбліжэйшых паплечнікаў. Іхнія высілкі, безумоўна, ужо ляглі ў гісторыю Беларусі
Чалавецтва і Беларусь маюць вялікую надзею на БНФ, яго выпрабаванае кіраўніцтва…Ім ужо набыты пэўны і немалы палітычны капітал, тое прызнаюць ягоныя сябры, таксама як і ягоныя ворагі. І ў гэтым, вядома, найбольшая заслуга кіраўніцтва Фронту, старшыні Сойму Зянона Пазьняка ды ягоных найбліжэйшых паплечнікаў. Іхнія высілкі, безумоўна, ужо ляглі ў гісторыю Беларусі, незалежна ад таго, як гэтая гісторыя паверне ў хуткім часе і чым скончыцца. Праўда, ня ўсім да спадобы нібыта радыкалізм Пазьняка, які, можа, і ўласьцівы гэтаму, безумоўна, выдатнаму сыну нашага занядбанага народу. Але я сказаў бы, што менавіта ў палітычнай выразнасьці – найбольшая вартасьць Народнага фронту. У спалучэньні зь некаторымі іншымі асабістымі якасьцямі Зянона Станіслававіча тое – сьведчаньне яго грамадзянскай бескампраміснасьці, ідэйнай прынцыповасьці і патрыятызму. Дай яму Бог захаваць тыя якасьці як мага даўжэй, на карысьць справядлівасьці і Беларусі. Таму – жыве Беларусь!”

Словы Быкава пра Пазьняка ўспрымаліся ў той час як датычныя ня толькі яго, але і ўсяго Фронту.

Васіль Быкаў сярод дэлегатаў II зьезду БНФ


Другі зьезд зьняў у назьве арганізацыі – “Беларускі народны фронт за перабудову “Адраджэньне” – словы “за перабудову”. Зьезд вызначыў мэты, дыямэтральна процілеглыя тым, якія раней абвясьціў зьезд КПБ – дэкамунізацыю і Незалежнасьць, і менавіта ў гэтым шмат каму бачыўся радыкалізм.

Тады, вясной 1991-га, Незалежнасьць здавалася або вельмі далёкай пэрспэктывай (справай “не цяперашніх пакаленьняў”), або нечым зусім непатрэбным і шкодным.

Ці, як Станіславу Шушкевічу, – жартам:

"
На XXXI зьезд КПБ Шушкевіч прыйшоў, нашага, фронтаўскага зьезду, не наведаў.
Шушкевіч: БНФу ж ніколі не падабалася, што я за справядлівы Саюз. Вы за тое, каб мы былі незалежныя. Я лічу гэта амаль што жартам. Я быў і застаюся прыхільнікам Саюзу, асабліва падкрэсьліваю – справядлівага Саюзу” (Навіны БНФ, 12 чэрвеня 1991 г.).

На XXXI зьезд КПБ Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч прыйшоў, нашага, фронтаўскага зьезду, не наведаў.

II зьезд БНФ: у прэзыдыюме Лявон Баршчэўскі, Васіль Быкаў, Міхась Ткачоў, Юры Хадыка, Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў

Вясной 1991-га нашыя пазыцыі ў стаўленьні да Незалежнасьці і “абноўленага саюзу” з Шушкевічам, які стаў народным дэпутатам спачатку СССР, а потым і БССР, а пазьней і першым намесьнікам старшыні ВС пры падтрымцы БНФ, – разышліся. Не знайшоўшы прыхільніка ў ягонай асобе, нам заставалася спадзявацца толькі на саміх сябе. І на народ.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG