Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады кажуць Эўразьвязу: «Мы ўжо зьмякчылі, давайце таргавацца»


Чаму ўлады пайшлі на зьмякчэньне абвінавачаньня некаторым фігурантам справы 19 сьнежня? Чаму ў сьпісах тых, каму зьмененае абвінавачваньне, няма прозьвішчаў Саньнікава, Севярынца, Статкевіча і Халіп? Ці можна цяпер прагназаваць апраўдальныя прысуды ўдзельнікам падзеяў 19 сьнежня?

На гэтыя пытаньні адказваюць адзін зь фігурантаў справы, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў
Андрэй Дзьмітрыеў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Зь якіх прычын улады пайшлі на зьмякчэньне абвінавачаньня некаторым удзельнікам падзеяў 19 сьнежня? Ці можна сказаць, што тут паўплывалі санкцыі ЗША і Эўразьвязу? Ці варта разьлічваць, што сцэнар прысудаў фігурантам справы 19 сьнежня мяняецца?

Дзьмітрыеў: Можна адзначыць, што пазыцыя ЗША і Эўразьвязу — важны чыньнік у дзеяньнях улады. Але таксама ёсьць унутраная рэакцыя ў краіне, якая для ўладаў важная. Таксама можна адзначыць і пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне, і тое, што зьменшыўся эмацыйны фон — няма тых эмоцыяў, што панавалі яшчэ месяц таму. Я лічу, што нейкага распрацаванага сцэнару ва ўлады няма, а ёсьць крокі, якія робяцца з тых ці іншых сёньняшніх абставінаў.
Калі паўстала пагроза, што і Эўразьвяз нібыта гатовы ўвесьці эканамічныя санкцыі, улады пайшлі на зьмякчэньне.

Чавусаў: Я пагаджуся з тым, што асноўнае, чаго ўлада баіцца, — гэта замежны эканамічны ціск. І калі паўстала пагроза, што і Эўразьвяз нібыта гатовы ўжыць жорсткія эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму, улады пайшлі на зьмякчэньне. Значэньне тут мае ня сам факт зьмены абвінавачаньня, а тое, што ўлады гатовыя ісьці на торг. І яны ўжо заяўляюць, што торг пачаўся — «мы ўжо зьмякчылі, давайце таргавацца». Але выглядае, што Эўразьвяз ня хоча ўступаць у гэты працэс гандлю палітвязьнямі.

Я таксама пагаджуся, што першапачаткова канкрэтнага сцэнару не было. Але зараз унутраны чыньнік, якія ўплывае на разгортваньне гэтай справы, — гэта ведамасны інтарэс спэцслужбаў: КДБ, МУС ды іншых. Гульня вакол гэтай крымінальнай справы — гэта гульня спэцслужбаў.

Цыганкоў: Нагадаю, што новае, мякчэйшае абвінавачаньне было выстаўлена Ўладзімеру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазьняку, Андрэю Дзьмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Насьце Палажанцы. Але чаму ў гэтых сьпісах няма прозьвішчаў Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча і Ірыны Халіп? Ці хоча гэтым улада падзяліць абвінавачаных на розныя катэгорыі, пасварыць апазыцыю?

Дзьмітрыеў: Па-першае, я спадзяюся, што гэты сьпіс можа пашырыцца.

Я думаю, тут некалькі чыньнікаў. Першае — гэта асабістае нэгатыўнае стаўленьне да кагосьці. Нэгатыў, які ўлада мае да Саньнікава ці Статкевіча, пануе пры прыняцьці такіх рашэньняў. Па-другое, так, ёсьць спроба пасварыць апазыцыю паміж сабой. Але я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Тут толькі зьмякчэньне абвінавачваньня, але нават па новым артыкуле можна атрымаць тры гады.
Гэтае зьмякчэньне ня можа быць прычынай перагляду пазыцыяў дэмакратычнай супольнасьці.
І гэтае зьмякчэньне ня можа быць прычынай перагляду пазыцыяў дэмакратычнай супольнасьці, бо гэта толькі імітацыя.

Чавусаў: Сьледчыя органы будуць больш жорстка ставіцца да Статкевіча і Саньнікава, якія рабілі сваю кампанію на крытыцы пэрсоны дыктатара. Зь іх будуць маляваць галоўных ворагаў, асноўных вінаватых.

Зь іншага боку, імкненьне пасварыць апазыцыю, безумоўна, праглядаецца. Тое, што нехта будзе задаволены зьмякчэньнем, а хтосьці будзе казаць, што яны не сапраўдныя апазыцыянэры — на гэта, магчыма, робіцца стаўка ўладамі. Але я перакананы, што гэты разьлік марны. У Беларусі апазыцыя зараз як ніколі яднаецца перад пагрозай рэпрэсіяў.

Цыганкоў: Эўразьвяз, ЗША і беларуская апазыцыя цьвёрда стаяць на патрабаваньні, што ўсе ўдзельнікі падзеяў 19 сьнежня павінны быць вызваленыя. Ці можна цяпер прагназаваць апраўдальныя прысуды ўдзельнікам падзеяў 19 сьнежня?

Дзьмітрыеў: Я ня думаю, што да гэтага можа дайсьці. Бо ўладзе трэба паказаць, што ёсьць нейкія крокі, за якія заўсёды будзе пакараньне. І няважна, хто абараняе — Эўразьвяз, ЗША ці Расея. Мяркую, гэта будзе вырашацца ў кожным канкрэтным выпадку, зыходзячы з сытуацыі.

Пакуль судзілі людзей, чыя прозьвішчы невядомыя шырокім колам грамадзтва. Але хутка пачнуцца працэсы над кандыдатамі ў прэзыдэнты, і тут ужо будзе вельмі складана зрабіць выгляд, што яны нейкія злачынцы. Мяркую, улады будуць імкнуцца маніпуляваць гэтымі магчымымі тэрмінамі.
Рэжым будзе імкнуцца хоць нейкім чынам вярнуць магчымасьць перамоваў з Захадам.


Чавусаў: Паўтаруся, я ўспрымаю гэты крок уладаў як прапанову Эўразьвязу ўступіць у торг. Улада паказвае, што магчымыя нават і ўмоўныя прысуды ці прысуды да «хіміі» альбо штрафы, як мы бачылі на прыкладзе расейскіх грамадзянаў.

Адносна таго, ці стануць гэтыя крымінальныя справы пунктам усеагульнай грамадзкай увагі, у мяне ёсьць вялікі сумнеў. Досьвед суду над кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным паказвае, што гэта не ўскалыхнула ўсё грамадзтва.

Але цяпер сытуацыя зьмянілася ў кірунку большага расейскага ўплыву ў Беларусі. Таму ўлады карэктуюць сваю стратэгію, імкнучыся выкарыстаць абвінавачаных на перамовах з Захадам, бо — нельга ляцець на адным крыле. Існуе рэальная пагроза для беларускага сувэрэнітэту — безабароннасьць перад расейскім уплывам. Таму рэжым будзе імкнуцца хоць нейкім чынам вярнуць магчымасьць перамоваў з Захадам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG