Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: закрыцьцё офісу АБСЭ — страта для грамадзянскай супольнасьці Беларусі


Аўдронюс Ажубаліс

Аўдронюс Ажубаліс

Старшыня АБСЭ, кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў жаль з нагоды закрыцьця прадстаўніцтва арганізацыі ў Менску.

Ажубаліс адзначае, што прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску "сваёй дапамогай і парадамі ўнесла значны ўклад у (…) выкананьне абавязаньняў па сяброўстве ў АБСЭ і стварэньні грамадзянскай супольнасьці. Яно таксама дапамагала краіне вырашаць экалягічныя праблемы пасьля Чарнобыльскай катастрофы і падавала дапамогу ў вырашэньні іншых важных пытаньняў".

Паводле слоў Ажубаліса, застаецца толькі шкадаваць, што беларускія ўлады вырашылі не падаўжаць мандат прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску. "Таму важныя ініцыятывы і праекты застаюцца няскончанымі, а грамадзянская супольнасьць у Беларусі пазбаўляецца каштоўнага ўдзельніка дыялёгу".

Ён дадаў, што АБСЭ працягне працу зь Беларусьсю ў межах абавязаньняў, якія існуюць: Літва, "якая старшынюе ў АБСЭ, працягне дыпляматычныя намаганьні і будзе праводзіць шчыльныя кансультацыі зь беларускімі ўладамі ў справе аднаўленьня дзейнасьці АБСЭ ў краіне", перадае Інтэрфакс.

31 сакавіка ў Менску спыніў сваю дзейнасьць офіс Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

Місія АБСЭ працавала ў Беларусі ад 1998 году. Рашэньне закрыць офіс было прынятае беларускімі ўладамі ў канцы 2010 году.

31 сьнежня прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандар Сычоў праінфармаваў сябраў сталай рады АБСЭ пра рашэньне афіцыйнага Менску не падаўжаць мандат офісу арганізацыі ў сувязі з "адсутнасьцю аб'ектыўных падставаў для захаваньня місіі".
XS
SM
MD
LG