Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Кэтрын Эштан: Зьмякчэньне абвінавачаньняў не паўплывала на пазыцыю ЭЗ


Зьмякчэньне абвінавачаньняў шэрагу фігурантаў па справе 29 студзеня не паўплывала на пазыцыю Эўразьвязу.

"Пазыцыя Эўразьвязу з нагоды сытуацыі ў Беларусі вельмі ясная і застаецца бязь зьменаў", – заявіла Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

Кацыянчыц нагадала пра патрабаваньні ЭЗ да беларускіх уладаў "аб неадкладным і безумоўным вызваленьні і рэабілітацыі ўсіх, хто быў затрыманы з палітычных матываў".

Паводле яе слоў, у залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі ЭЗ "гатовы разгледзець новыя адрасныя меры ўва ўсіх галінах супрацоўніцтва".

Часовы павераны ў справах Эўразьвязу ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль 30 сакавіка заявіў БелаПАН: "Калі абвінавачаньні зьмякчыліся, то гэта добрыя навіны". Разам з тым ён таксама запатрабаваў вызваленьня і рэабілітацыі абвінавачаных з палітычных матываў.

Сьледчае ўпраўленьне папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму 30 сакавіка зьмяніла абвінавачаньне Сяргею Вазьняку, Андрэю Дзьмітрыеву, Уладзімеру Някляеву, Анастасіі Палажанцы, Віталю Рымашэўскаму і Аляксандру Фядуту.

Яны цяпер абвінавачваюцца ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 КК (арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — тры гады пазбаўленьня волі. Раней ім было выстаўлена абвінавачаньне па частках 1 і 2 артыкулу 293 КК (масавыя непарадкі). Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG