Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліквідатарам у Калінкавічах няма памяшканьня


Васіль Сіліверст

Васіль Сіліверст

У Калінкавічах мясцовыя ўлады не даюць памяшканьня чарнобыльскім ліквідатарам, каб правесьці сход з нагоды 25-х угодкаў катастрофы на ЧАЭС.

"Была папярэдняя дамоўленасьць, што такі сход мы правядзем 17 красавіка ў ДК чыгуначнікаў. Але ўрэшце нам адмовілі. Мы меліся запрасіць на сход спэцыялістаў Цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека і Рэспубліканскай экспэртнай рады вызначэньня прычыннай сувязі захворваньняў з наступствамі чарнобыльскай катастрофы", — кажа сябра рады сацыяльна-экалягічнага аб’яднаньня "Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў", інвалід II групы Васіль Сіліверст.

"Я як вайсковы ліквідатар, афіцэр запасу, зьвяртаўся таксама ў ваенкамат, каб там правесьці сход. Аднак паразуменьня не знайшоў. У райвыканкаме памяшканьня не далі на той падставе, што нібыта іхняя заля для такіх мерапрыемстваў наагул не прадугледжана. Параілі шукаць памяшканьне на ўмовах арэнды", — дадаў Сіліверст.

Зараз Васіль Сіліверст разам з рэгіянальнай арганізацыяй руху "За свабоду" спрабуе правесьці сустрэчу чарнобыльскіх ліквідатараў са спэцыялістамі ў Гомелі, у Цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека.

Ліквідатары хочуць даведацца пра наступствы чарнобыльскай катастрофы, узьдзеяньне радыяцыі на здароўе людзей і навакольнае асяродзьдзе.
XS
SM
MD
LG