Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Бандажэўскі: "Нехта вельмі хоча пагоршыць сытуацыю са здароўем людзей"


Госьць “Начной свабоды” – былы палітвязень, доктар мэдычных навук, прафэсар Юры Бандажэўскі.

Колішні рэктар Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту, які адным зь першых у навуковым сьвеце адкрыў прычынна-выніковую сувязь паміж узьдзеяньнем дробных доз радыяцыі на арганізм чалавека і ўзьнікненьнем сур’ёзных захворваньняў, быў арыштаваны ў 1999 годзе ў Гомелі. Свой арышт прафэсар зьвязвае з крытыкай на адрас уладаў за бязьдзейнасьць у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасьля амністыі ў 2005 годзе Бандажэўскі зьехаў у Францыю, у 2007-м пераехаў у Літву, цяпер жыве і працуе ва Ўкраіне. Ён кіраўнік каардынацыйнага аналітычнага цэнтра "Экалёгія і здароўе" пад эгідай Эўрапарлямэнту. Акрамя таго, беларускі навуковец займаецца арганізацыяй міжнароднага сындыкату па аказаньні прававой дапамогі ахвярам аварыяў на АЭС.

Соўсь: У Беларусі, як і ў многіх краінах сьвету былі выяўленыя сьляды радыяактыўных забруджваньняў у выніку выкідаў на японскай АЭС у Фукусіме. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя заяўляе, што іх узровень вельмі нізкі. Паводле міністра аховы здароўя Васіля Жарко, падстаў для трывогі ў насельніцтва няма. Ці вы падзяляеце аптымізм прадстаўнікоў беларускіх уладаў?

І 25 гадоў назад нам тое самае казалі адносна Чарнобыльскай катастрофы. Маўляў, праблем няма, гэта бясьпечна і г.д. А пасьля мы сутыкнуліся са страшнай бядой
Бандажэўскі:
Я хачу сказаць, што сытуацыя паўтараецца. І 25 гадоў назад нам тое самае казалі адносна Чарнобыльскай катастрофы. Маўляў, праблем няма, гэта бясьпечна і г.д. А пасьля мы сутыкнуліся са страшнай бядой. Вядома, Фукусіма ня побач. Але ведаеце, гэта чатыры рэактары... Гэта вялікая праблема для ўсяго сьвету. Каб казаць, што нічога страшнага ня здарылася, трэба мець аб'ектыўную інфармацыю. А яе няма, японцы хаваюць яе, не даюць у тым аб'ёме, які патрэбны сусьветнай супольнасьці, каб прымаць захады па абароне здароўя людзей. Апрача таго, працэс яшчэ ідзе і колькі будзе працягвацца – невядома, таму і невядома, якія рэальныя наступствы будуць.

Соўсь: Чым выкіды Фукусімы небясьпечныя для беларусаў?

Бандажэўскі: Мы, беларусы, а таксама ўкраінцы і расейцы, знаходзімся ў гэтай сытуацыі ўжо вельмі даўно. Зь яшчэ дачарнобыльскіх часоў. Дозы апраменьваньня ўжо некалькі пакаленьняў атрымалі даволі вялікія.
А прыйдзе, перш за ўсё, радыяактыўны ёд. І вось калі яго атрымаюць людзі, у арганізьме якіх ужо знаходзіцца цэзій – гэта вельмі ўзмоцніць згубны уплыў ужо наяўнай у арганізьме радыяцыі
Вынікам гэтага зьяўляецца кепскае здароўе, якое ў нас цяпер назіраецца. І сардэчна-судзінныя хваробы, і анкалягічныя – усё гэта сьледзтва таго ўзьдзеяньня. Дадатковыя дозы, нават зусім невялікія – яны прывядуць да пагаршэньня сытуацыі са здароўем людзей. Таму што і так здароўе кепскае, зьніжаны імунітэт, парушаны абмен жыцьцёва важных рэчываў. І дадаткова атрымліваць радыяактыўнае ўдзьдзеяньне скарайне непажадана. Асабліва для людзей, у арганізьме якіх утрымліваецца радыяактыўны цэзій. Таму што энэргетычныя працэсы ў жыцьцёва важных клетках зьніжаныя. А прыйдзе, перш за ўсё, радыяактыўны ёд. І вось калі яго атрымаюць людзі, у арганізьме якіх ужо знаходзіцца цэзій – гэта вельмі ўзмоцніць згубны уплыў ужо наяўнай у арганізьме радыяцыі. А шчытападобная залоза, апрача радыяактыўнага ёду назапашвае і радыяактыўны цэзій. У сьвеце наогул інкарпарацыяй радыянуклідаў мала хто займаўся, я ведаю гэтыя школы літаральна па прозьвішчах, таму рабіць высновы, што нічога страшнага не адбываецца, гэта мяжуе са злачынствам.

Соўсь: Што магчыма зрабіць для абароны жыхароў Беларусі? Як прадухіліць небясьпечныя наступствы?

Бандажэўскі: Вядома, гэтым павінна займацца дзяржава. Адэкватная, эфэктыўныя палітыка радыяабароны мае зыходзіць ад дзяржавы, таму што нельга кідаць людзей сам-насам з такімі праблемамі, ды яшчэ хлусіць, што
Вядома, гэтым павінна займацца дзяржава. Адэкватная, эфэктыўныя палітыка радыяабароны мае зыходзіць ад дзяржавы, таму што нельга кідаць людзей сам-насам з такімі праблемамі, ды яшчэ хлусіць, што ўсё ў парадку
ўсё ў парадку. Небясьпека вельмі вялікая, крайне вялікая. Што можна параіць у першую чаргу? Мы жывём у эндэмічнай зоне, нам у арганізьме не хапае звычайнага ёду. Натуральна, ад гэтага існуюць і розныя паталёгіі шчытападобнай залозы. Апрача таго ёсьць яшчэ радыяактыўная паталёгія, якая ўзьнікла пры ўзьдзеяньні радыяцыі. Трэба, каб у арганізм нармальным чынам паступаў ёд. Калі проста кінуцца піць ёд або спажываць вялікімі колькасьцямі ёдаваную соль, гэта можа прывесьці да кепскіх вынікаў. Лепш за ўсё спажываць ёд у складзе арганічных прадуктаў – дароў мора. Ёсьць і прэпараты, якія ўтрымліваюць ёд на арганічнай аснове. Адзін зь іх у мяне на стале – "Ёд актыў плюс". Я таксама пачаў вывучаць гэты працэс, каб рэкамэндаваць сваім родным, блізкім і ўсім людзям, якія занепакоеныя гэтай праблемай. Дык вось якраз злучэньні ёду з арганічнымі кампанэнтамі больш мэтазгодна, чым спажываньне проста ёдаванай солі. Ну а тым, у каго ўжо ёсьць праблемы са шчытападобнай залозай, ужываць прэпараты зь ёдам трэба асьцярожна, лепш параіцца са сваім лекарам. Але ў любым выпадку на дзяржаўным узроўні трэба займацца радыяактыўнай абаронай.

Соўсь: Трагедыя ў Фукусіме прымусіла ўрады многіх краінаў перагледзіць сваё стаўленьне да атамнай энэргетыкі. Але ў Беларусі якраз на фоне паведамленьняў пра наступствы Фукусімы падпісваецца пагадненьне з Расеяй аб будаўніцтве АЭС? Той тып АЭС, які будуць будаваць расейцы ў Беларусі, з вашага пункту гледжаньня як навукоўца, наколькі небясьпечны?

Нават без усялякіх паломак, яна будзе "дыхаць" і выдзяляць газы, водную пару, якія будуць утрымліваць радыяактыўныя элемэнты. І гэта будзе толькі ўзмацняць узьдзеяньне на людзей ужо існуючых радыяактыўных элемэнтаў пасьля Чарнобылю
Бандажэўскі:
Я наогул лічу, што любая атамная энэргертыка – і гэта паказалі падзеі на Фукусіме-1 – зьяўляецца крайне небясьпечнай, што б ні казалі. Самая вялікая трагедыя, што людзі або структуры, якія эксплюатуюць атамныя станцыі, ня могуць ліквідаваць пашкоджаньні, ня могуць спыніць распаўсюджваньне радыяактыўных элемэнтаў І гэта вялікая пагроза для людзей. А якія б тыпы станцыі не будавалі на тэрыторыі Беларусі, яна ўсё роўна будзе небясьпечнай. Нават без усялякіх паломак, яна будзе "дыхаць" і выдзяляць газы, водную пару, якія будуць утрымліваць радыяактыўныя элемэнты. І гэта будзе толькі ўзмацняць узьдзеяньне на людзей ужо існуючых радыяактыўных элемэнтаў пасьля Чарнобылю. І гэта крайне небясьпечна для здароўя людзей. Да таго ж ніхто і ніколі не застрахаваны ад больш сур'ёзных інцыдэнтаў. У мяне проста складаецца такое ўражаньне, што нехта вельмі хоча пагоршыць сытуацыю са здароўем людзей. Гэта вар’яцтва. Іншага слова я не знаходжу.

Слухаць гутарку цалкам:

Гутарка зь Юрыем Бандажэўскім. 30.03.2011
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG