Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія журналісты патрабуюць спыніць справу супраць Пачобута


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Сёньня ўвечары ў Горадні зьбіраліся журналісты — сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яны выказалі занепакоенасьць тым, што супраць іхняга калегі — Андрэя Пачобута распачата крымінальная справа за яго публікацыі.

Андрэй Пачобут працуе карэспандэнтам польскай «Газэты Выборчай». Гарадзенская абласная пракуратура распачала супраць яго крымінальную справу паводле артыкула 368 «аб абразе прэзыдэнта РБ». Падставай стала праверка публікацый журналіста Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, які перадаў матэрыялы ў пракуратуру.

Калега Андрэя Пачобута Ігар Банцар:

«Сёньня сабраліся сябры гарадзенскай філіі БАЖ, каб абмеркаваць сытуацыю з узбуджэньнем крымінальнай справы супраць Анджэя Пачобута. Гэта справа чыста палітычная, за яго прафэсійную дзейнасьць. Мы ўсе журналісты, кожнага з нас гэта можа чакаць. Была даволі доўгая дыскусія, але ўсе былі згодныя, што трэба прыняць, гэта будзе не зварот, а ліст у пракуратуру, напэўна і ў КДБ, якое ініцыявала гэтую справу, да іншых органаў дзяржаўных — з патрабаваньнем спыніць справу і спыніць увогуле перасьлед незалежных журналістаў».

На сход прыйшоў пазьней сам Андрэй Пачобут:

«Безумоўна, тое, што калегі занепакоеныя, тое, што яны салідарныя, гэта вельмі важна было б для кожнага чалавека, які апынуўся ў маёй сытуацыі. Мае гарадзенскія калегі-журналісты бароняць мяне хоць такім чынам, хаця я ведаю, што магчымасьці абмежаваныя, але для мяне гэта важна, гэта прыемна».

Гэта закранае кожнага журналіста, які працуе не ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, кажа сябра БАЖ Уладзімір Хільмановіч:

«Акрамя сяброўскай падтрымкі, тут ёсьць і прафэсійны, журналісцкі інтарэс, бо гэта можа здарыцца з кожным. Кожны піша крытычныя артыкулы, і такія высмактаныя з пальца крымінальныя справы можна завесьці хоць пятнаццаць-дваццаць ледзь не на кожнага незалежнага журналіста, які выказвае свой погляд, крытычныя думкі. Апошнія гады і месяцы журналісты сыстэмна падвяргаюцца рэпрэсіям».
XS
SM
MD
LG