Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра палітвязьня Класкоўскага вяртаецца ў Беларусь, каб падтрымаць яго на судзе


Вольга Класкоўская (зьлева) пікетуе беларускае пасольства супраць разгортваньня рэпрэсій у Беларусі.

Вольга Класкоўская (зьлева) пікетуе беларускае пасольства супраць разгортваньня рэпрэсій у Беларусі.

Вольга Класкоўская, сястра былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, абвінавачанага нібыта ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года, вяртаецца ў Беларусь. Апошнія гады Вольга жыла ў Швэцыі, мела там статус палітычнага ўцекача. Аднак, наведаўшы днямі амбасаду Беларусі ў Стакгольме, цяпер яна яго фактычна анулявала.

Пра матывы свайго рашэньня Вольга Класкоўская расказала Радыё Свабода наступнае:

«Я вырашыла для сябе дакладна, што мушу зараз быць побач са сваім братам, зь ягонай сям’ёй і іншымі палітычнымі вязьнямі, многія зь якіх зьяўляюцца маімі сябрамі.

У мяне заўсёды сэрца вельмі моцна балела за Беларусь, але зараз гэты боль дасягнуў сваёй кульмінацыі, стаўся папросту нявыносным. На гэтым тыдні я сьвядома адмовілася ад статусу палітычнага ўцекача, які я маю ў Эўропе ўжо больш за пяць гадоў. Акрамя іншага, я наведала беларускую амбасаду ў Стакгольме з просьбай паспрыяць майму хуткаму вяртаньню на радзіму.

Рэч у тым, што зараз у мяне няма беларускага пашпарту. Таму я была вымушаная зьвярнуцца па дапамогу ў беларускае даппрадстаўніцтва. Я выдатна ўсьведамляла, што перакрочыўшы парог беларускай амбасады, аўтаматычна страчваю статус палітуцякачкі ў Эўропе — гэта значыць, страчваю і якую-кольвек абарону з боку эўрапейскіх уладаў. Пра гэта, дарэчы, мяне адразу папярэдзілі прадстаўнікі амбасады. Разам з тым, хацела б зазначыць, што беларускія дыпляматы паводзілі сябе вельмі карэктна і паабяцалі дапамагчы вярнуцца ў Беларусь у найхутчэйшыя тэрміны».

Варта адзначыць, што пасьля жорскага разгону мірнай акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску Вольга Класкоўская была ініцыятаркай шматлікіх пікетаў ля амбасады Беларусі ў Швэцыі з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў беларускага рэжыму. У акцыях бралі ўдзел вядомыя ў Швэцыі і за яе межамі праваабаронцы, літаратары, дзеячы культуры і мастацтва. Аднак яна ўрэшце прыйшла да высновы, што быць салідарнай на адлегласьці не выпадае:

На роднай зямлі, сярод аднадумцаў, паплечнікаў, будзе нашмат прасьцей перажываць усю гэтую жудасную трагедыю.
«Ёсьць такая добрая беларуская прымаўка: лепей зь Нёмана вадзіцу піць, чым за морам віно. Акрамя гэтага, проста ня бачу для сябе іншага варыянту, як быць зараз на радзіме. Я ня бачыла Сашу ўжо пяць гадоў, і калі не вярнуся ў Беларусь, нават ня ведаю, калі яго яшчэ ўбачу… Для мяне вельмі важна, каб мой Саша ведаў, што я побач. Так хачу ўбачыць яго вочы, падтрымаць, сказаць хоць некалькі словаў… Я не хачу, каб ён адчуў сябе пакінутым. Я абавязкова буду на яго судовым працэсе, як і на працэсе над іншымі палітычнымі вязьнямі. Акрамя іншага, на роднай зямлі, сярод аднадумцаў, паплечнікаў, будзе нашмат прасьцей перажываць усю гэтую жудасную трагедыю. У Эўропе, на жаль, я разуменьня і спачуваньня нашай беларускай сытуацыі за больш чым пяць гадоў асабліва не знайшла. Але ня ў гэтым рэч. Мой маральны абавязак — быць зараз побач з тымі сьветлымі і мужнымі людзьмі, што ахвяравалі сваім жыцьцём і лёсам дзеля нашай роднай Беларусі».

Сьледзтва адносіць Аляксандра Класкоўскага да ліку арганізатараў масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Максымальнае пакараньне па дадзеным артыкуле Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Аляксандра Класкоўскага, апроч сястры і бацькоў, чакае жонка і трое малых дзяцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG