Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы яшчэ ў суботу папярэджвалі Англію”


У ХІХ стагодзьдзі нейкая маленькая газэта выйшла аднойчы з такім загалоўкам. Гэты гістарычны анэкдот прыгадаўся ў сувязі са зваротам БРСМ да кіраўніцтва Эўразьвязу і ўрадаў заходніх краінаў.

Ня варты быў бы той зварот асаблівай увагі, калі б не адзін пасаж з дакумэнту, які гучыць рэфрэнам у многіх выступах беларускіх афіцыйных прадстаўнікоў: “Якое ж было наша зьдзіўленьне, калі ў іншай сытуацыі, 27 сакавіка 2011 года ў Лёндане, урад Вялікабрытаніі ўжыў сілу для падтрыманьня грамадзкага парадку, у выніку чаго пацярпелі 38 чалавек, а больш за 200 былі арыштаваныя... Ніводнага слова асуджэньня з боку міжнародных інстытутаў і праваабарончых арганізацый. Ніводнай нэгатыўнай ацэнкі дзеяньняў уладаў. Ніякіх наступстваў!" Вось, маўляў, двудушша хвалёнай заходняй дэмакратыі, ім – можна, а нам – нельга. Параўнаньне сапраўды даволі дарэчнае.

Што бывае пасьля забурэньняў?


Сапраўды, масавыя забурэньні здараюцца ня толькі ў Беларусі. І ў іншых краінах для іх спыненьня часам ужываюць сілу, нярэдка і паліцыі і ўдзельнікам гэтых інцыдэнтаў даволі моцна дастаецца. Але што адбываецца далей?

А далей, як правіла, адбываецца зусім ня тое, што адбываецца ў Беларусі пасьля 19 сьнежня. На нашай памяці ў Польшчы палілі офісы сацыял-дэмакратычнай партыі, у Вугоршчыне дэманстранты біліся з паліцыяй, у Малдове ў красавіку 2009 году дэманстранты нават захапілі будынак парлямэнту і прэзыдэнцкі палац. Вось ужо дзе, здаецца, масавыя беспарадкі і спроба захопу ўлады. Праваахоўныя органы ўсе гэтыя эксцэсы падаўлялі з рознай ступеньню жорсткасьці. Але потым што, колькі людзей селі на вялікія тэрміны? А ніколькі. Каму штраф, каму адміністрацыйны арышт, каму проста сьляды ад паліцэйскіх дубінак. Справы распачынаюцца толькі ў выпадку, калі мелі месца забойствы і выключна супраць тых, хто забіваў. Чаму так адбываецца? Дзьве прычыны – палітычная і юрыдычная.

Забурэньні – гэта таксама палітычны працэс


Палітычная палягае ў тым, што ў грамадзтвах, якія называюцца цывілізаванымі, разумеюць, што за ўдзельнікамі такіх эксцэсаў – насамрэч тысячы і дзесяткі тысячаў іх аднадумцаў, што разглядаць іх, як звычайных хуліганаў – гэта дэманстраваць значнай частцы грамадзтва, што яна ў сваёй краіне ніхто і завуць яе ніяк. Падобныя эксцэсы – гэта таксама палітычны працэс, любая ўлада іх падаўляе, але далёка ня кожная выкарыстоўвае іх як нагоду, каб распачаць “халодную” грамадзянскую вайну. Прычым, гэта тычыцца ня толькі забурэньняў зь відавочнай палітычнай подбіўкай. Масавыя бойкі футбольных фанаў – звыклая эўрапейская практыка, паліцыі пры гэтым нярэдка таксама дастаецца. Але калі няма забітых, каго пры гэтым саджаюць у турму на гады? Ні-ко-га.

Стрэл зь вёскі


Другі чыньнік, чаму падобныя справы ніколі не даводзяць да крымінальнага перасьледу – тэхнічна-юрыдычны, які , дарэчы, яскрава бачны на працэсах па справе 19 сьнежня. Калі падзеі маюць масавы і хаатычны характар, даволі цяжка вызначыць вінаватых у тых ці іншых канкрэтных дзеяньнях. Не, зразумела, рэкорды беларускага сьледзтва недасягальныя: наконт усіх (!) асобаў, якія дагэтуль паўсталі перад судом за 19-га, не было даказана, што яны зьбівалі міліцыянтаў, білі шыбы і ламалі дзьверы ў Доме ўраду. Маючы ўсе магчымасьці і час для дасьледаваньня, выстаўляць на суд людзей, якія не рабілі дзеяньняў, якія ствараюць склад злачынства – гэта той выпадак, калі, як той казаў, майстэрства не прап’еш. Але гэта і аб’ектыўна складана дасьледаваць.
Што проста – дык гэта выкарыстоўваць канцэпцыю калектыўнай віны. Гэтак жа, як калі па калёне акупацыйных войскаў страляюць зь вёскі – караць усю вёску. У прынцыпе такое лічыцца ваенным злачынствам. Хаця ў акупантаў можа і ня быць часу для дасьледаваньня, а тут час быў, але скарыстаць яго, каб даказаць, што “стралялі” менавіта гэтыя асобы, не атрымалася, і асудзілі без усялякіх доказаў: з гэтай жа вёскі стралялі – чаго тут яшчэ даказваць?

“Жывей за ўсіх жывых”


Пра абсалютную адвольнасьць трактоўкі падзеяў 19 сьнежня сьведчаць і мяккія прысуды расейцам А. Брэўсу і І. Гапонаву, і цяперашняя раптоўная перакваліфікацыя падзеяў на Плошчы для некаторых фігурантаў з “масавых беспарадкаў” на “дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”. Зразумела, гэтую перакваліфікацыю можна толькі вітаць, здаецца, менавіта гэтыя тры месяцы дакладна паказалі цану прынцыпу “чым горш – тым лепш”. Але адвольная зьмена кваліфікацыі дэманструе адвольнасьць і папярэдняй кваліфікацыі і ўсёй справы наагул – закон там і не начаваў, а начавала расправа з палітычнымі апанэнтамі, паводле ленінскай формулы “трэба менавіта зараз правучыць гэтую публіку так, каб на некалькі дзесяткаў гадоў ні пра які супраціў яны ня сьмелі і думаць”. І ня столькі можа нават гэтую. А тую, якая каля абменьнікаў мацюгаецца, якая ліхаманкава купляе іншамаркі. Вось яе і правучваюць справай 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG