Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Салаўёў на волі


У Магілёве пасьля пяці сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.

Яго арыштавалі 25 сакавіка на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Ён разам зь іншымі актывістамі, жонкай і малалетняй дачкой зьбіраўся прайсьці да будынка краязнаўчага музэю, дзе ў 1918 годзе магілёўцы прызналі ўладу БНР, ды ўскласьці да яго кветкі. А 17 гадзіне яго затрымалі. На вачах дачкі міліцыянты гвалтам зацягнулі яго ў службовы аўтобус.

Трое сутак да суду фронтавец правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. 28 сакавіка судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Станіслаў Шандаровіч прызнаў фронтаўца вінаватым па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу. Актывіст нібыта нецэнзурна выказваўся, размахваў рукамі, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў. Пры затрыманьні аказаў супраціў.

На судзе сьведкамі абвінавачаньня выступалі міліцыянты. Зьміцер Салаўёў сваёй віны не прызнаў. Затрыманьне назваў палітычна матываваным.

Адразу ж па вызваленьні ён заявіў:

Я адчуваю маральную перавагу над тымі, хто мяне пасадзіў.
«Я не парушаў закону — гэта міліцыянты парушалі закон. Пакараньне ніяк не паўплывае на маю грамадзкую й палітычную актыўнасьць. Я адчуваю маральную перавагу над тымі, хто мяне пасадзіў. Я хачу адзначыць, што ўпершыню ўлады не дазволілі нам ускласьці кветкі да знакавага месца ў гісторыі Магілёва. Раней міліцыянты толькі назіралі за ўскладаньнем. Патлумачыць гэта можна толькі тым, што ўлада баіцца такіх акцыяў».

Да ізалятара сустракаць фронтаўца на волі прыйшлі жонка з дачкой ды два дзясяткі ягоных калегаў па грамадзкай дзейнасьці.

Разам са Зьмітром Салаўёвым затрымалі карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзімера Лапцэвіча. Яго таксама міліцыянты гвалтам зацягнулі ў службовы аўтобус. Да суду яго ўтрымлівалі ў ізалятары. 28 сакавіка судзьдзя Ленінскага суду Ірына Ланчава пакарала журналіста па тых жа двух адміністрацыйных артыкулах на сем сутак арышту.

На волі Лапцэвіча чакаюць 1 красавіка. Па вынясеньні выраку ён заявіў, што пакараньне зьвязвае са сваёй журналісцкай дзейнасьцю. Салаўёў і Лапцэвіч сядзелі ў адной камэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG