Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БНФ пакуюць рэчы. Кіраўніцтва партыі вырашыла вывезьці частку партыйнай маёмасьці зь сядзібы на праспэкце Машэрава, 8 — былой вуліцы Варвашэні. У партыі адбіраюць гэты офіс. Камунальная служба Савецкага раёну Менску адмовілася працягнуць дамову арэнды з 1 красавіка гэтага году. Аднак лідэры партыі заяўляюць, што добраахвотна сваю сядзібу не пакінуць.



Мастак Аляксей Марачкін прыйшоў на сядзібу партыі БНФ, каб забраць свае карціны, падрыхтаваныя на выставу да Дня Волі 25 сакавіка і забароненыя для паказу ў Палацы мастацтва. Зараз даводзіцца зьяжджаць і адгэтуль, кажа спадар Марачкін:

«На вялікі жаль, забіраем гэтую выставу, невядома, дзе яна будзе. Гэтыя сьцены прызначаныя для таго, каб тут рабіць выставы. Гэта сапраўды — выспа свабоды. Калі мы пазбавімся яе, то, пэўна, толькі па майстэрнях здолеем рабіць выставы».

Партыйцы вывезьлі зь сядзібы архівы, дакумэнты, частку тэхнікі і мэблі. Аднак гэта нельга назваць высяленьнем, кажа намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў:
Натуральна, што мы рыхтуемся да розных варыянтаў разьвіцьця падзеяў, і таму тыя рэчы, якія мы лічым каштоўнымі, мы вывезьлі і схавалі ў надзейным месцы.

«Натуральна, што мы рыхтуемся да розных варыянтаў разьвіцьця падзеяў, і таму тыя рэчы, якія мы лічым каштоўнымі, мы вывезьлі і схавалі ў надзейным месцы. Але па сваёй волі мы адсюль ня сыдзем».

Выносіць рэчы з партыйнай сядзібы прыйшлі дапамагчы валянтэры зь ліку беспартыйнай, але ідэйнай беларускай моладзі. Яны кажуць, што засмучаныя пэрспэктывай страціць месца спатканьняў на сядзібе партыі БНФ:

«Мяне завуць Яўген. Я думаю, што з гэтых памяшканьняў сыходзіць цэлая эпоха. Што будзе потым — невядома, але мне падаецца, што гэты культурны і духоўны цэнтар адновіцца, магчыма, ня ў гэтым памяшканьні, але дзесьці ў цэнтры Менску».

Актывістка партыі БНФ Ірына Сьмяян-Семянюк перакананая, што грамадзянскія акцыі і культурныя імпрэзы сталіся галоўнай прычынай выгнаньня зь сядзібы, якую партыя займала 18 год:

«Тут зьбіраюцца людзі, якіх нешта яднае: нейкая праблема ці нейкая ідэя. Да прыкладу, пасьля выбараў адбылася магутная акцыя салідарнасьці. На маю думку, гэта і сталася падставаю для таго, каб зьнішчыць нашу сядзібу і не было месца для людзей, якіх нешта яднае».

Кіраўніцтва партыі БНФ зьвярнулася ў Гаспадарчы суд Менску з пазовам супраць ЖРЭА Савецкага раёну Менску з абскарджаньнем адмовы на права арэнды сядзібы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG