Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канец эпохі даступных «іншамарак»


Чакаючы шматразовага падвышэньня мытаў на ўжываныя імпартныя аўтамабілі, якое павінна адбыцца з 1 ліпеня, многія беларусы кінуліся за мяжу, каб пасьпець замяніць сваё старое аўто на крыху навейшае. У выніку на мяжы ўтварыліся вялізныя чэргі. Стаяць чэргі і каля ДАІ, дзе рэгіструюць увезеныя аўтамабілі. Ажыятаж і на некаторых аўтарынках.

ВІЦЕБШЧЫНА


Аўтаперавозчыкі скардзяцца на беларускіх мытнікаў

Людзі, якім даводзіцца вяртацца на Віцебшчыну зь Літвы, адзначаюць істотны рост чэргаў на памежным пераходзе. Майму суразмоўцу Паўлу апошні раз давялося правесьці ў такой чарзе 5 гадзін:

«Самы кароткі шлях — гэта празь пераход „Катлоўка“. Тут на ўезьдзе на памежны пераход усталявалі цяпер сьвятлафоры, якія „дазуюць“ колькасьць аўтамабіляў. Таму ў чарзе перад гэтым сьвятлафорам можна прастаяць і тры, і чатыры, і пяць, і шэсьць гадзін. Мой адзін знаёмы прастаяў 11 гадзін!»

Паводле спадара Паўла, праз тое, што павялічылася колькасьць машын, якія гоняць з Эўразьвязу на продаж, іншыя кіроўцы мусяць марнаваць час. Але ў гэтым не вінаватыя перагоншчыкі іншамарак — вінаватая недасканалая сыстэмы працы на беларускім памежжы:

«Хто пераганяе машыны, мусіць праехаць праз «чырвоны калідор», каб яе «растаможыць». Але зь імі ў адной чарзе стаяць тыя, хто проста падарожнічаў у Літву ці езьдзіў на шопінг. Іхны калідор — зялёны, але каб у яго трапіць, яны мусяць адстаяць вось гэтую шматгадзінную чаргу ў адной вузкай паласе. Нікога немагчыма абмінуць, каб трапіць у «зялёны калідор».

Аўтамабілі з-за мяжы ўжо падаражэлі ад 500 да 2000 даляраў.
У другога майго суразмоўцы праблема іншая. Цяпер замежныя аўтамашыны ў Віцебску дзень пры дні даражэюць, і спадар Генадзь, які зьбіраўся набыць машыну, ужо ня ўпэўнены, што ў яго ўрэшце хопіць грошай.

«Я яшчэ нічога і не прыгледзеў. Таму што машыны падаражэлі — падаражэлі ад 500 даляраў да дзьвюх тысяч — у залежнасьці ад маркі аўтамабіля».

Спадар Генадзь супакойвае сябе тым, што з 1 ліпеня ніякіх зьменаў можа і не адбыцца. Бо летась ажыятаж на ўжываныя аўто, выкліканы пэрспэктывай увядзеньня для фізычных асобаў новых правілаў мытнага ўвозу, скончыўся абвалам цэнаў на іншамаркі:

«У мінулым жа годзе была адзін да аднаго такая самая сытуацыя… З таго 1 ліпеня 2010 году ўсё перанесьлі на 1 ліпеня 2011 году. Мажліва, што ўсё зноў паўторыцца: прыйдзе 1 ліпеня, і ўсё адкладзецца да наступнага. І тады зноў будзе абвал цэнаў на аўтамашыны, як летась. Тады ўвесь Віцебск езьдзіў з паклеенымі на шкло аб’явамі: «Прадам машыну нядорага».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Прыгнаць аўтамабіль з-за мяжы, заплаціць мыта і паставіць на ўлік — гэта амаль подзьвіг»

З ужыванымі аўта ў Горадні цяпер хаос і неразьбярыха.

Побач з будынкам Гарадзенскай рэгіянальнай мытні на вуліцы Карскага — вялікая чарга грузавічкоў зь ляфэтамі. Машыны толькі што прывезьлі з-за мяжы і цяпер плацяць тут мыта.

Адзін з кіроўцаў распавядае, што дзеля таго, каб заплаціць мыта па адной тысячы даляраў за адно аўта, ім давядзецца прастаяць у чарзе суткі, бо, зь яго слоў, гэтай працэдурай займаюцца ўсяго некалькі мытнікаў.

Я пытаюся: «Колькі ж тады яны патрацілі часу на тое, каб прывезьці гэтыя машыны зь Нідэрляндаў?»

Спадар кажа, што на дарогу ў Галяндыю трэба патраціць 24 гадзіны. Каб праехаць мяжу з Польшчай, трэба прастаяць шэсьць гадзін, і тое самае па вяртаньні.

Адпачынак, падкрэсьліваюць спадары, самы мінімальны — толькі перакусіць дзе-небудзь у дарозе:

«Змагаемся неяк, хоць увесь час хочацца спаць. Адну за адной куру цыгарэты, і да гэтага яшчэ кава. Пасьля — чарговая кава, і зноў цыгарэта…»

Пра свае заробкі спадары казаць ня хочуць. Маўляў, гэта вельмі цяжкія грошы і нікому іх не пажадаеш.

Чарга аўтамабіляў ля Гарадзенскай рэгіянальнай мытні

Чарга на рэгістрацыю ў ДАІ — ад чацьвёртай гадзіны раніцы…

Наступны этап — рэгістрацыя аўта ў ДАІ. Тут машыны стаяць у чарзе, каб заехаць на пляцоўку, выцягнутую на некалькі кілямэтраў. Пытаюся ў хлопцаў: колькі яны стаяць у чарзе?

— З чацьвёртай раніцы стаім, а яшчэ толькі гадзіна дня…

— І колькі вам яшчэ давядзецца чакаць?

— Да заўтрашняй раніцы — мінімум, у лепшым выпадку паставім машыну на ўлік заўтра.

— У ДАІ цяпер пачалі працаваць і ў нядзелю, і ў суботу…

— Гэта, аднак, не ратуе сытуацыі?

— Ну хаця б трохі тут «разрулілі» чэргі…

Яшчэ адзін спадар падсумоўвае прычыну таго, што адбываецца:

«Тыя, хто зараз купляе машыны, як кажуць, зьехалі з глузду. Яны ўсе баяцца, што з ростам велічыні мыта з 1 ліпеня вырастуць цэны, і таму зараз стараюцца хоць нешта набыць, каб пасьля на расейскіх „жыгулях“ не давялося езьдзіць».

Чарга аўтамабіляў ля Гарадзенскай абласной ДАІ на вуліцы Белуша

Пытаюся ў хлопцаў пра сытуацыю на рынку і ці падаражэлі аўто.

Хлопец: «Прыкладна на тысячу даляраў, а нават і болей падаражэлі».

Карэспандэнт: «І хто ў асноўным пакупнікі?»

Другі хлопец: «Пераважна беларусы. Але апошнім часам попыт зьнізіўся, а машынаў шмат».

У сярэднім дзесяцігадовае бэнзінавае аўта з аб’ёмам рухавіка 1,6–1,8 на гарадзенскім рынку каштуе да сямі тысяч даляраў, у залежнасьці ад маркі. А аўта з дызэльным рухавіком — яшчэ даражэйшае.

На пляцоўцы ДАІ, дзе аглядаюць аўтамабілі для рэгістрацыі

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Дзяржава павінна клапаціцца пра тое, каб аўтамабілі былі даступныя для грамадзян, а робіцца ў нас наадварот».

На пагранічным пераходзе «Варшаўскі мост» чэргі аўтамабіляў з транзытнымі нумарамі расьцягваюцца амаль на паўтара сутак. Яшчэ цэлы дзень трэба патраціць на тое, каб выстаяць у чэргах ля ДАІ і зарэгістраваць увезены аўтамабіль. На аўтарынках тым часам пануе ажыятаж.

На аўтамабільным рынку цяпер практычна немагчыма нешта набыць. Тут — ажыятаж. Ня толькі беларусы сьпяшаюцца набываць аўтамабілі, але і жыхары Расеі і Казахстану, кажа аўтаперавозчык зь Берасьця Валеры:

Падаражэлі аўтамабілі ў Нямеччыне, але ў Беларусі — найбольш.
«Расейцы і казахі практычна ўсё набываюць, што выстаўляецца на продаж на рынку. Агулам на ўнутраным рынку цэны вырасьлі на 500–700 даляраў. Але гэта на тыя аўтамабілі, якія прадаюцца ў нашай краіне. Калі ж аўтамашына прызначана для продажу ў Расею, то цана на яе будзе падвышана на паўтары тысячы даляраў. Цяпер даволі складана ехаць празь мяжу. Мой сваяк езьдзіў нядаўна, ён ажно паўтара сутак прастаяў на мяжы, каб аформіць мыта на ўвоз аўтамабіля. Зараз шмат хто ўвозіць машыны, намагаюцца пасьпець да павышэньня мыта».

Прыватны аўтаперавозчык з Кобрыня Ігар таксама кажа пра вялізныя чэргі на мяжы:

«На польскай мяжы цяпер — вялізарныя чэргі. Але акрамя чэргаў на мяжы трэба яшчэ патраціць вельмі шмат часу і ў ДАІ. Вось я зараз якраз праяжджаю каля Кобрынскага ДАІ, і тут, дзе раней стаялі дзьве-тры машыны, то цяпер — трыццаць. Такога яшчэ не было ніколі. Машыны падаражэлі цяпер на 500–700 эўра. Адчуваецца падаражэньне ў Нямеччыне, адпаведна растуць цэны і ў нас».

Аўтаперавозчык зь Берасьця Сяргей кажа, што ў асноўным аўтамабілі берасьцейцы прыганяюць зь Нямеччыны альбо Галяндыі, рэдка хто выяжджае ў Літву:

«Нямецкія машыны — якасныя. У асноўным мы езьдзім туды. Што да сытуацыі на аўтарынку ў Беларусі, то рост цэнаў — непрыемная зьява».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Растуць цэны й на аўтазапчасткі

У Магілёве з павелічэньнем продажу ўвезеных з краін Эўразьвязу аўтамашын і ростам цэн на іх даражэюць і аўтазапчасткі. Прычына — валютны крызіс. Аднак ня толькі ён хвалюе гандляроў.

Магілёўскі рынак аўтазапчастак месьціцца на гарадзкой ускраіне. Праз шашу — аўтарынак. Ён працуе толькі тры разы на тыдзень. Увесь тыдзень адчыненыя павільёны рынку аўтазапчастак. З пытаньнем, ці падаражэлі запчасткі да іншамарак, заходжу ў адзін зь іх. Прадавец сьцьвярджальна ківае галавой:

«Нам даводзіцца набываць запчасткі за беларускія рублі, а буйныя фірмы-імпартэры ўсталёўваюць свае курсы даляра: 3600–3700. Нам даводзіцца падвышаць цэны».

Пакупнікоў на рынку няшмат. Са зьдзіўленьнем пытаюся ў аднаго з гандляроў: «Хіба не павялічваецца попыт на аўтазапчасткі з ростам колькасьці ўвезеных машын?».

«Да нас ідуць у апошнюю чаргу. Перш за ўсё людзі трацяць грошы на лекі й на ежу. Таму ўдар гэты ў нас заўжды адчувальны. Толькі калі заробкі выдаюць людзям, то ў гэтыя дні мы нешта прадаем. А пасьля — зноў нікога. Тыя, хто набывае машыны для продажу, яны ў асноўным бяруць запчасткі танныя. Ім жа трэба зрабіць машыну, каб яна выглядала як мае быць, і зьехаць».

У Магілёве — скандал: пераносяць рынак аўтазапчастак

Валютны крызіс і спажывецкая актыўнасьць — далёка не галоўныя тэмы ў гутарках тутэйшых гандляроў аўтазапчасткамі. Найбольш іх хвалюе навіна пра перанос рынку ў іншае месца:

«Напэўна, нехта хоча зарабіць на нас. Яны лічаць, што ў нас ёсьць грошы. Але ў нас лішніх грошай няма. Шчыра кажу. Нам цяпер дужа цяжка. Вы ж самі бачыце, рынак пусты. Калі ў выходныя, нехта й зьяўляецца, а так… Можна зрабіць і гэты рынак, і будзе ўсё прыгожа й культурна. Цяпер ня час гэта рабіць. Я шчыра кажу, у нас лішніх грошай няма».

Перанос рынку ўлада тлумачыць неабходнасьцю арганізаваць цывілізаваны гандаль.Аднак узводзіць новы рынак, паведамляюць афіцыйныя СМІ, будуць за кошт прадпрымальнікаў. Калі пачнуць яго будаваць, невядома. Але скончыць абяцаюць сёлета. Хоць толькі 2 сакавіка гарвыканкам пастанавіў распачаць праектна-досьледныя працы.

Магілёўскі рынак аўтазапчастак — нешматлюдна.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Цэны ўжо растуць, мыта яшчэ вырасьце. Ніякага разьвіцьця!»

У Гомелі ўжываныя іншамаркі прадаюць пераважна на рынку «Асаўцы». Асабліва іх багата на рынку ў суботу й нядзелю.

«Гоншчык» Андрэй кажа, што абвешчанае падвышэньне мыта на ўвоз аўтамашын у зьвязку з уступленьнем Беларусі ў расейска-беларускі мытны саюз выклікала ажыятажны попыт на іншамаркі, а заадно й падвышэньне цэнаў:

«З-за ажыятажу на 500–1000 даляраў вырасьлі цэны ў Нямеччыне, Літве. Ужо і там яны даражэйшыя. Добрага ў гэтым нічога ня бачу. Цэны растуць, мыта яшчэ вырасьце. Ніякага разьвіцьця!»

Падвышэньне коштаў на аўта ў замежжы прывяло да аўтаматычнага росту цэнаў на ўвезеныя іншамаркі і ўнутры Беларусі.

Гэта абарона расейскага аўтарынку.
Спадар Уладзімер, які займаецца аўтабізнэсам, нічога добрага ў гэтым ні для сябе, ні для іншых беларускіх грамадзянаў ня бачыць:

«Так, гэта кепска. Але з чым гэта зьвязана? Гэта абарона расейскага рынку, таму што адзіны Мытны саюз, і Расея абараняе свой рынак. Расеі выгадна, каб было так. Беларусі гэта не настолькі выгадна. Людзям з-за гэтага, вядома, горш. Купляць аўтамабіль за 12 тысяч даляраў альбо за 7 — розьніца адчуваецца».

Бізнэсоўцаў у гэтай сытуацыі трывожыць ня толькі падвышэньне коштаў на аўта, але й нестабільнасьць з прычыны ліхаманкі на валютным рынку.

Гаворыць прадпрымальнік Мікалай, які займаецца продажам аўтазапчастак да іншамарак:

«Незразумела, што будзе заўтра. У нас у краіне заўтрашні дзень непрадказальны. Як можна меркаваць, напрыклад, што заўтра будзе з далярам? А ў нас ад даляра ўсё адштурхоўваецца. Стабільнасьць — гэта калі людзі спакойна жывуць і спакойна псыхалягічна сябе адчуваюць, і заўтрашні дзень таксама».

Даведка «Свабоды»
Імпартнае мыта на ўвоз грамадзянамі легкавых аўтамабіляў у Беларусь з 1 ліпеня 2011 году падымецца да расейскага ўзроўню. Пра гэта яшчэ 28 лютага 2011 году заявіў намесьнік кіраўніка Мінэканомразьвіцьця РФ Андрэй Сьляпнёў. У прыватнасьці, пры ўвозе фізычнымі асобамі аўтамабіляў у РФ стаўкі складаюць ад 3 эўра за 1 куб.см да 5,8 эўра за 1 куб.см, у залежнасьці ад рабочага аб’ёму рухавіка. У Беларусі цяпер мыта — ад 0,35 да 5 эўра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG