Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры пераходзяць на "чорны" валютны курс


Пра тое, што ў Беларусі шпарка фармуюцца паралельныя валютныя курсы, істотна адрозныя ад афіцыйнага, сьведчыць сытуацыя ў інтэрнэт-крамах. Пра непазьбежнасьць пераліку цэнаў гавораць і прадпрымальнікі на рынках.

Неразьбярыху на фінансавым рынку намагаюцца скарыстаць ня толькі валютныя спэкулянты, але і, прыкладам, гандляры бытавой ды аргтэхнікай. Палітру розначытаньняў у падыходах да фармаваньня цэнаў найбольш наглядна дэманструюць інтэрнэт-крамы.

Да прыкладу, лічбавы фотаапарат Sony. У стандартнай камплектацыі ён выстаўляецца за 255 даляраў. У рублёвым пераліку роскід цэнаў — ад 803 000 да 880 000 рублёў. У апошнім выпадку курс — 3450 рублёў за даляр, хоць афіцыйны складае 3045. Пры няўважлівым выбары можна страціць блізу 25 даляраў.

Яшчэ большыя разьбежкі — у кампутарных крамах. Адна і тая ж мадэль ноўтбука Hewlett Packard стартуе ад 1 400 000 рублёў і заканчваецца сумай у 1 575 000. Розьніца — больш як 55 даляраў паводле адзінага яшчэ нядаўна курсу. Аналягічная сытуацыя з тэлефонамі, кухоннай тэхнікай, тэлевізарамі і г.д.

А якая сытуацыя на рынках? Расказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка:

Анатоль Шумчанка
"На тавары штодзённага попыту — перадусім адзеньне і абутак, гэта ня надта дарагая прадукцыя — пакуль цэны не падвышаныя, і курс пералічваюць, як у банку — недзе 3100 рублёў за даляр. Але гэта часовая зьява. Бліжэйшымі днямі будзе падвышана цана на кажухі, футры ды іншую дарагую прадукцыю. На будаўнічым рынку — пра гэта ведаю дакладна — ужо пералічваюць па 3500—3700. І то валюту не набыць. Аднак сумы такія ўжо закладаюцца. Прадпрымальнікам у такой сытуацыі вельмі складана выбіраць паміж падвышэньнем цэнаў і магчымасьцю продажу. Бо ў любым выпадку гэта адаб'ецца адно на адным. І сёньня ня вельмі добра гандаль ідзе, а павялічыць цану — дык хто ўвогуле гэта будзе купляць?".

Попыт на валюту па-ранейшаму перавышае магчымасьці банкаў яго забясьпечыць. Абменныя пункты прадаюць толькі тое, што атрымалі ад рэдкіх ахвотных памяняць валюту на рублі. Валютныя рэзэрвы ў абарот ня кідаюць — усе чакаюць магчымай дэвальвацыі. Не запраўляюцца далярамі і банкаматы, таму, як лічаць экспэрты, рана ці позна попыт на даляры ці эўра прымусіць людзей шукаць іх па завышаных цэнах. А гэта значыць, рэанімацыя валютчыкаў — справа часу. Эканаміст Уладзімер Карагін перакананы, што ўлады атрымалі лягічны вынік сваёй палітыкі:

Уладзімер Карагін
"Чаму такая сытуацыя? Скажам шчыра: апошняе паўгодзьдзе 2010-га, перад выбарамі, урад стымуляваў выплату заробкаў, не заробленых насельніцтвам. Вось чаму зарплата вырасла на 17%, а ВУП дзяржавы — толькі на 7%. А куды людзі пачалі траціць грошы, якія яны атрымалі? У першую чаргу — а гэта больш за 30% купляў — якраз на тавары, завезеныя па імпарце. Стала сапраўднай праблемай, што ад пачатку студзеня назіраўся ўсплёск куплі імпартных тавараў насельніцтвам. Адсюль выскачыла іншае — павялічыўся дэфіцыт плацёжнага і гандлёвага балянсу нашай краіны, адсюль падвышаная патрэба ў валюце і, адпаведна, яе недахоп. То бок — некалькі такіх фактараў. Бачачы такое напружаньне, у апошнія месяцы і МВФ сказаў сваё слова: ён запатрабаваў ад Нацыянальнага банку назапашваць сродкі і да канца году мець 10 мільярдаў даляраў валютнага рэзэрву".

Апроч таго, экспэрты Міжнароднага валютнага фонду настойваюць на неадкладнай дэвальвацыі беларускага рубля, што, прынамсі ў кароткачасовай пэрспэктыве, вырашыць найбольш складаныя пытаньні. Аднак кіраўніцтва Нацыянальнага банку магчымасьць абясцэньваньня рубля адтэрміноўвае. Фінансавы аналітык Зьміцер Крук таксама лічыць, што дзеля стабілізацыі рынку толькі такіх захадаў будзе недастаткова:

Зьміцер Крук
"Дэвальвацыя — не вырашэньне ўсіх праблемаў. Бо ў дадзеным выпадку дэвальвацыя абавязкова павінна суправаджацца шэрагам рэформаў і зьмяненьнем іншых відаў палітыкі — то бок, перадусім, фіскальнай палітыкі і зьмяненьнем манэтарнай палітыкі. Таму дэвальвацыя сама па сабе праблемаў не вырашае. І калі казаць пра дэвальвацыю, тут павінна быць шырэйшая гаворка пра больш грунтоўнае рэфармаваньне. З адной дэвальвацыяй гэта будзе адкладаньне праблемы на наступны год, або — праз год.".

Аляксандар Лукашэнка пакуль што ніяк не камэнтуе сытуацыю на валютным рынку, старанна абмінае гарачую тэму і афіцыйная прапаганда. Мараторый на размовы з журналістамі наклала кіраўніцтва Нацбанку — усе запыты туды павінны накіроўвацца ў пісьмовым выглядзе. Адказ на пытаньне, якое ўсіх хвалюе сёньня, спэцыялісты абяцаюць падрыхтаваць цягам 10 дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG