Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць у Менску на санкцыі ЗША супраць беларускага дзяржаўнага канцэрну "Беларуснафта" — за яго дзейнасьць у Іране?

Адміністрацыя прадпрыемства прыняла рашэньне не камэнтаваць санкцыі ЗША. Начальнік упраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці "Беларуснафты" Сяргей Макараў сказаў:

"Гэтае пытаньне сёньня раніцай ужо абмяркоўвалася з кіраўніцтвам, з усімі зацікаўленымі службамі, і ў тым ліку з генэральным дырэктарам нашага прадпрыемства. Камэнтароў ад "Беларуснафты" ня будзе".

Спадар Макараў пацьвердзіў распаўсюджаныя ў мэдыях словы намесьніка гендырэктара канцэрну Леаніда Вайцехіна, які заявіў, што "Беларуснафта" прадбачыць праблемы ў рэалізацыі замежных праектаў і інвэстыцыйнай праграмы. Санкцыі могуць выклікаць праблемы з імпартам тэхналягічнага абсталяваньня з Канады і ЗША. Таксама яны могуць закрануць шэраг замежных праектаў — у Вэнэсуэле, Расеі й Іране.

"Усе гэтыя рэчы сказаныя правільныя. Як сказаў Леанід Пятровіч, будзем вымушаныя шукаць іншых пастаўшчыкоў. Не змаглі запэўніць з аднаго боку забесьпячэньне, будзем шукаць іншы".

Начальнік упраўленьня інфармацыі беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных заявіў:

Андрэй Савіных
"Беларускі бок лічыць гэтае рашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША неправамерным. Аднабаковыя санкцыйныя дзеяньні зьяўляюцца контрпрадуктыўнымі і наносяць шкоду разьвіцьцю двухбаковых дачыненьняў".

Эканамічны аглядальнік газэты "Беларусы і рынак" Тацяна Манёнак лічыць, што санкцыі ЗША — нядобры знак найперш для іміджу кампаніі "Беларуснафта", якая працуе на розных рынках. Аднак наўрад ці гэта будзе мець нейкія сур'ёзныя эканамічныя наступствы.

Тацяна Манёнак
"Дзякуючы пагадненьням па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы Беларусь атрымала магчымасьць самастойна экспартаваць нафту на эўрапейскія рынкі. Іншая рэч, якія наступствы будуць цяпер для бізнэсу ў Іране. Там пакрокава рэалізоўваўся праект па здабычы нафты. І меркаваліся пастаўкі нафты ў Беларусь. Што будзе цяпер для бізнэсу, сказаць складана. І яшчэ такі аспэкт, што "Беларуснафта" працуе ў Вэнэсуэле. Створана сумеснае прадпрыемства, якое павінна ў гэтым годзе здабыць каля мільёна тон нафты. І гэтая нафта якраз рэалізоўвалася на амэрыканскім рынку".

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, падобныя санкцыі ў тых ці іншых варыянтах ужываліся і раней:

Леанід Заіка
"Іх дзеяньне можна падзяліць на два этапы. Гэта кароткатэрміновы эфэкт, які можа адбіцца адчувальна на пастаўшчыках, экспартных пастаўках беларускіх нафтапрадуктаў і гэтак далей. Гэта вельмі непрыемна, гэта зьмяншэньне тэмпаў разьлікаў, бо ўсе апэрацыі мы вядзем па даляру. І калі асабліва ідзе гаворка пра іранскія кампаніі, тут узьнікнуць праблемы. Калі глядзець на доўгатэрміновы пэрыяд, то гэтыя праблемы абыходзяцца. Амэрыканскія спэцыялісты самі ведаюць, што тут ня будзе моцнай шкоды, але яны маюць дэманстрацыйны, паказальны эфэкт".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG