Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Няўжо зноў гадамі будзе цягнуцца амаральны гандаль палітвязьнямі?.."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Многія аўтары допісаў, адрасаваных на "Свабоду", па-ранейшаму згадваюць падзеі 19-га сьнежня ў Менску, вынікам якіх сталі масавыя арышты палітычных апанэнтаў дзейнага рэжыму. У Беларусі працягваюцца суды над затрыманымі тады палітычнымі і грамадзкімі актывістамі. Вось і на мінулым тыдні арыштаваныя напярэдадні 19-га сьнежня Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі асуджаныя адзін — на два, а другі — на чатыры гады пазбаўленьня волі.

На гэты прысуд адгукнуўся Віталь Зарэмба зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Выказваючы абурэньне тым, што моладзевыя актывісты паводле сумнеўных абвінавачаньняў атрымалі турэмныя тэрміны, слухач піша:

"Тое, як судзілі Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава — гэта ганьба на ўвесь сьвет. Хлопцаў пасадзілі толькі таму, што баяцца іх палітычнай актыўнасьці, таго, што яны павядуць за сабой моладзь на плошчу. Дзе доказы, дзе сьведкі, дзе аргумэнты, дзе справядлівасьць?

Дзясяткі апазыцыйных палітыкаў пакутуюць у турме толькі за тое, што наважыліся выйсьці на Плошчу пасьля так званых "выбараў".

Гэта — абуральна. Такога няма нідзе ў Эўропе.

І колькі гэты гвалт будзе працягвацца? Няўжо зноў гадамі будзе цягнуцца амаральны гандаль палітвязьнямі і Захад маўкліва сьцерпіць чарговыя пляўкі ў свой твар?

Пасьля такога судзілішча трэба нешта рабіць. Нельга далей цішком сядзець, як мышы пад венікам. Міжнародная супольнасьць павінна нарэшце сказаць сваё важкае слова"
.

Сваё важкае слова ў такіх сытуацыях найперш павінна гаварыць само беларускае грамадзтва, спадар Віталь. Ніхто ні з Захаду, ні з Усходу не прынясе беларусам ні дэмакратыю, ні дабрабыт, ні справядлівую судовую сыстэму. У гэтым сэнсе вашы папрокі на адрас заходняй дэмакратычнай супольнасьці гучаць ня надта аргумэнтавана. Адтуль дапамагаюць у той ступені і такім чынам, як лічаць патрэбным і эфэктыўным. Але падтрымка ідзе на карысьць найперш тады, калі той, каму дапамагаюць, сапраўды робіць усё магчымае, каб дасягнуць жаданага выніку.

Чаму ў сёньняшняй Беларусі адбываецца па-іншаму? Чаму сярод дэмакратычна настроеных людзей распаўсюджанае меркаваньне, што зьмены ў краіну павінен прынесьці нехта звонку, збоку? Гэта — асобная вялікая праблема, у якой шмат прычын рознага кшталту — гістарычных, эканамічных ды іншых...

Напрыканцы лютага беларуская Палата прадстаўнікоў раптам затурбавалася, ці адпавядае міжнародным стандартам польскі закон аб "карце паляка". Нагадаю, гэтая карта — дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць грамадзянаў былога Савецкага Саюзу да польскай нацыі і дае іх уладальнікам шэраг ільготаў на тэрыторыі Польшчы. Напрыклад, права на бясплатную польскую візу ці спрошчаны парадак працаўладкаваньня, навучаньня, мэдычнай дапамогі. Наш слухач Алесь Станкевіч з Горадні, пачуўшы навіну пра заклапочанасьць беларускіх дэпутатаў, піша:

"Глупства задумалі служкі рэжыму. Можна падумаць, што палякі, калі прымалі закон, не задумваліся, ці адпавядае ён міжнароднаму праву. Многія эўрапейскія краіны ўжо даўно падобным чынам дапамагаюць сваім супляменьнікам, якія ў сілу розных прычын апынуліся за мяжой. Напрыклад, ня першы год існуе і дзейнічае "Карта вугорца".

Увогуле, "карту паляка" на сёньня атрымалі ўсяго толькі каля 17 тысяч беларускіх грамадзянаў. Хоць агулам палякаў у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, больш за 300 тысяч.

Лягічнае пытаньне: а чаму б Лукашэнку ў адказ ня ўвесьці "карту беларуса"? Гэта ж дало б ільготы сотням тысяч беларусаў у Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне. Але гэтага беларуская ўлада ня робіць. Чаму? Бо спатрэбілася б некалькі мільёнаў даляраў. Напэўна, рэжым вырашыў, што лепш іх патраціць на чыноўнікаў ды сілавікоў.

А што з так званым малым памежным рухам — спрошчаным парадкам перасячэньня мяжы для жыхароў памежнай паласы? Польскія ўлады даўно, яшчэ год таму, прынялі і зацьвердзілі ўсе неабходныя дакумэнты. А Лукашэнка іх дагэтуль не падпісаў. Вось так ён у сапраўднасьці турбуецца пра інтарэсы простых беларусаў і палякаў, якія жывуць на памежжы"
.

Думаю, спадар Алесь, пад вашымі словамі ахвотна падпісаліся б многія этнічныя беларусы, што жывуць за мяжой. Я, напрыклад, ведаю нямала нашых суайчыньнікаў, якія пасьля распаду СССР засталіся ў Літве, сталі літоўскімі грамадзянамі. Пераважна гэта людзі сталага веку, зь ня надта высокімі пэнсіямі. Як ім выбрацца да сваякоў у Беларусь, калі беларуская віза каштуе 60 эўра? Ды яшчэ паедзь па яе ў Вільню, пастой у чарзе, сабяры мноства папераў. Адразу пасьля ўвядзеньня "карты паляка" шмат хто зь іх чакаў, што беларуская ўлада ў дачыненьні да сваіх суайчыньнікаў паступіць падобным жа чынам — пачне выдаваць бясплатныя шматразовыя візы безь лішніх бюракратычных працэдураў, дазволіць бясплатнае навучаньне ў сваіх ВНУ іхным дзецям і ўнукам, увядзе льготы на праезд... Чаканьні, аднак, аказаліся марнымі. Замест таго каб даць сваім, вырашылі адабраць у чужых... Хоць не зусім зразумела, на што ў канчатковым выніку спадзяецца Менск? Няўжо на тое, што афіцыйная Варшава кінецца выконваць распараджэньне беларускага Канстытуцыйнага суду і адбярэ ўва ўсіх беларускіх палякаў гэтыя карты?

Аўтар наступнага ліста, былы вайсковец Мікола Канаховіч з Пружанаў зьвяртае ўвагу на тое, як людзі сталага веку шануюць колішнія савецкія сьвяты — дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Савецкай арміі, гадавіны нараджэньня Леніна. Іх у гэтыя дні нярэдка можна ўбачыць з кветкамі ля помнікаў Леніну, ваенных манумэнтаў. Некаторыя прышпільваюць да грудзей чырвоныя стужкі. Спадар Канаховіч з гэтай нагоды піша:

"Калі б у гэтых дзядуль і бабуль была хоць кропля мудрасьці, чалавечай годнасьці ды патрыятызму, дык яны разам са сваімі ўнукамі-праўнукамі 25-га сакавіка, на Дзень Волі, прынесьлі б кветкі ў Курапаты, на магілы ахвяр камунізму. А 8-га верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы, прыйшлі б з кветкамі на магілу Васіля Быкава. Вось гэта былі б учынкі, вартыя павагі да старэйшага пакаленьня, узоры патрыятычнага выхаваньня нашчадкаў.

Таму не крыўдуйце, дзядулі і бабулі, калі вам не саступаюць месца ў грамадзкім транспарце ці яшчэ недзе. І не наракайце, калі вашы родныя дзеці ці ўнукі ўладкуюць вас дажываць век у інтэрнат для састарэлых. Бо гэта вы самі выхавалі іх такімі, стварылі для сябе такі лёс, ды яшчэ пры гэтым пазбавілі будучыні сваіх нашчадкаў. На хлусьні, крывадушнасьці, гістарычным бяспамяцтве незалежнасьць краіны не пабудуеш. А безь незалежнасьці ня будзе дабрабыту, згоды ды ўзаемапавагі і ў нашых сем'ях"
.

Спадар Мікола сам належыць да старэйшага пакаленьня, не адно дзесяцігодзьдзе аддаў вайсковай службе і, відавочна, мае маральнае права прад'яўляць падобныя прэтэнзіі сваім аднагодкам. Хоць, натуральна, людзі сталага веку вартыя спагады і паблажлівага стаўленьня да некаторых сваіх схільнасьцяў. Усё ж, спадар Мікола, трэба рабіць папраўку на ўзрост, на тое, што многія людзі, якія лепшыя дзесяцігодзьдзі свайго жыцьця правялі ў іншай сыстэме каардынат, ня могуць на схіле веку ў адно імгненьне памяняць погляды ды ідэалы.

Рэгіна Барысевіч зь Менску — інвалід зь дзяцінства. Ёй ужо за шэсьдзесят. Жыве адна, у аднапакаёвай каапэратыўнай кватэры, якую пабудавала ў свой час за ўласныя грошы. Летась у жанчыны ўзьнік канфлікт зь мясцовай жыльлёвай службай, падчас якога яна адмовілася плаціць за камунальныя паслугі. Быў доўгі разбор, потым суд — асноўную запазычанасьць спадарыня Рэгіна ўрэшце добраахвотна пагасіла. Суд зафіксаваў, што жыльлёвая служба ад судовага пазову супраць яе адмовілася. Праўда, засталася нясплачанай пеня, якая назьбіралася за доўгія месяцы канфлікту — паўтара мільёна рублёў.

І вось 23 лютага да спадарыні Рэгіны завіталі прадстаўнікі ЖЭСу і, спасылаючыся на распараджэньне дырэктара, адключылі электрасілкаваньне кватэры. У сваім лісьце на "Свабоду" слухачка з гэтай нагоды піша:

"Вось ужо 21 дзень я застаюся ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету, у бездапаможным стане. Зь цяжкасьцю перамяшчаюся ў цемры. Неабходныя лекі даводзіцца шукаць навобмацак. Тэлефон працуе ад электрасеткі, дык засталася і бяз сувязі. А я ж часта маю патрэбу ў неадкладнай мэдычнай дапамозе. Як цяпер выклікаць "хуткую"?

Тым людзям, якія прыйшлі адрэзваць электрычнасьць, я спрабавала даводзіць, што ЖРЭА ўжо адмовілася ад судовага пазову, што камунальныя паслугі я аплаціла ў добраахвотным парадку. Але мае аргумэнты і абгрунтаваньні ніхто не захацеў слухаць.

Я патэлефанавала ў міліцыю. Але дзяжурны адказаў, што яны ў такіх выпадках у падзеі ня ўмешваюцца.

І вось яшчэ што мяне трывожыць. Незадоўга да гэтага выпадку да мяне вечарам прыходзіла нейкая чыноўніца са ЖРЭА Фрунзенскага раёну. Спасылаючыся на даручэньне Ўправы сацыяльнай абароны, яна цікавілася, ці маю я патрэбу ў староньняй дапамозе і ці зьяўляецца кватэра маёй уласнасьцю. Тут я задумалася: ці ня ёсьць гэта рэалізацыяй той новай дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў адносінах да такіх, як я — пажылых, самотных, інвалідаў, за каго няма каму заступіцца? Відаць, нам мяркуюць стварыць такія невыносныя ўмовы для жыцьця ў сябе дома, каб мы подбегам кінуліся ў, так бы мовіць, "сацыяльныя рэзэрвацыі", якія стварае дзяржава. А нашы кватэры ў такім разе дастануцца чыноўнікам"
.

Дапускаю, што з фармальнага пункту гледжаньня жэсаўскія начальнікі мелі такія паўнамоцтвы — адключыць электрычнасьць да таго моманту, пакуль ня будуць кампэнсаваныя ўсе запазычанасьці — і асноўныя, і пеня. Пасьля таго як шэрагі даўжнікоў за камунальныя паслугі павялічыліся да вялізных маштабаў, урад даў такія правы камунальным службам. Адключаюць цяпер хутка і бяз доўгіх угавораў — і электрычнасьць, і ваду, і нават каналізацыю — часам асуджаючы гэтым на пакуты ня столькі хранічнага даўжніка, колькі ягоных суседзяў.

Справа, аднак, у тым, што даўжнікі — розныя. Як і гісторыі, і прычыны іхных запазычанасьцяў, і наступствы гэтых адключэньняў. Жэсаўскія начальнікі не маглі ня бачыць, што перад імі — не алькагалічка, не наркаманка, не жабрачка. Што прычыны яе канфлікту з камунальнай службай зусім ня тыя, што ў тыповых няплатнікаў. Урэшце, што, адрэзаўшы электрычнасьць у гэтай кватэры, яны ствараюць вялізную праблему пажылой адзінокай жанчыне, інваліду зь дзяцінства.

Дзейнічалі, выглядае, па звыклай схеме: ёсьць урадавая пастанова, ёсьць сьпіс паўнамоцтваў, ёсьць электрарубільнік... А дзе ў гэтай схеме чалавек і чалавечнасьць?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG