Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархісты пачалі знаёміцца з сваімі справамі


Зьняволеныя актывісты анархісцкага руху Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Максім Веткін і Аляксандар Францкевіч знаёмяцца з матэрыяламі справы. Тэрмін азнаямленьня скончыцца 12 красавіка, затым справу перададуць у суд.

Маладым людзям былі выстаўленыя абвінавачаньні адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, за што ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, – паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі "Вясна".

У ноч з 30 на 31 жніўня 2010 году на тэрыторыю расейскай амбасады ў Беларусі былі кінутыя дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю. Яны трапілі ў службовы аўтамабіль амбасады, у выніку чаго пачаўся пажар. Ахова хутка выявіла загараньне і справілася зь ім.

Маладых анархістаў таксама вінавацяць у кіданьні дымавой шашкі каля Генштабу РБ 19 верасьня 2009 году, у кіданьні бутэлькі з “кактэйлем Молатава” 9 сакавіка 2010 году ў будынак ГУПП «ЖКГ«Комплекс» у Салігорску. 30 красавіка 2010 году была кінутая запальная сумесь у будынак Дому прафсаюзаў. Усе эпізоды з нападамі аб'ядналі ў адну крымінальную справу.

Акрамя таго, Аляксандру Францкевічу было выстаўлена дадатковае абвінавачаньне – ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму, што кваліфікуецца па ч.2 арт. 351 КК РБ (“Кампутарны сабатаж”).
XS
SM
MD
LG