Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларуснафта": санкцыі ЗША абцяжараць рэалізацыю замежных праектаў


У кампаніі "Беларуснафта" прадбачаць праблемы ў рэалізацыі замежных праектаў і інвэстыцыйнай праграмы аб'яднаньня ў зьвязку з уключэньнем "Беларуснафты" ў сьпіс кампаній, адносна якіх дзейнічаюць эканамічныя санкцыі ЗША.

"Уведзеныя санкцыі небясьпечныя для нас, у першую чаргу, праблемамі з імпартам тэхналягічнага абсталяваньня, якое мы закупляем для мадэрнізацыі ўласнай вытворчай базы ў асноўным у Канадзе і ЗША. Цяпер мы будзем вымушаныя шукаць іншых пастаўшчыкоў абсталяваньня, а годных вытворцаў у сьвеце не так ужо і шмат ", - паведаміў "Інтэрфаксу" намесьнік гендырэктара "Беларуснафты" Леанід Вайцехін.

Ён адзначыў, што "Беларуснафта" актыўна рэалізуе цэлы шэраг замежных праектаў - у Вэнэсуэле, Расеі й Іране.

"Санкцыі закрануць фінансавае абслугоўваньне гэтых праектаў, будзе абцяжараны рух фінансавых патокаў. І калі Вэнэсуэлы гэта тычыцца ў меншай меры, то па Ірану гэта будзе для нас адчувальна", - сказаў Вайцехін.

Закранаючы распаўсюджаную ў камюніке дзярждэпартамэнта ЗША інфармацыю аб тым, што "Беларуснафта" ў 2007 годзе падпісала кантракт на 500 мільёнаў даляраў з кампаніяй NaftIran Intertrade, адносна распрацоўкі нафтавага радовішча Jofeir у Іране, Вайцехін адзначыў, што абвінавачваньні з гэтай нагоды "ня цалкам грунтоўныя".

"Нас абвінавачваюць у тым, што мы займаемся здабычай нафты ў
Іране. Але СП "Белпарс", якое было створана ў рамках згаданага кантракту, не выступае апэратарам па здабычы нафты ў Іране. Здабывае нафту іранскі бок, "Белпарс" жа зьяўляецца апэратарам па бурэньні сьвідравін і іх сэрвісным абслугоўваньні", - сказаў Вайцехін.

Пастанова Кангрэсу ЗША ад 1996 году прадугледжвае санкцыі супраць усіх кампаніяў, што інвэстуюць звыш 20 мільёнаў даляраў у іранскую нафтагазавую галіну. Вашынгтон мяркуе, што Тэгеран выкарыстоўвае свае даходы ад нафтаздабычы для фінансаваньня праграмы па распрацоўцы ядзернай зброі.

Нават калі Беларусьнафта цяпер не вядзе камэрцыйнай дзейнасьці ў ЗША, яе магчымасьць працаваць на амэрыканскім рынку ў будучыні – будзе абмежаваная, – заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Марк Тоўнэр.

Зьнешнепалітычнае ведамства ЗША нагадвае, што ў верасьні мінулага году ў адпаведнасьці з законам аб санкцыях супраць Ірану Злучаныя Штаты прымусілі спыніць інвэстыцыі ў іранскі энэргетычны сэктар пяць кампаніяў: Total (Францыя), Statoil (Нарвэгія), ENI (Італія), Royal Dutch Shell (Нідэрлянды) і INPEX (Японія).

Што да Беларусі, то, як адзначыў Марк Тоўнэр, гаворка ідзе аб чатырох відах санкцый, забароне на падтрымку экспарту ад Экспартна-імпартнага банку ЗША, на атрыманьне экспартнай ліцэнзіі ад ураду ЗША, на атрыманьне ад прыватнага амэрыканскага банку крэдыту больш чым на 10 млн. даляраў на працягу году, а таксама на падпісаньне кантрактаў з урадам ЗША.

Як заявіў Тоўнэр, увядзеньне санкцый зьяўляецца таксама сыгналам для партнэраў ЗША ў Эўропе. "Я ўпэўнены, што гэтая кампанія мае ці хоча мець доступ на эўрапейскія рынкі", — сказаў прадстаўнік дзярждэпартамэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG