Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалобная вестка прыйшла зь Любліну – там пасьля цяжкай хваробы, на 74-м годзе жыцьця памёр прафэсар лацінскай і грэцкай моваў, манах-марыянін, архімандрыт Раман Пентка.

Быў ён 57 гадоў манахам і 47 гадоў сьвятаром. Быў палякам, але я б яго назваў беларусафілам.

У 50-я гады малады манах Рышард Пентка пазнаёміўся у адным з марыянскіх кляштараў Польшчы з выдатным беларускім уніяцкім сьвятаром, доктарам Тамашом Падзявам. Друйскі марыянін айцец Падзява разам зь іншымі марыянамі быў высланы зь Беларусі на місію ў Харбін, пасьля быў выдадзены кітайцамі саветам, сядзеў у лягерох, а ў 50-я гады быў вызвалены і, як польскі грамадзянін, адпушчаны ў Польшчу. Польскія ж камуністычныя ўлады не сьпяшаліся адпускаць яго далей на Захад, і ён, перш чым выехаць у Лёндан да беларускіх марыянаў, на некалькі гадоў затрымаўся ў Польшчы. Вось так у айца Рышарда-Рамана зьявіўся настаўнік, які далучыў яго да бізантыйскай хрысьціянскай традыцыі.

У 1969 годзе айца Рамана прызначылі пробашчам адзінай у Польшчы нэа-уніяцкай парафіі ў вёсцы Кастамлоты непадалёк ад Тэрэспалю. Там да нашых дзён захавалася драўляная уніяцкая царква сьвятога Мікіты 1631 году, а ў ёй – падораны ўладарамі Прылукаў (цяпер на беларускім баку Бугу) абраз сьвятога Мікіты таго ж году. Айцец Раман быў там пробашчам да 2007 году, да пачатку сваёй хваробы. Амаль 40 гадоў ён езьдзіў у Люблін на лекцыі і вяртаўся ў Кастамлоты да сваіх сьвятарскіх абавязкаў.

Яго гасьцінны дом заўсёды быў адчынены для беларусаў. Над яго плябаніяй разьвіваўся бел-чырвона-белы сьцяг. І зь Менску, і з Прагі я дасылаў яму беларускія кніжкі. Ён вельмі любіў беларускія народныя песьні і заўсёды прасіў іх засьпяваць. Мне запомнілася, як я аднойчы зь сябрамі ехаў у Люблін на машыне з айцом Раманам. Ён папрасіў засьпяваць нейкую беларускую ваярскую песьню. Мы грымнулі “У гушчарах...”, ён падхапіў і так мы і ехалі да Любліна, паўтараючы гэты марш некалькі разоў...

І вось ужо няма з намі вясёлага і шчырага архімандрыта Пенткі... А мне думаецца ў гэтыя дні, як могуць злучацца і перасякацца ў нашай памяці розныя імёны, падзеі, успаміны... Неяк айцец Раман асьвяціў і падараваў мне маленькі драўляны абразок Багародзіцы зь Ісусам, які я заўсёды вазіў з сабой у машыне. Калі мне давялося адвозіць у праскую лякарню на апэрацыю Васіля Быкава, я перадаў абразок Васілю Ўладзімеравічу на шчасьце і ўдачу. Абразок той быў з Быкавым і ў праскай клініцы, і ў Бараўлянах. Ён насіў яго з сабой у кішэні. Перад пахаваньнем народнага пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава ўклала той абразок у кішэню быкаўскага пінжака. Зь ім яго і пахавалі...

Са сьмерцю айца Рамана ўскалыхнуліся думкі і ўспамны. Друйскія марыяне: Абрантовіч, Цікота, Германовіч, Падзява. Іх вучань Пентка. Наш выдатны пісьменьнік і грамадзянін Васіль Быкаў.

Ірвуцца ніці часу...

Айцец Раман Пентка ў сваёй кастамлоцкай царкве Сьв.Мікіты. Ззаду ад яго, справа, цудадзейны беларускі абраз Сьвятога Мікіты 1631 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG