Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандр Класкоўскі-малодшы разам з адвакатам Ірынай Бурак завяршылі знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы. У бліжэйшыя тыдні два крымінальная справа можа паступіць у суд. Пра гэта "Беларускаму партызану" паведаміў бацька абвінавачанага, журналіст Аляксандр Класкоўскі.

"Відаць, мой зварот да Генэральнага пракурора адыграў сваю ролю, таму што адвакату дазволілі бесьперашкодна сустракацца з маім сынам – колькі трэба. Але ілюзій сын ня мае. Абвінавачваньне сфармулявана, сын абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сын маральна гатовы да найгоршага варыянту, да самага жорсткага прысуду. Думаю, гэта пасланьне і ўсім сілавым структурам, людзям у пагонах: калі лейтэнант міліцыі – хай сабе і былы – выходзіць на плошчу, мала яму ня здасца. Гэта мэсыдж ўсім сілавым структурам ", – мяркуе Аляксандр Класкоўскі-бацька.

На працягу двух тыдняў, лічыць журналіст, крымінальная справа можа патрапіць у суд. Улічваючы тую акалічнасьць, што заканчваецца азнаямленьне з крымінальнымі справамі Мікалая Статкевіча, Зьмітра Вуса, то "сын можа апынуцца ў клетцы адначасова зь іншымі фігурантамі".

"На цуд спадзявацца не даводзіцца", – падкрэсьліў Аляксандр Класкоўскі.

25 сакавіка адвакат Ірына Бурак накіравала хадайніцтва аб зьмене меры ўстрыманьня Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму і выказала нязгоду зь некаторымі пунктамі абвінавачваньня.

"Думаю, у адносінах да сына можа ўжывацца прынцып "калектыўнай віны ". Калі ўжо гучаць фармулёўкі "бясчынствуюшчы натоўп, які дзейнічае як адзінае цэлае ", – на кожнага абвінавачанага можна павесіць і ледасек, і 5 кустоў ядлоўца (казацкага), і 8 мэтраў труб. Ноў-хаў беларускага правасудзьдзя – прынцып калектыўнай віны, калі на кожнага абвінавачанага можна павесіць усе гэтыя кусты і трубы, не абцяжарваючы сябе доказам віны, – будзе ужыты і ў адносінах да сына ", – заявіў А. Класкоўскі.

Класкоўскі-малодшы Аляксандр – былы супрацоўнік міліцыі. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Прад’яўленае абвінавачваньне па чч.1 і 2 арт.293, таксама ў абразе прадстаўніка ўлады (ст.369 КК) і ў самавольным прысваеньні званьня ці ўлады службовай асобы (ст.382 КК). Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня ў сябе дома.
XS
SM
MD
LG