Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алена Ліхавід: Бяда ў тым, што ў майго дзіцяці беларускі пашпарт


Судзьдзя Партызанскага райсуду Менску Натальля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста Руху “За свабоду” Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і пакарала яго трыма з паловай гадамі зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.

Мікіта Ліхавід стаў восьмым палітвязьнем, засуджаным за падзеі 19 сьнежня мінулага году ў Менску. Яшчэ больш за трыццаць вязьняў чакаюць судовых працэсаў.

Госьця “Начной Свабоды” – маці Мікіты Ліхавіда Алена Ліхавід


Соўсь: Разумею, што вам цяжка цяпер гаварыць, але ваша ацэнка судовага працэсу і прысуду?

Бяда ў тым, што ў майго дзіцяці беларускі пашпарт. Так атрымліваецца, што калі зараз адпусьціць майго Мікіту і вынесьці яму апраўдальны прысуд, тады трэба адпускаць усіх, спыніць усе судовыя справы, спыніць перасьлед, арышты.
Ліхавід:
Ну якая мая ацэнка... Натуральна, я не чакала такога. Прысуд суровы, доказнай базы не было. Яна рассыпалася зь першага дня, сёньня адвакат гэта яшчэ раз даказала, даказала, што масавых беспарадкаў не было. У мяне склалася такое ўражаньне, што ні судзьдзя, ніхто іншы ня чуў гэтага, склалася ўражаньне, што прысуды ўжо напісаныя. Іх проста агалошваюць. У мяне, вядома, была надзея, што прысуд будзе хаця б умоўны, бо і расейцы са штрафамі выйшлі, і Мядзьведзь. Бяда ў тым, што ў майго дзіцяці беларускі пашпарт. Так атрымліваецца, што калі зараз адпусьціць майго Мікіту і вынесьці яму апраўдальны прысуд, тады трэба адпускаць усіх, спыніць усе судовыя справы, спыніць перасьлед, арышты...

Соўсь: Як Мікіта ўспрыняў прысуд? Што сказаў?

Ліхавід: Нічога ён не пасьпеў сказаць, таму што міліцыянты яму адразу пачалі накладаць на рукі кайданкі, але адвакат сказала, што ён таксама не чакаў такога прысуду. Ён быў да нечага гатовы, але тры з паловай гады... Ён дастойна трымаўся, толькі глядзеў на нас, але міліцыя закрывала яго ад нас, каб мы нават не маглі на яго глядзець. Ясна, яму цяжка, ён у цяжкім эмацыйным стане сёньня, бо працэс цягнецца ўжо тыдзень.

Не, я ня бачу іншага выйсьця. І я яшчэ раз зьвяртаюся да Эўразьвязу ад імя ўсіх жонак і мацярок – пачынайце нешта рабіць! Таму што візавых санкцыяў мала
Соўсь:
Пасьля абвяшчэньня прысуду вы зьвярнуліся да прадстаўнікоў Эўразьвязу ад імя свайго сына ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Іншай магчымасьці спыніць рэпрэсіі вы ня бачыце?

Ліхавід: Не, я ня бачу іншага выйсьця. І я яшчэ раз зьвяртаюся да Эўразьвязу ад імя ўсіх жонак і мацярок – пачынайце нешта рабіць! Таму што візавых санкцыяў мала.

Соўсь: Наведнікі нашага сайту актыўна камэнтуюць судовы працэс над вашым сынам, я працытую некалькі камэнтароў. “Судзьдзя, пракурор і ўвогуле судовая сыстэма у Беларусі фактычна пераўтварыліся у тройкі сталінскія…”, “Надыдзе і твой час, "судзьдзя" Пыкіна. Турма па табе ўжо плача!!!”Што вы думаеце пра судзьдзяў, пракурораў? Ці лёгка ім было працаваць на гэтым працэсе?

Ліхавід: Калі выступала адвакатка ў спрэчках, у судзьдзі на твары было напісана, проста чыталася: "Адвакат, вы занадта шмат гаворыце". Яна ў прынцыпе ня слухала, а ў пракурора, як мне здалося, проста была ўхмылка на твары... Я разумею, што свой адбітак накладае і прафэсія, але калі выступіла наша адвакатка, у залі ўсе пачалі пляскаць, апрача пацярпелых міліцыянтаў, але ў судзьдзі не было ніякіх эмоцый, яна проста ня слухала адвакатку.

Соўсь: Ці гаварылі вы з "пацярепелымі" спэцназаўцамі?

І адзін мой знаёмы пачуў, калі вынесьлі прысуд, як адзін з пацярпелых міліцыянтаў-амапаўцаў сказаў: "Ничего себе"
Ліхавід:
Не, але там было вельмі шмат маіх сяброў. І адзін мой знаёмы пачуў, калі вынесьлі прысуд, як адзін з пацярпелых міліцыянтаў-амапаўцаў сказаў: "Ничего себе". Гэта значыць, нават яны зьдзівіліся. Маўляў, пасьля такога працэсу, калі доказную базу проста разьбілі ў пух і пер'е, і вынесьці такі прысуд – нават яны былі ўражаныя.

Соўсь: Хто вас падтрымлівае цяпер?

Ліхавід: Вы ведаеце, я за гэты час набыла вельмі шмат сяброў, і рух "За Свабоду", і “Салідарнасьць”, і бацькі і жонкі зьняволеных – вялікі дзякуй усім і нізкі паклон. Сёньня я ўбачыла, што вельмі многім неабыякава ўсё, што адбываецца І вам дзякуй, што даяце магчымасьць выказацца ў простым эфіры, каб хоць нехта пачуў, што адбываецца.

Соўсь: Ці пойдзеце вы на суды над іншымі фігурантамі справы 19 сьнежня?

Гэта цяпер мой доўг, маё жыцьцё, штосьці цяпер перавярнулася ў маёй сьвядомасьці, я буду змагацца разам з усімі
Ліхавід:
Абавязкова, абавязкова. Я буду старацца, хоць, можа, не заўсёды атрымаецца, але па магчымасьці я заўсёды буду наведваць усе суды і буду падтрымліваць родных і блізкіх, мацярок і жонак. Гэта цяпер мой доўг, маё жыцьцё, штосьці цяпер перавярнулася ў маёй сьвядомасьці, я буду змагацца разам з усімі.

Соўсь: Што б вы сказалі свайму сыну, калі б ён меў магчымасьць пачуць вас на Радыё Свабода?

Ліхавід: Я б яму сказала: "Сыночак, трымайся, мы разам з табой, ты не адзін". І мужнасьці яму. Яшчэ я хацела яму сказаць, але не пасьпела: "Усё будзе добра, і ты хутка будзеш дома".
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG