Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтарадыё» працягне змагацца за эфірныя хвалі


У аўторак 29 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пакінуў у сіле рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні аб спыненьні вяшчаньня «Аўтарадыё». Новы склад суду — гэтым разам судзьдзя Дзьмітрый Аляксандраў — не задаволіў пазоў радыёстанцыі да Рэспубліканскай камісіі.

Два з паловай месяцы дырэктар «Аўтарадыё» Юры Базан абскарджвае папярэджаньне Міністэрства інфармацыі і рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Мінінфарму аб спыненьні вышчаньня. Адзін суд «Аўтарадыё» выйграла. Мінінфарм падаў скаргу. Спадар Базан кажа, што гэта нагадвае гульню ў пінг-понг. Лік пакуль 2:1 на карысьць Мінінфарму. Але «Аўтарадыё» не зьбіраецца здавацца:

«Мы пойдзем па шляху Міністэрства інфармацыі. Будзем падаваць касацыйныя скаргі. Проста ніякага іншага шляху няма».

Папярэджаньне Мінінфарму не стала прычынай спыненьня вяшчаньня. Прычына — парушэньне так званай творчай канцэпцыі, у якой дакладна ў працэнтах пазначаныя суадносіны музыкі, рэклямы, навінаў, праграм у эфіры радыёстанцыі. У «Аўтарадыё» знайшлі парушэньні ў дзесятыя долі працэнта.

Базан: «Ды яе выканаць немагчыма! Прафэсар-матэматык даказаў, што нельга яе выканаць, бо рэкляма скача! Нават калі паспрабуеш дакладна выконваць, дык Мінінфарм патрабуе выкананьня з дакладнасьцю да сэкунды. Праграму новую ня можаш уключыць, таму што трэба нешта выключаць. Усе праграмы павінны быць аднолькавай даўжыні. Абсурд поўны. Я ж кажу, нават матэматычна даказалі, што гэта невыканальна! Але судзьдзя нават слухаць ня стаў: маўляў, ёсьць лічбы, разыходжаньні, таму парушылі».
Нават матэматычна даказалі, што гэта невыканальна!


Прыкладны ўзор творчай канцэпцыі зьмешчаны на афіцыйным сайце Мінінфарму ў разьдзеле «Памяткі, рэкамэндацыі, інструкцыі, формы, парадкі, табліцы, пералікі». То бок гэта нават не нарматыўна-прававы акт. Спрабую высьветліць, хто зацьвярджае гэтую творчую канцэпцыю, на якіх прынцыпах, у супрацоўніка Упраўленьня электронных СМІ Юрыя Царыка, які абараняў інтарэсы Мінінфарму ў судзе:

— Я, на жаль, ня меў дачыненьняў да распрацоўкі нарматыўна-прававых актаў, таму не магу пракамэнтаваць дадзенае пытаньне кампэтэнтна.

— А хто можа?

— Хм… Шчыра кажучы, добрае пытаньне… Я ў прынцыпе, мог бы паспрабаваць удакладніць, хто кампэтэнтна гэта пытаньне можа пракамэнтаваць.

Юры Царык папрасіў патэлефанаваць яму праз паўгадзіны. Але потым, параіўшыся з кіраўніцтвам, выказаў пазыцыю Мінінфарму:

«Камэнтароў ня будзе. Тым больш гэта мае дачыненьне да справы, якая, хутчэй за ўсё, будзе аскарджвацца, як я разумею. Таму без камэнтароў».

Цікава, што да іншых FM-радыёстанцый у Мінінфарму ніколі прэтэнзій па выкананьні творчай канцэпцыі не было. Дырэктар радыё «Рокс» Валянціна Пісьмак, што да выкананьня творчай канцэпцыі, кажа:

«Яны быццам бы адсочваюць, але нічога ня кажуць. Галоўнае — 75% выконваць».

Праграмны дырэктар радыё «Юністар» Юлія Заўгародняя выклала сваё разуменьне выкананьня канцэпцыі:

«У нас дакладных пісьмовых інструкцый няма і ніколі не было. «Аўтарадыё, наколькі я ведаю, заявіла, што пакуль іх ня будзе, мы іх не абавязаныя выконваць. І мы сапраўды не абавязаныя. Мы разглядаем гэта як 75% нашага музычнага вяшчаньня. У нас, акрамя гэтага, шмат не музычных элемэнтаў эфіру, але мы іх не бярэм у разьлік. Толькі колькасьць песень. Калі ў гадзіну, да прыкладу, гучыць 12 кампазыцый, 8 зь іх павінны быць беларускімі».

На пытаньне, чаму Мінінфарм па-рознаму ставіцца да розных СМІ, у панядзелак на працэсе з «Народнай Воляй» трапна адказала начальнік прававога ўпраўленьня Вікторыя Мялешка. Сэнс адказу такі: кожны дзень тысячы грамадзянаў парушаюць правілы дарожнага руху, а да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваюць адзінак. Маўляў, Мінінфарм ня ў стане ўсе СМІ адсочваць, а толькі выбарачна…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG