Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Замкавай плошчы ў Варшаве ў аўторак адбылася акцыя, удзельнікі якой нагадвалі мінакам пра падзеі, што адбыліся ў Беларусі 19 сьнежня і ў наступныя 100 дзён.

Замкавая плошча ў Варшаве традыцыйна зьяўляецца месцам правядзеньня розных пікетаў, хэпэнінгаў і дэманстрацыяў. Некалькі дзясяткаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі зрабілі там своеасаблівы калідор зь вялікімі здымкамі, якія ілюструюць тое, што адбывалася ў Беларусі 100 дзён таму – у дзень прэзыдэнцкіх выбараў.


Менавіта так – “100 чорных дзён” – называецца акцыя, арганізаваная інфармацыйным бюро салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю пад кіраўніцтвам журналісткі Юліі Слуцкай.


Паводле ўдзельнікаў мерапрыемства, падзеі перадусім у Афрыцы ў пэўным сэнсе забралі ўвагу цывілізаванага заходняга сьвету ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Зрабіўшы калідор зь вялікіх здымкаў і раздаючы ўлёткі з інфармацыяй аб падзеях у Беларусі, мясцовыя беларусы хацелі нагадаць палякам пра тое, што адбывалася ў Беларусі 100 дзён таму і што адбываецца цяпер.


На мінулым тыдні па ўсёй Польшчы прайшла беспрэцэдэнтная хваля салідарнасьці зь Беларусьсю. Гэта былі розныя акцыі, пэрформансы і канцэрты, а падсумаваньнем стаў вялікі канцэрт у Варшаве "Салідарныя зь Беларусьсю" ў нядзелю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG