Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску выносілі з будынку мэблю і здымалі шыльды. 31 сьнежня мінулага году беларускія ўлады заявілі пра закрыцьцё прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі і далі час для тэхнічнага высяленьня місіі. Прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску працавала ад 1998 году.

Каля будынку ў Менску, дзе месьціўся офіс АБСЭ, яшчэ засталіся шыльда і сьцяг арганізацыі. Аўтаадказьнік паведамляе, што «вы датэлефанаваліся ў офіс АБСЭ ў Менску». Аднак офіс ужо не працуе. А яго высяленьне працягнецца да канца сакавіка, адказалі па тэлефоне:

«Офіс АБСЭ ў Менску як арганізацыя ўжо зачынены. Закрыцьцё офіса ідзе».

У беларускім Міністэрстве замежных спраў паведамілі, што пазыцыя беларускага боку не мяняецца. Яе агучыў яшчэ 31 сьнежня прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ён заявіў, што закрыцьцё «абумоўлена адсутнасьцю аб’ектыўных падстаў для захаваньня місіі АБСЭ ў Беларусі».

Мікалай Лазавік
Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, офіс «нам не патрэбны». Адносна далейшага супрацоўніцтва з экспэртамі АБСЭ ў справе дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства спадар Лазавік адзначыў, што «яны канчаткова дыскрэдытавалі сябе сваімі неаб’ектыўнымі ацэнкамі і сваімі подлымі паводзінамі»:

«Дыпляматы, прадстаўнікі краін АБСЭ цудоўна ведалі, які ўклад унесьлі арганізатары выбараў у дэмакратызацыю выбарчага працэсу, і ў выніку яны рэкамэндавалі, па сутнасьці, сваёй справаздачай кіраўніцтву ЭЗ накласьці абмежавальныя санкцыі на арганізатараў выбараў. Інакш як подласьцю я гэта назваць не магу».

Цягам амаль трох месяцаў на адрас афіцыйнага Менску паступалі патрабаваньні адмяніць рашэньне аб закрыцьці офіса АБСЭ ў Менску. Выказалі шкадаваньне і ЗША, і ЭЗ. Ачольніцы замежнапалітычных ведамстваў ЗША і Эўразьвязу Гілары Клінтан і Кэтрын Эштан у адмысловай заяве адзначылі, што крытычная ацэнка выбараў у Беларусі місіяй АБСЭ сьведчыць пра тое, што місія гэтай арганізацыі ў Беларусі — не завершаная. Не змаглі ўгаварыць афіцыйны Менск і прадстаўнікі Літвы, якая ад 1 студзеня старшынюе ў АБСЭ.

Ута Цапф
Кіраўніца працоўнай групы па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф сказала карэспандэнту «Свабоды», што адсутнасьць офісу не дазволіць весьці працяглае назіраньне за сытуацыяй у Беларусі.

«Гэта само сабой зразумела, было б цудоўна, калі б офіс АБСЭ мог застацца ў Беларусі. Аднак у канцы гэтага месяца ён зачыняецца, гэта ўжо вырашана. Яны павінны ачысьціць памяшканьне, і, я думаю, ня так хутка нешта новае наладзіцца».

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што беларускія ўлады вырашылі зачыніць офіс, каб прыбраць адсюль лішнія вочы.

Андрэй Фёдараў
«Вельмі моцная была крыўда з-за справаздачы БДІПЧ з прэзыдэнцкіх выбараў. Улады лічаць, што моцна паспрыялі гэтаму супрацоўнікі офісу, хоць, я думаю, гэта не зусім так. Але і раней былі імкненьні неяк адсюль офіс прыбраць, бо ён мазоліць вочы і назірае».

Ці паглыбіць ізаляцыю афіцыйнага Менску высяленьне офісу?

«Я думаю, у такім стане, у якім цяпер існуе беларускае кіраўніцтва, гэта не паглыбіць ізаляцыі, бо яна ўжо і так настолькі глыбокая. І гэтая дробязь моцна не паўплывае на гэтую ізаляцыю, ня ўзмоцніць яе».








Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG