Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўторак Нацбанк афіцыйна дазволіў усім камэрцыйным й дзяржаўным банкам на пазабіржавым рынку падвышаць афіцыйны курс валюты да 10 працэнтаў. Тым часам на спажывецкім рынку гандляры і без дазволу ўладаў падвышаюць цэны на харчаваньне, прамысловыя й будаўнічыя тавары.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Замест пастановаў павінна быць сапраўдная лібэралізацыя»


Рост цэнаў на Берасьцейшчыне прыватныя фірмы і індывідуальныя прадпрымальнікі тлумачаць нестабільнасьцю цяперашняй сытуацыі на валютным рынку.

Берасьцейскі прадпрымальнік Аляксандар, які завозіць у рэгіён на продаж кампутарную тэхніку, адзначае, што за апошнія тыдні кошты пры безнаяўных аплатах павялічыліся ў сярэднім на 15%. Суразмоўца называе прычыны гэтага:
пры безнаяўным разьліку ўсё падаражэла на 15% …

«Калі аплата вядзецца за наяўныя грошы, то практычна тут нічога не зьмянілася. А вось пры безнаяўным разьліку ўсё падаражэла на 15%.

Што да курсу даляра, то пры разьліках фірмы выстаўляюць кошты ў памеры 3500, 3600, а то і 3900 рублёў.

Востра адчулі на сабе гэтыя праблемы прыватныя будаўнічыя фірмы. З валютных рахункаў нельга зьняць гатоўку. Таму немагчыма набыць будаўнічыя матэрыялы, не хапае грошай нават, каб выплочваць заробкі. Гаворыць спэцыяліст адной з будаўнічых фірмаў Берасьця Аляксандар:
немагчыма практычна зьняць з валютных рахункаў грошы…

„Дырэктар фірмы размаўляў з рабочымі. Зараз немагчыма практычна зьняць з валютных рахункаў грошы. Востра не хапае сродкаў на выплату заробкаў. Разам з тым многія аб’екты адчуваюць нястачу будаўнічых матэрыялаў. Трэці дзень на найбуйнейшым у нас аб’екце няма матэрыялаў, бо немагчыма правесьці аплаты. А калі рахункі будуць адкрытыя — невядома“.

Актывіст прадпрымальніцкага руху зь Берасьця Віктар Чайкоўскі кажа, што сытуацыя на валютным рынку адлюстроўвае агульны стан у краіне».

«У Беларусь не паступаюць інвэстыцыі. Мы зараз жывем у доўг. Якія захады робяцца ўладамі? Выпісваюцца толькі пастановы, уводзяцца розныя абмежаваньні, але гэта не прывядзе да паляпшэньня сытуацыі. Перадусім востра неабходныя рэформы, рынак павінен быць свабодным. Толькі лібэралізацыя эканомікі выратуе сытуацыю».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Можна не хадзіць у абменьнік, даляры прынясе «валютчык»

Прадпрымальнікі гандлёвых цэнтраў Магілёва занепакоеныя сытуацыяй з валютай. Кажуць, што на тавары варта павышаць цэны, але сумняваюцца ў мэтазгоднасьці гэтага. У пакупнікоў няма грошай.

Пакупнікоў у гандлёвых цэнтрах вобмаль. Гандляры бавяць працоўны час, гутарачы між сабой. Валютны крызіс — адна з асноўных тэмаў. Бальшыня тых, аднак, каму задаваў пытаньне наконт нястачы валюты ў абменьніках, адказваць адмаўляліся. Безь мікрафону — калі ласка. Некаторыя ўсё ж адважваліся:

«Усе новыя паступленьні будуць аблічвацца па новым курсе валюты»

«Пакуль, шчыра кажучы, па банках валюта „праскоквае“. Пакуль пытаньне вырашаецца. Аднак калі валюты ня будзе ў абменьніках, калі давядзецца набываць недзе на „чорным“ рынку, то, зразумела, гэта будзе адбівацца на цэнах — яны будуць расьці. Натуральна, усе новыя паступленьні будуць аблічвацца па новым курсе. Ад гэтага будуць цярпець людзі. Што рабіць, мы пакуль, шчыра кажучы, ня ведаем», — мяркуе гандляр спартовай вопраткай.

Прагноз гандляра: «Цэны яшчэ падрастуць»

Гандляр кухонным начыньнем цьвердзіць, што на ягоным бізнэсе пакуль валютны крызіс не адбіўся, бо ён закупляе тавар за беларускія рублі:

«Валюта ўсё ж будзе. Будуць жа працаваць нейкія ценявыя рынкі валют. Але яе кошт будзе вышэйшы. Як некалі, калі было некалькі курсаў валют. Нацбанку, біржавы, безнаяўны й чорнага рынку. Цэны тады, вядома, падрастуць».

Ягоны калега, гандляр вопраткай, цьвердзіць, што падымаць цэны няма сэнсу, бо й так гандлю няма, а курс даляра расьце:

«Адкрываецца чорны рынак. Там даляр 3200–3250. Падымаць цэны трэба. А ў нас канкурэнцыя. Цяжка падняць. Адзін на адным сядзім. Тавар і так не бяруць. У народу няма грошай. Усё на харчы ідзе. А яшчэ як падымеш, то зусім перастануць браць. Дэвальвуюць, напэўна, рубель. Вось і ўся пэрспэктыва. Рубель упадзе, і ўсё. Чыноўнікі яго не ўтрымаюць. Можа, у красавіку будзе» .

Сакрэтам таго, як прадпрымальнікі набываюць валюту, падзяліўся адзін з гандляроў. Паводле яго, выручае карпаратыўная еднасьць прадпрымальнікаў у гэтым пытаньні:

«Ёсьць знаёмыя ў абменьніках, і калі штосьці прыплывае ў абменьнік, нейкая сума значная, тысяча-паўтары даляраў, то пры тэлефанаваньні мы спускаемся й забіраем. Нават, каб не хадзіць у абменьнік, можна заказаць таму ж валютчыку — ён прынясе пэўную суму да канца дня».

ВІЦЕБШЧЫНА


Валюту разьбіраюць банкіры

Суразмоўцу віцебскага карэспандэнта нашага радыё давялося стаць сьведкам таго, як супрацоўнікі мясцовага банка самі выкупілі валюту, якую банк атрымаў для продажу кліентам.

Аршанскі прадпрымальнік Аляксандар Крывіцкі зьбіраецца па тавар ва Ўкраіну, але ня можа набыць валюту ў Беларусі. Ён расказвае:
Сёньня я быў у «Прыёрбанку» і «Беларускім банку». «Інвэстбанк» таксама не прадае, і «Аграпрамбанк» не прадае… Нават расейскіх рублёў няма! …

«Увогуле няма ніякіх грошай! 1 красавіка зьбіраўся паехаць у Хмяльніцкі, закупіць тавар. І ўсе бакі кажуць, што да 1 красавіка нічога не прадаюць. Сёньня я быў у „Прыёрбанку“ і „Беларускім банку“. „Інвэстбанк“ таксама не прадае, і „Аграпрамбанк“ не прадае… Нават расейскіх рублёў няма! У нас жа тут у асноўным у Маскву па тавар езьдзяць, дык вось для іх праблема — няма „расеі“. І грыўнаў нідзе няма! Ва Ўкраіну зьбіраюся, і ніводнай грыўны нідзе не набыў!»

Аляксандру Крывіцкаму давялося стаць сьведкам таго, як разыходзіцца валюта, якую ў абмежаванай колькасьці камэрцыйныя банкі атрымліваюць штораніцы — яе раскупляюць самі банкаўскія працаўнікі:

«Нацыянальны банк у нас ёсьць, знаходзіцца па вуліцы 60 год БССР. У 9.30 адчыняецца, а да таго часу ўсе банкаўскія працаўнікі паздымалі са сваіх рахункаў мяхі грошай і куплялі валюту. Калі для наведнікаў дзьверы адчынілі і мы, чалавек 5, зайшлі, дык банкаўскіх там ужо чалавек 10 было. Напэўна, былі рахункі ў рублях у банкаўскіх работнікаў, яны грошы рэзка так здымаюць, валюту набываюць… Пратрымаюць усё ў далярах, потым, да прыкладу, даляр будзе ўжо 3500, стабілізуецца, дык яны зноў на беларускія памяняюць і іх укладуць! Вось такая сыстэма…»

«Найгорш тым, хто раней узяў валютныя крэдыты»

Прадпрымальніца Ірына Яскевіч кажа, што асабліва цяжка цяпер тым, хто браў валютныя крэдыты — іх трэба вяртаць менавіта ў валюце, якой няма. Цярпяць і тыя прадпрымальнікі, якія езьдзяць па тавар не ў Расею, а ў Польшчу ці ў Турцыю. Таму людзі аб’яжджаюць розныя банкі, чакаюць у чэргах, пакуль замежныя грошы нехта здасьць.

Падвышаны попыт на валюту можа быць выкліканы і тым, што беларусы не давяраюць кіраўніцтву краіны і сьпяшаюцца назапасіць замежныя грошы, кажа спадарыня Яскевіч:

Ірына Яскевіч
«Можа, гэтае зьнікненьне валюты мае некалькі адсоткаў штучнасьці. Таму што людзі перастрахоўваюцца. Бо калі пачынаюцца выступы пра тое, што «ўсё ў нас будзе добра», то мы ўжо звыклі: як нам «добрага» паабяцаюць — значыць, трэба хутчэй бегчы і чаго-небудзь назапашваць«.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Ня можам заплаціць за аўтамашыны, падводзім партнэраў…»

Міжнародныя грузаперавозчыкі адразу адчулі на сабе наступствы абмежаваньняў у продажы валюты. А вытворцы мэблі скардзяцца на тое, што дагэтуль даводзіцца падводзіць сваіх партнэраў.

Уладальнік невялікай прыватнай фірмы, якая займаецца міжнароднай перавозкай грузаў, спадар Уладзімер, кажа, што наступствы абмежаваньня куплі валюты фірма адчула як непасрэдныя, так і ўскосныя.

Вось якія наступствы для сваёй фірмы ўласьнік называе непасрэднымі.
большасьць кліентаў адмаўляюцца з намі расплочвацца валютай, а плоцяць толькі рублямі …

Спадар:
«Вось зараз мы маем дзьве машыны ў лізінгу, і за іх трэба выплочваць валютай. А цяпер большасьць кліентаў адмаўляюцца з намі расплочвацца валютай, а плоцяць толькі рублямі. А мне для аплаты крэдытаў і лізінгу патрэбная валюта».

Спадар Уладзімер кажа, што зараз у банку дазволілі купіць валюту, але, зь яго слоў, кошт гэтае валюты ўжо ня будзе ранейшым. Яшчэ ўласьнік фірмы кажа, што ён зазнае і ўскосныя наступствы, якія, на яго думку, ня менш значныя.

Спадар:
«Менш стала замоваў, бо меней стала імпарту, а мы галоўным чынам возім з Польшчы ў Беларусь. Мінулыя два тыдні было вельмі цяжка. Да прыкладу, калі я працаваў з адным партнэрам, то на мінулых тыднях даводзілася самім шукаць іншых кліентаў, каб хоць на нечым далі зарабіць».

«Не хапае валюты на выкананьне кантрактаў з польскімі й расейскімі кампаніямі»

Уладальніца невялікага мэблевага цэху ў Горадні спадарыня Вера распавядае, што складанасьці тут адчулі найперш пры набыцьці фурнітуры, якую, каб рабіць мэблю, завозяць з-за мяжы.

Спадарыня: «Мы парушаем кантрактныя абавязаньні, бо не хапае валюты своечасова заплаціць па кантрактах. У нас кантракты заключаныя з польскімі і расейскімі кампаніямі».

Карэспандэнт: «А як партнэры да гэтага ставяцца?»


Спадарыня:
«Пакуль з разуменьнем. Мы даслалі ім лісты і абмежавалі закупку фурнітуры. А вось сваіх кліентаў пакуль не падводзім, яшчэ маем пэўны запас фурнітуры».

Пра далейшы лёс свайго бізнэсу спадарыня Вера адмовілася гаварыць, бо спрагназаваць у такой сытуацыі, зь яе слоў, нічога немагчыма.

Эканамічны экспэрт «Свабоды» Леанід Заіка: Сытуацыя можа зрабіцца падобнаю да шырокага інфаркту

Леанід Заіка
«Разьвіцьцё сытуацыі мажлівае па двух варыянтах:

— курс даляра выраўняецца зь невялікай дэвальвацыяй — на 8–10%;

— курс будзе пад узьдзеяньнем попыту яшчэ больш дэвальвавацца, і пры адсутнасьці адпаведных дзеяньняў ураду і Нацбанку сытуацыя можа зрабіцца падобнаю да шырокага інфаркту.

Тое, што зрабіў зараз Нацбанк, я лічу першымі крокамі ў патрэбным кірунку. Далей трэба ўводзіць цэлы комплекс захадаў па павелічэньні попыту на беларускія рублі, продажы нерухомасьці і зямлі — увогуле, стаўку рабіць на доўгатэрміновыя захады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG