Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 сакавіка на Ўправе Партыі БНФ абмеркаваны плян абароны сядзібы БНФ па вуліцы Машэрава (раней – Варвашэні), 8, зь якой менскія ўлады патрабуюць выселіцца да 1 красавіка.

28 сакавіка прадстаўнікі Партыі БНФ падалі скаргу ў Менскі гарадзкі гаспадарчы суд на рашэньне ЖРЭА Савецкага раёну Менску спыніць дамову пра арэнду памяшканьня партыяй ад 1-га красавіка 2011 году. Паводле сябру сойму партыі Юры Чавусава, патрабаваньне выселіцца з сядзібы выключна палітычнае.

Юрась Чавусаў
"Адбылося гэта якраз у пэрыяд, калі на Ўправе Партыі БНФ праводзілася беспрэцэдэнтна маштабная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі, калі тут зьбіраліся рэчы, грошы на перадачы і адвакацкую дапамогу для вязьняў Акрэсьціна. Якраз у гэты час было прынятае рашэньне не працягваць дамову арэнды для Партыі БНФ. Але нягледзячы на тое, што рашэньне палітычнае, мы абавязаныя скарыстаць усе юрыдычныя магчымасьці, каб адстаяць гэтае памяшканьне. То бок будуць ужывацца і палітычныя, і юрыдычныя мэханізмы, каб, як мага доўга, захоўваць тут гэтую "Выспу Свабоды".

19 сакавіка Сойм Партыі БНФ прыняў рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што цягам дзесяцігодзьдзяў цэнтральны офіс БНФ знаходзіўся ў памяшканьні па вуліцы Машэрава (раней – Варвашэні), 8. “Усе гэтыя гады Партыя БНФ выконвала ўмовы арэнды. Цяпер ніякай запазычанасьці па арэндзе не існуе. І цяпер праз пазбаўленьне Партыі БНФ яе юрыдычнага адрасу ўлады спрабуюць абцяжарыць легальнае існаваньне авангарду нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Сойм запатрабаваў неадкладнага скасаваць палітычна матываванае рашэньне і дэкляраваў гатоўнасьць сяброў БНФ да правядзеньня бестэрміновай акцыі негвалтоўнага супраціву. Гэтае пытаньне абмеркавана і на сёньняшнім пасяджэньні Ўправы.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ад 28 сакавіка, фактычна, стартуе кампанія абароны сядзібы:

Аляксей Янукевіч
"Безумоўна, мы будзем рабіць захады па абароне сядзібы. Мы не плянуем пераходзіць на нейкі такі цалкам ужо на такі асадны, абарончы рэжым. Ад 1 красавіка мы будзем працягваць тут працаваць і офіс партыі як працоўны офіс, як цэнтар грамадзкага жыцьця Менску будзе працягваць існаваць да таго моманту як мы будзем знаходзіцца".

Партыя БНФ заклікала дзеячаў культуры, беларускіх музыкаў практычна штодня праводзіць на сядзібе культурніцкія імпрэзы салідарнасьці з Управай Партыі БНФ.

"Мы таксама будзем тут увесь час знаходзіцца, будзем уводзіць начныя дзяжурствы, каб ва ўлады не было спакусы, што на такое незаконнае рашэньне мы адкажам тым, што мы проста выйдзем і пакінем офіс. Мы перакананыя,што праўда на нашым баку і мы будзем гэтую праўду адстойваць.Безумоўна, мы не плянуем дапускаць нейкага фізычнага гвалту. Аднак сваёй прысутнасьцю сталай тут на Ўправе мы таксама будзем рабіць захады супраць таго, каб мы маглі быць адсюль выселеныя".

Паводле спадара Янукевіча, нават, калі ўлады адключаць сьвятло ці іншыя камунікацыі, партыйцы свой офіс не пакінуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG