Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк дазволіў банкам дадаваць да афіцыйнага курсу валюты 10%


Куплю-продаж замежнай валюты паміж банкамі і суб’ектамі гаспадараньня можна будзе зьдзяйсьняць па курсе, які можа адхіляцца ад афіцыйнага курсу ня больш чым на 10 адсоткаў.

У прэс-рэлізе "Аб разьвіцьці пазабіржавага валютнага рынку" Нацбанк накіраваў банкам свае новыя рэкамэндацыі адносна валютнага рынку. Нацбанк хоча зьменшыць нагрузку на біржавы сэктар валютнага рынку, перавёўшы большую частку ўгодаў куплі-продажу па-за біржу. Гэтыя захады маюць на мэце "пашырыць магчымасьці банкаў па задавальненьні попыту беларускіх прадпрыемстваў на замежную валюту".

Прыводзім паведамленьне Нацбанку цалкам:

"З пачатку 2011 году Нацыянальным банкам праводзіцца праца для ўдасканаленьня мэханізму функцыянаваньня ўнутранага валютнага рынку Рэспублікі Беларусь. Так, у разьвіцьці гэтага рынку асноўны акцэнт робіцца на яго пазабіржавы сэгмэнт, дзе могуць пераразьмяркоўвацца да 70 працэнтаў сродкаў у замежнай валюце, якія паступаюць на рахункі прадпрыемстваў ад экспарту тавараў і паслуг. Пазабіржавы валютны рынак ужо ў бліжэйшай пэрспэктыве павінен стаць найбольш ліквіднай і ёмістай часткай унутранага валютнага рынку, на якой попыт прадпрыемстваў на замежную валюту будзе задавальняцца банкамі на рынкавых прынцыпах максымальна апэратыўна і ў поўным аб’ёме.

Адпаведныя рэкамэндацыі Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь накіраваныя банкам лістом ад 2011/03/29 № 31 16/99 "Аб устанаўленьні абменных курсаў замежных валют", якім прапанавана ўгоды куплі-продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб’ектамі гаспадараньня зьдзяйсьняць па курсе, які можа адхіляцца ад афіцыйнага курсу ня больш чым на 10 адсоткаў.

Рэалізаваныя захады дадуць магчымасьць пашырыць магчымасьці банкаў задавальняць попыт беларускіх прадпрыемстваў на замежную валюту, павысяць зацікаўленасьць экспартэраў у рэалізацыі сваёй валютнай выручкі, а таксама будуць спрыяць стварэньню ўмоў, неабходных для нарошчваньня дзяржаўных золатавалютных рэзэрваў і дасягненьню замежнаэканамічнай збалянсаванасьці ў пэрспэктыве".
XS
SM
MD
LG