Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы засьцерагаюць: Лукашэнка можа стаць другім Кадафі


Падчас візыту Кадафі ў Менск у 2008

Падчас візыту Кадафі ў Менск у 2008

Пакуль увага Захаду прыкавана да рэвалюцыяў у арабскім сьвеце, Беларусь скочваецца да дыктатуры, піша Le Monde. Заснавальнік і старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, які 24 сакавіка наведаў Парыж, заклікаў францускі МЗС ужыць эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека бліжэйшым часам мае намер апублікаваць даклад аб рэпрэсіўных акцыях уладаў Беларусі. Па словах кіраўніка місіі FIDH у Беларусі Сашы Кулаевай, "навіной сталі рэпрэсіі ў дачыненьні да адвакатаў, якія абараняюць затрыманых, у прыватнасьці, кандыдатаў ад апазыцыі". Яна адзначае, што "такога не было нават у савецкія часы".

21 сакавіка Эўразьвяз дадаў 19 імёнаў да сьпісу са 157 беларускіх службовых асобаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ з-за іх датычнасьці да нядаўніх рэпрэсіяў. Аднак гэтыя меры, па словах старшыні "Вясны", "малаэфэктыўныя". "Прэзыдэнт Лукашэнка вельмі спалохаўся, – прыводзіць словы Бяляцкага выданьне. – Як мы бачылі на прыкладзе Тунісу і Эгіпту, падобныя рэжымы могуць загінуць у любы момант. Перад выбарамі яму здалося, што свабода слова прывядзе да страты кантролю над грамадзтвам".

Бяляцкі выступае за ўзмацненьне жорсткасьці санкцый эканамічнага парадку, каб задушыць рэжым і справакаваць яго распад. "У іх страўнік замест мозгу, – кажа Бяляцкі. – Яны думаюць толькі аб прывілеях і міжнародных крэдытах. Калі зь імі гавораць аб гуманістычных каштоўнасьцях, у вачах у іх пуста". На думку Бяляцкага, Эўразвязу варта разгледзець тры віды мер: спыненьне прадстаўленьня крэдытаў, адмова ад закупак зброі ў Беларусі, купля нафтапрадуктаў у Расеі замест Менску. "Калі дзейнічаць хутка, рэжым можа абрынуцца праз месяц", – лічыць дырэктар "Вясны".

Як паведамляе выданьне са спасылкай на пэўныя крыніцы, беларускія валютныя рэзэрвы амаль вычарпаныя, рэальны дэфіцыт бюджэту дасягае катастрафічных велічынь, над краінай навісла пагроза дэвальвацыі. "Трэба спыніць Лукашэнку цяпер, інакш ён стане другім Кадафі", – цытуе выданьне словы Сашы Кулаевай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG