Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Ліхавіду — тры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму

абноўлена

Судзьдзя Партызанскага райсуду Менску Натальля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста Руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і пакарала яго трыма з паловаю гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Мікіта Ліхавід стаў восьмым палітвязьнем, засуджаным за падзеі 19 сьнежня мінулага году ў Менску ў часе пратэстаў супраць несумленных выбараў. Яшчэ каля трыццаці вязьняў чакаюць судовых працэсаў.

Пасьля абвяшчэньня прысуду маці Мікіты Ліхавіда Алена заявіла журналістам і іншым прысутным на працэсе, што будзе абскарджваць гэты несправядлівы прысуд:

«Калі б мой сын быў расейскім грамадзянінам, то атрымаў бы штраф, а так за беларусаў няма каму заступіцца. Я зьвяртаюся да эўрапейцаў ад імя свайго сына, ад імя іншых палітвязьняў: пачынайце ўводзіць эканамічныя санкцыі, інакш гэта ня спыніцца» — сказала Алена Ліхавід. Свой кароткі выступ яна скончыла словамі: «Жыве Беларусь!»


Жорсткі прысуд Мікіту Ліхавіду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00
Наўпроставы лінк


Праваабаронца Алесь Бяляцкі: «Адбываецца расправа над невінаватымі людзьмі»


«Паводзіны ўлады — менавіта ўлады, бо суды у гэтым выпадку толькі прылады ў руках выканаўчай улады — паказваюць, што страх перад верагоднымі зьменамі ў Беларусі прымушае іх ісьці на такія жорсткія крокі і неапраўданыя прысуды. Бо гэты прысуд стаіць у шэрагу іншых і сьведчыць пра тое, што беларускія ўлады сваю пазыцыю зьмяняць не зьбіраюцца. Што і надалей яны будуць максымальна жорстка перасьледаваць абвінавачаных па гэтай справе — для мяне тут усё зразумела. Для мяне зараз надзвычай важная актыўнасьць беларускага грамадзтва. Наколькі беларускае грамадзтва здольнае адэкватна адрэагаваць на такія прысуды? Бо адбываецца, фактычна, расправа над невінаватымі людзьмі. І падчас гэтых судовых працэсаў мы цудоўна бачым, што „віна“ гэтых людзей не даказаная. Ці зможам адпаведна адрэагаваць на гэтыя прысуды мы — беларускае грамадзтва — гэта вялікае пытаньне».

Праваабаронца Наста Лойка: «Усё больш закладнікаў, каб гандляваць імі з Эўропай»


«Працягваецца беспадстаўны перасьлед удзельнікаў акцыі ў вельмі жорсткай форме. Прычым, мяне зноў зьдзіўляе вельмі дрэнная падрыхтоўка тых, хто адказвае за гэтыя суды і на тым узроўні, на якім прымаюцца рашэньні. Бо калі прыводзяць 29 пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі, зь іх пераважная большасьць ні праз мэдычныя даведкі, ні праз экспэртызы, ні якім іншым чынам не пацьвярджае свае пабоі, калі адзін сьведка прызнае, што ён хлусіў, складаючы пратаколы і рапарты на Мікіту Ліхавіда, што яны прызнаюцца ў тым, што чынілі беззаконьні 19 сьнежня, а затым хлопца караюць такім тэрмінам — неапраўдана жорсткім, усё гэта сьведчыць пра тое, што ўлады абралі палітыку запалохваньня і пакараньня ўсіх, хто думае інакш. І такім чынам знаходзяць усё больш закладнікаў, каб гандляваць імі з Эўропай і іншымі краінамі».

Наста Палажанка: «Жудасны прысуд, як і ўсе іншыя»


Актывістка Маладога Фронту Наста Палажанка: «Безумоўна — жудасны прысуд, як і ўсе іншыя. Бачна, што сыстэма не дэманструе асабістага падыходу, а раўняе ўсіх пад свой каток. Шчыра спадзяюся і веру, што ўсе гэтыя людзі выйдуць нашмат раней».

Леў Марголін: «Далей можна чакаць горшага»


Адзін зь лідэраў АГП Леў Марголін: «Спадзяваньні на тое, што далей будзе менш жорстка, што, магчыма, будуць умоўныя прысуды — не апраўдаліся. Можна чакаць самага горшага, — што тым, каго называюць арганізатарамі, будуць даваць па 7-8 гадоў».

Валянцін Стэфановіч: «Віна Мікіты Ліхавіда ў судзе даказаная не была»


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сачыў за працэсам Мікіты Ліхавіда, гэтак ацаніў суровы прысуд хлопцу:

«Лічу, што самога факту масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску не было. Судовы разбор па справе Ліхавіда гэта яшчэ раз пацьвердзіў. Існуе пералік прыкмет, якія характарызуюць масавыя беспарадкі, гэта ў тым ліку пагромы, падпалы, збройны супраціў міліцыі. Доказаў таго, што ўсё гэта было ў дзень выбараў у Менску, у судзе не прагучала», — сказаў Стэфановіч БелаПАН.

Акрамя таго, праваабаронца лічыць, што ў судзе не была даказаная віна самога Ліхавіда, у прыватнасьці, у тым, што ён нібыта зьнішчаў маёмасьць Дома ўраду.

Віталь Рымашэўскі: «Тыя, хто неправамерна выносіць такія прысуды, будуць пакараныя»


«Я спадзяюся, што ні ён, ні іншыя, каму былі вынесеныя прысуды, не адбудуць прызначаныя тэрміны. А тыя людзі, якія неправамерна выносяць такія рашэньні, — яны будуць пакараныя. Я ў гэта веру і буду за гэта змагацца».

Вінцук Вячорка: «Спадзевы на нейкую гуманізацыю гэтай улады ілюзорныя»


«Не хацелася б паўтараць банальнасьці, што гэта назапашваецца „капіталец“ для таргоў жывымі душамі, бо тут галоўнае — велізарны ўдар, які нанесьлі па гэтым маладым чалавеку. Думаю, што ў кожнага, хто зь ім сутыкаўся ці зараз сачыў за ягоным лёсам, нічога, акрамя сымпатыі, ён не выклікае. І гэта ўсё, безумоўна, паказвае ілюзорнасьць спадзеваў і разьлікаў на нейкую гуманізацыю гэтай улады».


Мілінкевіч: "Хачу, каб такіх, як Мікіта, было болей"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00
Наўпроставы лінк


16.00 Перапынак у судзе да 18.00, калі чакаецца прысуд.

15.50 Ліхавід ў апошнім слове заявіў, што лічыць сябе невінаватым у масавых беспарадках і папрасіў суд абмежавацца пакараньнем, якое ён адбыў.

15.10
Пацярпелыя ўсе ад удзелу ў спрэчках адмовіліся. Сваю прамову пачала адвакат Дар’я Ліпкіна. Яна лічыць, што падзеі 19 сьнежня нельга лічыць масавымі непарадкамі. Падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву не было, сам Ліхавід нічога не зламаў. Адвакат нагадала, што ў людзей ёсьць права на мірныя мітынгі і дэманстрацыі.

Адвакат нагадала, што ўсе пацярпелыя не прыйшлі на экспэртызу, а таксама тое, што мітынгоўцы, паводле сьведкі Алега Гулака ды іншых, паводзілі сябе мірна.

Дар’я Ліпкіна адзначыла, што не было ніякага ўзброенага супраціву, бо ў дэманстрантаў не было зброі.

Адвакат лічыць, што ў дзеяньнях Ліхавіда не было складу злачынства. Яна адзначыла, што Ліхавід паддаўся настрою натоўпу.

Адвакат мяркуе, што дзеяньні Ліхавіда не падпадаюць пад артыкул 293-2 Крымінальнага кодэксу, і просіць суд апраўдаць яго. Яе выступ сустрэлі воплескамі.


15.00
Прадстаўнік абвінавачваньня Антон Загародзкі (ён жа быў на працэсе Васіля Парфянкова), заявіў, што віна Ліхавіда цалкам даказаная, і ён сам прызнаў яе часткова. А пацярпелыя паказалі, што непарадкі былі і яны з-за іх пацярпелі. Загародзкі заявіў, што на відэа відаць, як б’юць шкло і дзьверы.

Пракурор просіць пакараць Ліхавіда 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму

13.40
У судзе абвешчаны перапынак. Пасьля перапынку пачнуцца судовыя спрэчкі. Першым выступіць пракурор.

13.30
Адвакат заявіла хадайніцтва, каб запрасілі відэакасэту, якую здымаў адзін з «пацярпелых» міліцыянтаў Сарока, і якая нібыта знаходзіцца ў Менгравыканкаме. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

12.50
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак распавядае пра падзеі 19 сьнежня. Ён распавёў, што падчас праходу людзей з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці ніхто ня нёс жалязякаў, ці дручкоў, ці нечага іншага, калёнай ніхто не кіраваў, заклікаў парушаць парадак не было. Алег Гулак паведаміў, што ён пытаўся ў міліцыянтаў, чаму яны не спыняюць тых, хто б’е шкло і дзьверы. Міліцыянты ў цывільным не адрэагавалі. Толькі праз 30 хвілін зьявіўся спэцназ і біцьцё шкла спынілася. З трыбуны гучалі заклікі да перамоваў.

«Калі пачаўся разгон і зачыстка плошчы Незалежнасьці спэцназам, амапаўцы „грузілі“ людзей у аўтазакі, якія было каля 10. Некаторыя амапаўцы білі людзей нематывавана. Мяне таксама затрымалі, хаця я казаў, што я назіральнік БХК».

Гулак ня выключыў, што натоўп правакавалі на супраціў, калі выставілі супраць яго ўсяго адну роту АМАПу.

12.50 Сьведка Людміла Шэпелева, настаўніца.
Кажа, што Ліхавід — добры, актыўны вучань з грамадзянскай пазыцыяй на якога можна было абаперціся.

12.30 Сьведка Юры Дудараў
сказаў, што Ліхавід прыязны, добразычлівы хлопец. Ён заўсёды выказваў свае погляды. Сьведка Вадзім Літвінаў, сябра, засьведчыў, што Ліхавід вельмі любіць сваю радзіму

12.20
Сьведка Аляксандар Мілінкевіч паказаў, што Ліхавід быў актыўны, неабыякавы, неагрэсіўны, выхаваны, быў аднымі з арганізатараў «Эўрапейскага форуму». Сьведка Натальля Лычкоўская ведае яго 20 гадоў як добрага, чулага, які дапамагаў змагацца за тое, каб не забудоўвалі двара.

12.10
Сьведка Аляксандар Ціцянкоў кажа, што Мікіта Ліхавід — вельмі добры працаўнік.

12.00
Адвакат просіць дапытаць сьведкаў падзеяў — старшыню Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака ды іншых 6 сьведкаў — наконт асобы Ліхавіда. Суд пагадзіўся

11.50 Адвакат Дар’я Ліпкіна заўважае, што на відэа бачна, што мітынг мірны, а штурм рабіла асобная групоўка. 20 хвілінаў працягваліся гэтыя хуліганскія дзеяньні, а іх ніхто не спыняе. Ліхавіда відаць на стужцы недзе 5 хвілінаў, ён гэтага не адмаўляе.

11.40 Паказваюць кадры сутычак. Анатоль Лябедзька б’е па відэакамэры. Потым — разгон.

11.30 Праглядаюць кадры біцьця шкла і дзьвярэй Дому ўраду. У натоўпе аднаго разу быў відаць твар Ліхавіда. Штурм паказваюць хвілін пяць пад воклічы «Далоў», зноў відаць твар Ліхавіда.

11.15. Праглядаюць відэа пра падзеі 19 сьнежня, гучыць голас Андрэя Саньнікава «Пара мяняць лысую гуму», потым Рыгора Кастусёва «Разам і бацьку біць весялей», «Свабодныя выбары без Лукашэнкі» ды іншае.

11.00 У працэсе перайшлі да агляду рэчавых доказаў.

10.30 Зачытваюць школьную характарыстыку Ліхавіда, характарыстыку з «Руху за Свабоду», падпісаную Мілінкевічам, з працы і ад суседзяў, якую падпісалі 39 чалавек. Усе характарыстыкі вельмі станоўчыя.

10.15 Палова з «пацярпелых» міліцыянтаў ужо апусьцілі галовы ды дрэмлюць, як на папярэдніх паседжаньнях. Цяпер агучваюць дадзеныя экспэртызы пацярпелых. Тыповае заключэньне, што з-за даўнасьці траўму пацьвердзіць немагчыма. Гэта тычыцца міліцыянтаў Давідовіча, Кашталанава, Волкава, Бажка ды іншых.

10.00 Працэс пачаўся. Працягваецца вывучэньне матэрыялаў справы

9.50 Людзі зьбіраюцца ў залі суду. Пярэднія лаўкі зноў занятыя «пацярпелымі» міліцыянтамі, іх звыш 20. Прыйшлі праваабаронцы Гары Паганяйла, Валянцін Стэфановіч, Людміла Гразнова, прадстаўнік АБСЭ, сябры і сваякі Мікіты Ліхавіда, журналісты. Бабуля Ліхавіда прыйшла з іконай і села на лаўку з іконай у руках. Міліцыянты загадалі ёй схаваць ікону ў пакет.




Партрэт на фоне кратаў: Мікіта Ліхавід
Суды за Плошчу


Суд над Мікітам Ліхавідам прыпыніўся 24 сакавіка на этапе апытаньня сьведкаў. Чакаецца, што сёньня можа быць вынесены канчатковы прысуд.

Мікіту Ліхавіду пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Актывіст прызнае сваю віну часткова: што наносіў удары па дзьвярах Дому ўраду, бо паддаўся настрою натоўпу. Але ўдзелу ў масавых непарадках Мікіта Ліхавід не прызнае, паколькі ня лічыць, што ў Менску 19 сьнежня адбываліся масавыя непарадкі.

Мікіта Ліхавід


Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG