Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Губская: "Затрымалі за бел-чырвона-белы шалік"


Пасьля затрыманьня на Дзень Волі 25 сакавіка выйшла на волю актывістка БХД Ірына Губская. Прэсавага сакратара Саньнікава Алеся Артошчанкава адправілі з турму на вуліцы Валадарскага ў калёнію, не дачакаўшыся касацыі. У справе 19 сьнежня яшчэ адзін абвінавачаны – Алег Гнедчык.

Увечары 28 сакавіка выйшла на волю з менскага ізалятару на вуліцы Акрэсьціна актывістка стваранай Партыі БХД Ірына Губская. Каб не дазволіць Губскай сустрэцца з сябрамі, якія чакалі яе каля ізалятару, міліцыянты вывезьлі дзяўчыну ў службовым аўтамабілі ў горад і там адпусьцілі. Ірына распавяла Свабодзе, што 25 сакавіка яе затрымалі на вуліцы, пабачыўшы на ёй бел-чырвона-белы шалік. У турме Губская абвясьціла сухую галадоўку, якую трымала да часу вызваленьня.

Ірына Губская
"Для мяне гэта была справа прынцыпу, бо затрымалі мяне незаконна, трымалі ва ўмовах, якія не адпавядаюць патрабаваньням да такіх ўстаноў, і пасьля гэтага хочуць яшчэ, каб я ім падпарадкоўвалася. Прыкладам, там адсутнічаюць элемэнтарныя матрацы, людзі сьпяць на дошках. Для мяне гэта быў шок. Гэта нельга замоўчваць. Альбо заяўлена радыё і тэлевізар, а нічога гэтага няма. Увогуле, карцэр нейкай эўрапейскай турмы, відаць, лепш за ізалятар часовага ўтрыманьня ў Менску".

Асудзілі Губскую 28 сакавіка раніцай ў судзе Савецкага раёну Менску. Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Паўлючэнка.

28 сакавіка стала вядома, што абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня выстаўленае Алегу Гнедчыку з Менска.У студзені Гнедчык правёў тры дні за кратамі. Тады ж ён быў дапытаны спецслужбамі ў якасці падазраванага. Зараз Алег Гнедчык знаходзіцца ў мінскім СІЗА па вуліцы Валадарскага, паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна".

Прэсавы сакратар былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Алесь Атрошчанкаў, як мяркуе ягоная жонка Дар'я Корсак, ужо знаходзіцца ў калёніі "Віцьба-3" пад Віцебскам. Дар'я паведаміла Свабодзе:

Дар'я Корсак
"27-га мы панесьлі яму перадачу на Валадарскага, яле яе ўжо не прынялі. А па-другое, тады ж у суботу мне прыйшоў ліст, які ён напісаў у чацьвер, адразу, як яго прывезьлі на "Валадарку". І ён напісаў, што ўжо ведае, што ў пятніцу яго павязуць па этапе, хаця ня ведаў, куды. Напісаў, што яго добра прынялі ў камэры і ён вельмі рады, што зьехаў з ізалятару КДБ. І заўважыў, што пасьля трох месяцаў "амэрыканкі" "Валадарка" падаецца яму вакзалам. Магчыма, што людзей больш? Хаця заўважыў, што ў ягонай камэры не было шмат людзей. Мяркую, яны да апошняга трымалі яго ў КДБ, каб мы не пасьпелі зь ім сустрэцца на Валадарскага. Магчыма, ён зьбіраўся распавесьці пра катаваньні ў КДБ, таму яго адразу пад этап і перавялі."

Алесь Атрошчанкаў быў асуджаны 2 сакавіка на 4 гады зьняволеньня за удзел акцыі пратэсту 19 сьнежня. 5 красавіка адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Атрошчанкава на прысуд Фрунзенскага суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG