Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньні за Дзень Волі: суды, штрафы, ператрус


У панядзелак у рэгіёнах судзілі ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Як падлічылі праваабаронцы, у Магілёве, Берасьці ды іншых гарадох 25 сакавіка было затрымана 18 чалавек — грамадзкія актывісты і журналіст.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Уладзімеру Лапцэвічу — 7 сутак арышту, Зьмітру Салаўеву — 5

Ленінскі суд Магілёва сёньня прызнаў вінаватымі ў адміністрацыйных правапарушэньнях карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі "БЕЛАПАН" Уладзімера Лапцэвіча й старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва. Лапцэвіч атрымаў сем сутак адміністрацыйнага арышту, Салаўёў — пяць.

І Лапцэвіча, і Салаўёва затрымалі 25 сакавіка на вуліцы Ленінскай. Як яны сьцьвярджаюць, міліцыянты гвалтам зацягнулі іх у службовы аўтобус. Паводле пратаколаў адміністрацыйнага правапарушэньня, абодва нібыта нецэнзурна выказваліся, размахвалі рукамі, на заўвагі міліцыянтаў не рэагавалі, не падпарадкоўваліся іх патрабаваньням. Самі міліцыянты й былі сьведкамі абвінавачаньня.

Справу супраць Лапцэвіча разглядала судзьдзя Ірына Ланчава. Сваёй віны журналіст не прызнаў. Затрыманьне, заявіў ён суду, лічыць незаконным.

"Мяне цягнулі невядомыя людзі невядома куды"

"Там не было супрацоўнікаў міліцыі. Мяне цягнулі невядомыя людзі невядома куды. У іх не было бэджыкаў. Яны не прадстаўляліся. Мне забаранялі тэлефанаваць. Зразумела, што мая рэакцыя на гэта — супраціў", — тлумачыў суду Ўладзімер Лапцэвіч.

Міліцыянты Юры Карагін і Аляксей Афанасенка сьцьвярджалі адваротнае. Яны нібыта й прадстаўляліся, і бэджы ў іх былі. Сваё зьяўленьне на меркаваным месцы зьдзяйсьненьня правапарушэньня яны патлумачылі загадам начальства.

"У часе нясеньня службы паступіла па радыёстанцыі паведамленьне пра тое, што на вуліцы Ленінскай магчымыя праяўленьні масавых хуліганскіх дзеяньняў, таму трэба было ўзмацніць пільнасьць", казаў міліцыянт Афанасенка.

У аўтобус Уладзімера Лапцэвіча занесьлі двое міліцыянтаў на руках, сьцьвярджалі сьведкі. Паводле аднаго зь іх, Аляксандра Сілкова, у аўтобусе, калі Лапцэвіч спрабаваў патэлефанаваць, міліцыянты выкарысталі супраць яго сілу, каб забраць тэлефон. Сьведкі журналіста не прызналі, што ён мацюкаўся.

Судзьдзя, заслухаўшы сьведак абароны і не абвяшчаючы перапынку, зачытала вырак: сем сутак арышту. Трое зь іх Уладзімер Лапцэвіч ужо адседзеў. Па вынясеньні выраку ён заявіў, што будзе яго абскарджваць і што зьняволеньне сваё зьвязвае з журналісцкай дзейнасьцю.

Зьмітра Салаўёва судзіў судзьдзя Станіслаў Шандаровіч. Актывіст таксама не прызнаў сваёй віны. Ён заяўляе, што арыштоўвалі яго, каб не дапусьціць ускладаньня кветак да будынка, у якім магілёўцы прызналі ўладу БНР.

"Затрыманьне цалкам незаконнае. Гэта была сплянаваная спэцапэрацыя. Міліцыя была бяз бэджыкаў. Не прадстаўлялася. Не называла прычыны затрыманьня. Мяне незаконна пасадзілі пад арышт. А потым прыдумалі тыя артыкулы, па якіх мяне хочуць асудзіць", — казаў Зьміцер Салаўёў у чаканьні выраку.

Зьмітра Салаўёва вядуць на суд

Сьведкамі таго, як затрымлівалі Зьмітра Салаўёва, былі ня толькі ягоныя калегі па грамадзкай дзейнасьці, але і жонка з малалетняй дачкою.

Судзьдзя Станіслаў Шандаровіч пасьля больш як гадзіннага перапынку абвясьціў Салаўёву 5 сутак арышту. Трое зь іх актывіст ужо адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

25 сакавіка ў Магілёве былі затрыманыя дзевяць актывістаў. Сем зь іх міліцыянты неўзабаве адпусьцілі, не складаючы пратаколу.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Паліну Шарэнду-Панасюк аштрафавалі на 770 тысяч рублёў

Паліна Шарэнда-Панасюк
Буйны штраф — 770 тысяч рублёў — за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і за несанкцыянаваныя дзеяньні -- такі вырак быў вынесены ў панядзелак судом Ленінскага раёну Берасьця грамадзянскай актывістцы Паліне Шарэндзе-Панасюк.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымаў 26 сакавіка ў Берасьці супрацоўнік крымінальнага вышуку Ўладзімер Бурштын. У свой выходны дзень ён праходзіў у цывільнай вопратцы каля Цэнтральнага рынку Берасьця, пабачыў на стэндзе бел-чырвона-белы сьцяг, пагнаўся за Палінай. У пастарунку на Паліну былі складзеныя два пратаколы: непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і несанкцыянаваныя дзеяньні. Гаворыць Паліна:

"Вельмі часта даводзіцца чуць у прыватных размовах ад супрацоўнікаў міліцыі пра тое, што яны стаміліся і не падтрымліваюць рэжым. І ў той жа час бачым, што калі гаворка ідзе пра злачынцаў, то яны ўвасабляюць закон, абараняючы грамадзтва ад крыміналу, але ж калі сытуацыя тычыцца фальсыфікацый, захопу ўлады — супрацоўнікі міліцыі становяцца на супрацьлеглы бок закону".

Міліцыянты выпусьцілі Паліну з пастарунку толькі празь некалькі гадзін, нягледзячы на тое, што яна мае двухгадовага сына. Толькі пасьля хадайніцтваў родных і праваабаронцаў было прынята рашэньне адпусьціць яе да суду. Муж Паліны Андрэй Шарэнда, які зараз знаходзіцца ў Варшаве, кажа, што прысуд матываваны палітычна:

"Абвінавачваньні, якія выстаўленыя супраць маёй жонкі — яўны паклёп. Яна ніякі не хуліган. Думаю, што міліцыянты жадалі такім чынам паказаць сваю прынцыповасьць. Паколькі ў пастарунку Паліна не прызнала абвінавачаньні, адмовілася даваць тлумачэньні, таму з боку сілавых органаў і суду гэта своеасаблівая помста".

Праваабаронца зь незарэгістраванай арганізацыі "Берасьцейская вясна" Ўладзімер Вялічкін кажа, што яго дзівіць такое стаўленьне супрацоўнікаў сілавых органаў да грамадзян:

"Калі дзяўчыну даставілі ў пастарунак, то на яе склалі два пратаколы, адзін за дробнае хуліганства, а другі за непадпарадкаваньне міліцыі. А падчас разбору адзін зь міліцыянтаў наагул адзначыў, што мае да яе прэтэнзіі, што яна наступіла яму на нагу. Хоць склад злачынства ў дзеяньнях Паліны знайсьці даволі складана".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Свой арышт былы афіцэр міліцыі лічыць правакацыяй

У Дзень Волі ў Гомелі быў арыштаваны сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, былы капітан міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых. Паводле пастановы судзьдзі Чыгуначнага раёну Гомелю Анатоля Сотнікава ён адбыў двое сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У аўторак Уладзімер Няпомняшчых рыхтаваў скаргу на дзеяньні міліцыі ў пракуратуру і ў суд.

Расказвае Ўладзімер Няпомняшчых:

Уладзімер Няпомняшчых
"25 сакавіка раніцай я ехаў у Менск на сьвята Дзень Волі, а апынуўся ў засьценках дыктатарскага рэжыму. На прыпынку грамадзкага транспарту "8 сакавіка" да мяне падышлі два супрацоўнікі спэцназу, адзін зь іх Андрэй Мажаеў, і другі, які не назваўся. Яны запатрабавалі ў мяне дакумэнты і адвезьлі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёну".

У райаддзеле міліцыі Няпомняшчы доўга чакаў, пакуль прыйдзе ўчастковы інспэктар Сяргей Паўлюшчанка. Апошні й склаў супраць Уладзімера адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства — нібыта Няпомняшчых на прыпынку "размахваў рукамі" й "брыдка лаяўся":

"З палітычнага мяне зрабілі хуліганам. Як заяўляе наш Лукашэнка, у Беларусі няма палітычных, ёсьць толькі хуліганы. Таму мяне й затрымалі, хоць акцыя да Дня Волі была дазволена ўладамі Менску на плошчы Бангалор, куды я й выпраўляўся. Але нават і туды не пусьцілі — перастрахаваліся, відаць, нашы мясцовыя чыноўнікі".

У судзе Ўладзімер Няпомняшчых заявіў хадайніцтва, каб яму правялі псыхіятрычную экспэртызу, бо, як ён сам кажа, на бязьлюднай вуліцы толькі вар’ят можа лаяцца. Ён прасіў таксама выклікаць сьведку Валеру Патапенку, які нібыта чуў лаянку. Але судзьдзя Чыгуначнага раёну Анатоль Сотнікаў адхіліў усе хадайніцтвы пэнсіянэра МУС і пакараў яго двума суткамі адміністрацыйнага арышту.

Да скаргаў у пракуратуру й суд спадар Няпомняшчых хоча далучыць матэрыялы ўласнага дасьледаваньня. Па-першае, затрымалі яго на прыпынку "8 сакавіка", а ў пратаколе напісалі — на прыпынку "Ўнівэрсытэт транспарту", які тэрытарыяльна адносіцца да Чыгуначнага раёну. Відаць, дзеля таго, каб перадаць пратакол менавіта ў "свой" суд.

Да таго ж цывільны сьведка толькі месяц таму вызваліўся зь месцаў пазбаўленьня волі. Як высьветліў Уладзімер Няпомняшчых, сваё "сьведчаньне" ён падпісаў пад прымусам.

Няпомняшчых: "Я зараз займаюся зборам матэрыялаў, якія даказваюць, што маёй віны тут няма — усё гэта правакацыя".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Абвінавачваньне — штучнае, а ператрус і канфіскацыя — сапраўдныя

Гарадзенскі моладзевы актывіст Ігар Ламека дамагаецца, каб яму вярнулі канфіскаваны 25-га сакавіка кампутар.

25 сакавіка ў Горадні быў затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ігар Ламека. Міліцыянты затрымалі яго на вуліцы, заявіўшы, што ён нібыта падобны да нейкага падазронага чалавека.

Потым правялі ў кватэры ператрус і сканфіскавалі сыстэмны блёк ад бацькавага кампутара, які толькі месяц таму вярнулі зь міліцыі. Ігар Ламека зараз дамагаецца вяртаньня сыстэмнага блёку і высьвятленьня прычын затрыманьня.

"Я дагэтуль зьяўляюся падазроным па зьдзяйсненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, але якога правапарушэньня — яны яшчэ прыдумаць не маглі. Хацелі зрабіць ператрус, нешта знайсьці, а потым прад’явіць мне — я разумею, што ў іх такая тактыка была".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG