Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт "Газэты Выборчай" у Беларусі Анджэй Пачобут атрымаў статус падазраванага па крымінальнай справе аб зьнявазе прэзыдэнта.

Сёньня Пачобута выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці. Сьледчы па асабліва важных справах Арсені Нікольскі паведаміў, што ў дачыненьні да журналіста заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу — зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, паведаміў "Свабодзе" Пачобут. Цяпер ён падазраваны. Справу завёў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў на падставе васьмі артыкулаў у "Газэце Выборчай", аднаго — на сайце "Беларускі партызан" і яшчэ аднаго — у прыватным блогу журналіста.

Пачобуту пагражае да двух гадоў зьняволеньня.

Чым канкрэтна журналіст зьняважыў Лукашэнку, у пракуратуры не раскрылі. У пастанове проста пералічаныя загалоўкі ягоных публікацый. Пачобута хацелі дапытаць у якасьці падазраванага, але ён заявіў, што да суду ніякіх паказаньняў даваць не зьбіраецца.

***

У мінулыя гады па абвінавачваньні ў абразе прэзыдэнта да розных тэрмінаў зьняволеньня і абмежаваньня волі былі асуджаныя лідэры прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, палітык Андрэй Клімаў, журналіст і палітык Віктар Івашкевіч, журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч, праваабаронца Кацярына Садоўская. Спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці паводле адпаведнага артыкулу пісьменьніка Ўладзімера Падгола, параваабаронцу Аксану Новікаву.

***

Відэа-каментар для "Газэты Выборчай" (на польскай мове)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG