Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьпіс-фальшыўка» ў дзеяньні: сарваны канцэртны тур «Ляпіса»


«Ляпіс Трубяцкой» на фэсьце «Be2gether»

«Ляпіс Трубяцкой» на фэсьце «Be2gether»

Скасаваныя канцэрты гурту «Ляпіс Трубяцкой» у Менску, якія былі заплянаваныя на 1 і 2 красавіка ў клюбе «Рэактар».

Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-аташэ калектыву Зьміцер Бескаравайны. Прычыну адмены канцэртаў групы ў Менску, а таксама ў Магілёве і Гомелі ён зьвязвае з так званым «чорным сьпісам» дзеячаў мастацтва, які быў апублікаваны ў інтэрнэце на пачатку сакавіка.

У сьпіс уключана прыкладна 30 дзеячаў мастацтва і культуры і 15 калектываў, якія выказваліся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў. У сьпіс музыкаў, пра якіх забаронена згадваць у афіцыйных беларускіх СМІ, трапіла і група «Ляпіс Трубяцкой». Афіцыйныя асобы называюць «чорны сьпіс» фальшыўкай.

Па словах Бескаравайнага, у рамках гастрольнага туру па Беларусі з прэзэнтацыяй новага альбома «Вясёлыя карцінкі» «Ляпіс Трубяцкой» пасьпеў даць некалькі канцэртаў у лютым гэтага году — у Гародні, Берасьці, Віцебску, Баранавічах. Усе выступы, якія плянаваліся на сакавік, былі з розных прычын адмененыя. У Гомелі адмену зьвязалі зь недахопамі ў месцы правядзеньня канцэрта, выяўленымі МНС, у Магілёве — зь дзіравым дахам.

У сталічным клюбе «Рэактар» прычыну адмены канцэрту не назвалі, адзначыўшы толькі, што гэта была ініцыятыва не саміх музыкаў. Набытыя білеты параілі вяртаць у дзень, калі плянаваўся канцэрт.

Раней у Менску быў адменены канцэрт гурту «Крамбамбуля», забаронены канцэрт, прысьвечаны выхаду трыб’юта гурту «Нэйра Дзюбель», які плянаваўся 24 сакавіка ў «Рэактары», адменены выступ Зьмітра Вайцюшкевіча ў Берасьці 18 сакавіка.
XS
SM
MD
LG