Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў спрабуе стварыць партыю «Белая Русь»


Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

Жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў, які спрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата, але ня быў зарэгістраваны, цяпер стварае новую партыю «Белая Русь». Тое, што яе назва выклікае асацыяцыю з праўладным грамадзкім аб’яднаньнем, стваральніка БКП «Белая Русь» не бянтэжыць.

Паводле Сяргея Рыжова, гэтая назва ёмістая і шматсэнсоўная. І адрозьненьні паміж грамадзкім аб’яднаньнем «Белая Русь» і Беларускай кансэрватыўнай партыяй «Белая Русь» павінны неўзабаве ўсе ўсьвядоміць, лічыць стваральнік.

Сяргей Рыжоў распавёў, што сябраў партыі ў Віцебску — ужо 25 чалавек. Цікавасьць да яе выказалі жыхары Магілёва і Менску, а таксама асобных райцэнтраў Віцебскай вобласьці. Спадар Рыжоў лічыць сябе сустаршынём, бо кіраўніцтва партыі яшчэ фармуецца і мае быць калегіяльным. Афіцыйна рэгістраваць партыю, на думку яе стваральніка, ня мае сэнсу. Таксама партыя ня будзе браць удзелу ў наступных парлямэнцкіх выбарах «да вяртаньня Беларусі ў канстытуцыйнае рэчышча 1994 году».

Галоўныя партыйныя прынцыпы, паводле Сяргея Рыжова, гэта: «Кансэрватызм, хрысьціянскія каштоўнасьці і нацыяналістычная ідэя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG