Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібія: апазыцыя наступае



Альянс НАТО стаў на чале вайсковай апэрацыі ў Лібіі. Скарыстаўшыся магчымасьцямі, якія ім дае ўсталяваная “беспалётная” зона, лібійскія паўстанцы перайшлі ў контарнаступ на пазыцыі войск, верных Кадафі. Яны ўжо ўзялі пад свой кантроль гарады на ўсходнім ўзьбярэжжы краіны Пок Лануф, Брэг, Агейла і Бен Джавад і вядуць наступ на горад Сірт, дзе нарадзіўся Кадафі.

Мінулай ноччу авіяцыя кааліцыі нанесла ракетна-бомбавыя ўдары ў горадзе Сірт. Паўстанцы заявілі, што ўжо ўзялі Сірт пад свой кантроль, аднак пакуль няма незалежных падцьверджаньняў гэтай інфармацыі. Прадстаўнік ураду Кадафі Муса Ібрагім заявіў, што падчас ўдараў кааліцыі па Сірце былі забітыя тры цывільныя асобы.

Сірт – горад на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, які знаходзіцца як раз пасярэдзіне шляху паміж сталіцай Трыпалі і апірышчам паўстанцаў горадам Бэнгазі.

Паведамляецца, што сілы, верныя Кадафі, працягваюць адступаць. Лідэры паўстанцаў кажуць, што ды Сірта яны наступалі, не сустракаючы сур’ёзнага супраціву.

За апошнія дні паўстанцы занялі прыбярэжныя гарады Пок Лануф, Брэг, Укайла і Бен Джавад на ўсходзе краіны. Яны таксама паведамляюць, што пад іх кантролем знаходзяцца ўсе асноўныя нафтавыя тэрміналы ва ўсходняй частцы Лібіі.

Учора Паўночна-атлянтычны альянс абвясьціў, што бярэ на сябе кіраўніцтва ўсімі ваеннымі апэрацыямі кааліцыйных сілаў у Лівіі. Апэрацыйны плян НАТО быў ужо раней узгоднены ваеннымі прадстаўнікамі 28 краін-удзельніц, у нядзелю ён атрымаў і палітычную ўхвалу.

Цяперашняму рашэньню НАТО папярэднічаў тыдзень бурных дэбатаў. Найбольш вострыя рознагалосьсі з нагоды вядучай ролі альянсу ў ваеннай апэрацыі паўсталі паміж Францыяй і Турцыяй.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што мэта альянсу палягае ў тым, каб "абараніць цывільнае насельніцтва, якое знаходзяцца пад пагрозай нападу з боку рэжыму Кадафі."

"Мы ўжо ўвялі эмбарга на пастаўкі зброі і забароненую для палётаў зону", сказаў Расмусэн.

Урад Кадафі сьцьвярджае, каля 100 цывільных асобаў былі забітыя на працягу тыдня паветраных удараў кааліцыі. Прадстаўнікі кааліцыі адмаўляюць гэтае абвінавачваньне.

Учора прадстаўнік лібійскіх уладаў Ібрагім заявіў, што НАТО з’яўляецца бокам у лібійскім канфлікце.

Генэральны сакратар НАТО аднак пярэчыць, што альянс дзейнічае выключна дзеля абароны лібійскага народу і “выконвае ўсе аспэкты рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН – ні больш і ня менш”.

Сёньня ўвечары прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіць з тэлезваротам да нацыі, каб растлумачыць стратэгію ЗША ў Лібіі. Некаторыя амэрыканскія заканадаўцы крытыкуюць прэзыдэнта, што ён не кансультаваўся з Кангрэсам напярэдадні пачатку ваеннай місіі ў Лібіі.

Парлямэнтары таксама выказваюць занепакоенасьць тым, што ня вызначаныя ані мэты ЗША ў гэтай апэрацыі, ані стратэгія магчымага выхаду з канфлікту.

Заўтра дзяржаўны сакратар ЗША Хілары Клінтан возьме ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі ў Лёндане, дзе міністры замежных справаў 36 дзяржаваў будуць абмяркоўваць сытуацыю ў Лібіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG