Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вас валютны рахунак і хочаце атрымаць даляры? А можа, возьмеце рублямі?»


Валютны рынак Беларусі надалей у ліхаманцы. Дзяржаўныя і камэрцыйныя банкі па-ранейшаму ня маюць магчымасьці задаволіць попыт на замежную валюту, практычна немагчыма набыць даляры ці эўра праз банкаматы, і ўсё больш людзей схіляецца да таго, каб закрыць валютныя дэпазытныя ўклады.

Хутка месяц, як пачаўся ажыятаж ля абменных пунктаў валюты. У бальшыні выпадкаў карціна адна і тая ж: здаць даляры ці эўра можна без праблемаў, але набыць іх праблематычна. Пра гэта гаворыць і адзін з тых беларусаў, чый дзень пачынаецца з пошуку месцаў канвэртацыі рубля:

«Цяжкасьці з валютай ёсьць, і гэта нейкая недарэчнасьць. Як паслухаеш Пракаповіча ці іншых кіраўнікоў нашай дзяржавы — усё на валютным рынку нібыта цудоўна. Але насамрэч, аказваецца, хлусяць? Я ўжо чатыры абменьнікі абышоў — трэба неўзабаве выехаць за мяжу — і ні эўра, ні даляраў набыць ня здолеў. З улікам, што і з плястыкавымі карткамі зьявіліся вялікія праблемы (як кажуць, не заўсёды ўдаецца канвэртаваць беларускія рублі за мяжой), то хачу купіць прынамсі 200 эўра. Але не магу, бо ў банках валюты папросту няма».

Па інфармацыі экспэртаў, якія спасылаюцца на крыніцы ў банках, усё больш кліентаў забіраюць свае дэпазыты ў замежнай валюце. Пакуль асаблівых праблемаў зь вяртаньнем не існуе, але калі сытуацыя набудзе масавы характар, то гэта будзе мець дрэнныя наступствы для ўсіх — згодна з афіцыйнай статыстыкай, грамадзяне Беларусі трымаюць на дэпазытах блізу 5 мільярдаў даляраў, што перавышае памер золатавалютных рэзэрваў краіны.

Фінансавы аналітык парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова кажа, што пакуль падставаў да панікі няма, але ня факт, што пры адсутнасьці зразумелых тлумачэньняў сытуацыя ня зьменіцца кардынальна:

«Ва ўсялякім разе, яе пакуль ніхто ніяк не камэнтуе, ніякай статыстыкі, натуральна, няма. Але я не назвала б гэта ў поўнай ступені чуткамі, таму што вочы ёсьць ува ўсіх, вушы таксама ўсе маюць. І калі банкі ўводзяць пэўныя абмежаваньні на апэрацыі нават па валютных картках, то, несумненна, усё гэта навявае пэўныя недвухсэнсоўныя высновы. На мой погляд, цяпер банкі і рэгулятары рынку паводзяць сябе ня так, як было б патрэбна. Адсутнасьць інфармацыі, адсутнасьць неабходных тлумачэньняў вельмі моцна ўплывае на нэгатыўнае разьвіцьцё падзеяў. Бо людзі, ня маючы інфармацыі, будуць, вядома, нават са страху дзейнічаць не зусім адэкватна».

Па-ранейшаму неакрэсьленая сытуацыя і з банкаматамі. Выдача даляраў і эўра па валютных рахунках шмат дзе спыненая. Некаторыя банкі прапануюць альтэрнатыву — пералік сумы ў беларускіх рублях. Але што рабіць тым, хто ў гэты момант апынуўся за межамі Беларусі?

Так, многія кліенты банкаў, якія на мінулым тыдні знаходзіліся ў камандзіроўках, былі непрыемна ўражаныя, атрымаўшы смс-паведамленьне такога зьместу: у сувязі са складанай сытуацыяй на валютным рынку Беларусі, апэрацыі па канвэртацыі беларускага рубля спыненыя. На практыцы гэта азначала, што чалавек у іншай дзяржаве ня мог разьлічыцца па картцы ці зьняць гатоўку.
Некаторыя банкі прапануюць па даляравых картках пры адсутнасьці валюты ў касах здымаць беларускія рублі.

Як кажа фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, істотна сытуацыя ня толькі не зьмянілася, але паступова ўводзіцца за правіла «сумнеўная прапанова»:

«На гэты момант амаль ува ўсіх банках ужо адмененая магчымасьць канвэртацыі. І зараз ідуць размовы нават не пра тое, што ў нейкай пэрспэктыве будуць, прыкладам, рублі канвэртавацца (такая магчымасьць ужо практычна і не абмяркоўваецца). Цяпер ужо ўвогуле да сьмешнага даходзіць (праўда, было б сьмешна, каб не было так сумна): некаторыя банкі прапануюць па даляравых картках пры адсутнасьці валюты ў касах здымаць беларускія рублі. Праўда, некаторыя банкі прапануюць і нармальны альтэрнатыўны варыянт: калі чалавеку патрэбная валюта, ён яе загадзя замаўляе і бярэ. Але пра тое, што такая праблема існуе, трэба гаварыць».

28 сакавіка ў многіх абменных пунктах кліенты маглі ўбачыць абвестку: продаж валюты ажыцьцяўляецца толькі ў тым аб’ёме, у якім абменны пункт у гэты дзень набыў валюту ў грамадзян. Гэта значыць, банк можа прадаць толькі тую валюту, якую здадуць людзі. Такіх абвестак у беларускіх «абменьніках» не было з канца 90-х гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG