Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная Воля" супраць Мінінфарму: хто пераможа?


Cёньня Найвышэйшы гаспадарчы суд мае вынесьці рашэньне паводле пазову газэты "Народная воля" да Міністэрства інфармацыі аб адмене папярэджаньня, якое газэта атрымала 14 студзеня.

Мінінфарм палічыў парушэньнем заканадаўства інтэрвію лідэра зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, якое было адным з элемэнтаў артыкулу "Хто пачуе лёзунг "Сыходзь!"?" На мінулым тыдні суд выслухаў аргумэнты абодвух бакоў – газэты і Мінінфарму, а таксама аўтарку матэрыялу.

Паводле юрыстаў Міністэрства інфармацыі, "Народная Воля" дала трыбуну не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Прадстаўнікі выданьня настойвалі на тым, што – гэта не заява Зьмітра Дашкевіча ад імя "Маладога фронту", а аўтарскі матэрыял пра пачатак грамадзянскай кампаніі "Сыходзь!", якую падтрымаў цэлы шэраг моладзевых арганізацый. Галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч тлумачыў суду асновы журналістыкі:

"Па форме сапраўды дадзены матэрыял уяўляе пашыраны рэпартаж з уключэньнем элемэнтаў інтэрвію. І правільна зрабіла аўтарка матэрыялу, супрацоўніца "Народнай Волі" Любоў Лунёва, якая ўзяла інтэрвію ў дзейных асобаў і падала іх словы. Як у любым журналісцкім матэрыяле, тут прагледжваецца ў першую чаргу аўтарскі погляд на праблему".

Асноўны аргумэнт Мінінфарму – у матэрыяле ёсьць простая мова Дашкевіча.

Тым часам дзяржаўныя выданьні, Беларускае тэлебачаньне пастаянна распавядаюць пра дзейнасьць таго самага "Маладога фронту". Ёсіф Сярэдзіч прынёс у суд цэлы стос газэт "Советская Белоруссия", "Рэспубліка" ды іншых і папрасіў далучыць да матэрыялаў справы, што выклікала пярэчаньні начальніка прававога ўпраўленьня Мінінфарму Вікторыі Мялешкі:

"Міністэрства інфармацыі супраць далучэньня дадзеных публікацыяй да матэрыялаў справы. Мы лічым, што пададзеныя заяўнікам прыклады журналісцкай практыкі не адносяцца да прадмету дадзенага судовага разбору".

Дарэчы, ужо больш за два месяцы Найвышэйшы гаспадарчы суд разглядае аналягічны пазоў "Аўтарадыё" да Мінінфарму, якое таксама абскарджвае папярэджаньне. За фразу зь перадвыбарчай праграмы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якую растыражавала шмат выданьняў, папярэджаньне вынесьлі толькі "Аўтарадыё". Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла адзначае, што дзяржаўная і незалежная прэса знаходзяцца ў няроўных умовах – і эканамічных, і ідэалягічных:

"Калі мы можам даказаць відавочныя дыскрымінацыйныя падыходы, незаконныя падыходы, суды вымушаны пагаджацца з намі. Але ў шэрагу выпадкаў суды якраз дэманструюць абсалютную глухату і сьлепату да тых аргумэнтаў, якія цалкам аб'ектыўна мы прыводзім".

9 сакавіка Найвышэйшы гаспадарчы суд прызнаў папярэджаньне, вынесенае Мінінфармам "Аўтарадыё" несапраўдным. Але праз тыдзень касацыйная калегія Найвышэйшага гаспадарчага суду адмяніла тое рашэньне, і справа перададзеная на новы разгляд у іншым складзе суду. Юрыст Гары Паганяйла параўноўвае такія ваганьні той самай судовай інстанцыі з маятнікам:

"У дадзеным выпадку спрацаваў ня маятнік, спрацаваў той рух, у якім мы цяпер знаходзімся – адмоўны рух. Маятнік управа яшчэ не пайшоў. Я вельмі спадзяюся, што Найвышэйшы гаспадарчы суд усё ж пачуе нашы довады. Але, з другога боку, я як скептык у гэта паверыць пакуль не магу. Я мяне такія дваістыя адчуваньні".

У панядзелак апоўдні чакаецца, што судзьдзя Кацярына Караткевіч вынесе вэрдыкт па спрэчцы "Народнай Волі" і Мінінфарму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG