Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў раённых судах Менску — адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцыі на Дзень волі Віктарам Івашкевічам, Міколам Дземідзенкам і Ірынай Губскай.

Паводле праваабаронцаў, з раніцы 25 сакавіка ўсяго ў Беларусі ў сувязі з Днём Волі было затрымана болей за 70 чалавек. У Менску большасьць затрыманых да ночы адпусьцілі без складаньня пратаколаў, але дакладна тры чалавекі патрапілі ў ізалятар на Акрэсьціна, дзе чакалі судоў. Праваабаронца Наста Лойка распавяла:

«Гэта вядомы палітык Віктар Івашкевіч, якога затрымалі нібыта за брыдкаслоўе падчас шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да сквэру Янкі Купалы. А таксама ведаем, што былі затрыманыя непасрэдна каля месца правядзеньня акцыі сябра БХД Ірына Губская і намесьнік старшыні „Маладога фронту“ Мікалай Дземідзенка. Яны дакладна знаходзяцца таксама на Акрэсьціна, але паводле чаго склалі на іх пратаколы, мы яшчэ ня ведаем. Ірыну Губскую завезьлі пасьля затрыманьня ў Цэнтральны РАУС, а куды завезьлі Міколу Дземідзенку — ня ведаем».

Мікалай Дземідзенка і Ірына Губская былі заяўнікамі акцыі на плошчы Якуба Коласа, дазвол на якую гэтак і ня быў атрыманы. Вядома, што тады актывісты сказалі, што проста прыйдуць на плошчу, каб ускласьці кветкі. Міколу Дземідзенку міліцыянты ў цывільным затрымалі у момант, калі ён толькі ступіў на плошчу Якуба Коласа. Праваабаронцы кажуць, што ў гэтым няма і ня можа быць адміністрацыйнага парушэньня, і пры гэтым адзначаюць, што як заяўнікам Дземідзенку і Губскай могуць паставіць у віну і арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. Між тым, ці была акцыя?

15-гадовую Віку Ладзіс затрымалі гэтак сама, як і дзясяткі маладзёвых актывістаў — яшчэ на падыходзе да плошчы Якуба Коласа. Маці дзяўчыны Рыта Шагойка распавяла:

«Яна ішла каля рэстарану хуткага харчаваньня „Лідо“, калі да яе наблізіўся супрацоўнік міліцыі ў цывільным, сказаў, што ён бачыў яе на судзе над Дашкевічам і адразу яе затрымаў».

Некалькі гадзінаў непаўналетнюю Віку Ладзіс трымалі ў пастарунку і дапытвалі без прысутнасьці бацькоў альбо пэдагогаў, што ёсьць парушэньнем закону, адзначае маці Вікі.

У суботу арыштаваным за падзеі 25 сакавіка праваабаронцы перадалі перадачы. Усяго, паводле праваабаронцаў, у ізалятары на Акрэсьціна цяпер знаходзіцца 5 дэмакратычных актывістаў.

«Дакладна там ужо 5 палітычных. Да таго ж туды былі зьмешчаныя Іван Шыла і Рыгор Астапеня, затрыманыя падчас суду над Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым. Астапеня на 10 сутак быў асуджаны, Шыла на 13 сутак. 23 сакавіка іх затрымалі», — паведаміла Наста Лойка.

Віктара Івашкевіча будуць судзіць ў Завадзкім судзе, Ірыну Губскую — ў Цэнтральным судзе Менску. Які суд будзе разглядаць справу Міколы Дземідзенкі — стане вядома сёньня ў першай палове дня.

У Магілёве судзіцьмуць Зьмітра Салаўёва і Ўладзімера Лапцэвіча


Сёньня ў Магілёве маюць разглядацца дзьве адміністрацыйныя справы: супраць журналіста інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзімера Лапцэвіча й старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьмітра Салаўёва. >>>

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG