Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў Канадзе


26 сакавіка 2011 г. у Таронта адбылося сьвяткаваньне Дня Волі, арганізаванае Згуртаваньнем беларусаў Канады. Ня толькі таронтаўскія беларусы, але і жыхары навакольных гарадоў сабраліся на плошчы Нэйтан Філіпс каля будынку Гарадзской управы (City Hall), каб адзначыць угодкі ўтварэньня БНР і падтрымаць змагароў з дыктатурай на Бацькаўшчыне.

Арганізатары мітынгу падрыхтавалі вялікія стэнды з фатаздымкамі, якія адлюстроўваюць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, з партрэтамі палітвязьняў, што знаходзяцца пад арыштам пасьля падзей 19 сьнежня, а таксама лёзунгі супраць дыктатарскага рэжыму. Мноства бел-чырвона-белых сьцягоў надалі плошчы ўрачысты і сьвяточны выгляд.

Беларускія сьцягі каля будынку Гарадзкой управы

Мітынг распачаўся гукамі дуды - старадаўнія беларускія мэлёдыі прагучалі ў выкананьні Хведара Апейкі.

Грае Хведар Апейка

Вядучы мітынгу Зьміцер Эльяшэвіч зачытаў вітальнае слова Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Вядучы мітынгу Зьміцер Эльяшэвіч

Старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка ўзгадала гісторыю станаўленьня БНР і расказала аб тым, як на працягу гадоў сьвяткаваньне 25 сакавіка паступова стала днём пратэсту супраць рэпрэсіўнай улады, Днём Волі – днём вызваленьня.

Выступае старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка

Вядомая беларуская пісьменьніца Вольга Іпатава, якая гасьцюе зараз у Канадзе, у сваем выступе падкрэсьліла, што і пасёньня беларуская мова пачувае сябе падчаркай у роднай хаце і што так званыя «чорныя сьпісы» аб забароне друкавацца і выступаць з канцэртамі творчым людзям Беларусі, што выступілі супраць рэпрэсій, ужо дзейнічаюць. На заканчэньне свайго выступленьня яна прачытала верш, напісаны спэцыяльна да Дня Волі.

Выступае пісьменьніца Вольга Іпатава

Верш аднаго з кандыдатаў у прэззыдэнты, паэта Уладзіміра Някляева, які знаходзіццца цяпер пад хатнім арыштам і падвяргаецца псыхалягічнаму і фізычнаму ўціску, прачытала Алена Лявончанка.

Выступае Алена Лявончанка

З асуджэньнем рэпрэсій і заклікам усебакова спрыяць дэмакратычным пераменам у Беларусі выступілі прафэсар унівэрсытэту Ватэрлоо Зінаіда Гімпелевіч і Алесь Кот.

Удзел у мітынгу ўзялі таксама міністар грамадзянства і эміграцыі Канады Джэйсан Кеньні і дырэктар па сувязях з грамадскасьцю Канадыйскага камітэту за дэмакратычную Беларусь Майкл Лускінд. Яны падкрэсьлілі, што канадыйскі ўрад уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і падтрымлівае імкненьне да дэмакратычных пераменаў у гэтай краіне.

Выступае міністар грамадзянства і эміграцыі Канады Джэйсан Кеньні

У рэзалюцыі мітынгу прагучалі патрабаваньні неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, перапыніць усе крымінальныя справы супраць удзельнікаў мірнага шэсьця 19 сьнежня, спыніць перасьлед творчай інтэлігенцыі, нязгоднай з рэжымам, правесьці справядлівыя і сумленныя выбары без удзелу Лукашэнкі, а таксама спыніць генацыд беларускай мовы і надаць ёй не папяровы, а рэальны статус дзяржаўнай.

Мітынг каля Гарадзкой управы Таронта

На мітынгу ў Таронта праводзілася акцыя "Напішы ліст палітвязьню", якую актыўна падтрымалі прысутныя. Людзі дасылалі беларускім змагарам з дыктытурай радкі зь вершаў беларускіх паэтаў і свае словы падтрымкі.

Акцыя "Напішы ліст палітвязьню"

Выступленне сьпеўнага гурту “Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай і гімн “Магутны Божа”, які падхапілі ўсе прысутныя, сталі прыгожым і натхнёным завяршэньнем Дня Волі ў Канадзе.

Выступае гурт "Яваровы людзі"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG