Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гарадзенскі трохкутнік”: Быкаў, Карпюк, Клейн


Тацяна Касатая (усярэдзіне) расказвае пра жыцьцё пісьменьнікаў каля дому Элізы Ажэшкі

Тацяна Касатая (усярэдзіне) расказвае пра жыцьцё пісьменьнікаў каля дому Элізы Ажэшкі

У нядзелю ў Горадні адбылася літаратурная экскурсія, прысьвечаная тром “шасьцідзесятнікам” – народнаму пісьменьніку Васілю Быкаву, празаіку Аляксею Карпюку і гісторыку Барысу Клейну.

Усе яны напісалі ўспаміны, апошні зь іх выпусьціў іх нядаўна, ён жыве ў ЗША. Новую экскурсію назвалі “Гарадзенскі трохкутнік”, праводзіла яе на беларускай мове Тацяна Касатая з турфірмы “Mercana”.

Тацяна Касатая зазначыла, што яна выкарыстоўвае ўспаміны пісьменьнікаў, прычым мэтай было пазнаёміць зь вясёлымі, у некаторым сэнсе нават камічнымі сытуацыямі ў жыцьці гэтых людзей. Пачынаецца аповед побач з чыгуначным вакзалам. Усе тры прыехалі ў Горадню працаваць.

Васіль Быкаў у кнізе “Доўгая дарога дадому” так успамінае аб сваім прыезьдзе ў горад, “які на грунтоўна і на шмат год прычыніўся да майго лёсу”: “У ім адчувалася пэўная “заходнасьць”, рысы сярэднявечча ў старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вуліц, зноў жа два замкі і Нёман”.

Што да цікавых гісторыяў, то яны здараліся, як выглядае, пераважна з Аляксеем Карпюком. Напрыклад, каля доміка пісьменьніцы Элізы Ажэшкі, дзе было абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, Тацяна Касатая распавядае, як сябры знайшлі Карпюка на канапе ў шынялі – пісьменьнік заснуў, слухаючы ўсю ноч заходняе радыё, якое паведамляла пра ўваход у Прагу савецкай бранятэхнікі ў канцы жніўня 1968 году. Карпюка разам зь іншымі змабілізаванымі запасьнікамі павінны былі накіраваць у Чэхаславаччыну, але нарэшце яго вярнулі дахаты. На тэрыторыі вайсковай часткі яму трапіліся кінутыя тры карабіны, зь якімі ён меў праблемы: спачатку іх ніхто не хацеў у яго забраць, затым высьвятлялі, дзе ён іх і зь якой мэтай узяў.

Каля старой камяніцы пошты на вуліцы Ажэшкі прагучала гісторыя аб тым, як Карпюк напісаў лісты маршалу Жукаву і свайму дзядзьку ды пераблытаў канвэрты – абодва адрасаты прыслалі яму адказ.

Тацяна Касатая таксама расказвала пра тое, як гарадзенскі КДБ трымаў тады пад увагай пісьменьнікаў. Літаратурная экскурсія закончылася ў грамадзкім музэі Васіля Быкава, дзе ўдзельнікаў сустрэў адзін са стваральнікаў экспазыцыі, былы радыёжурналіст Аляксей Дземідовіч.

Аляксей Дземідовіч – пра Васіля Быкава – у музэі пісьменьніка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG