Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіча за Дзень Волі абвінавацілі ў дробных хуліганстве


Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

Віктара Івашкевіча, якога затрымалі 25 сакавіка каля плошчы Якуба Коласа, абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Міліцыянэры Завадзкога РУУС каля чатырох гадзін раіліся са сваім кіраўніцтвам і нарэшце склалі пратакол на палітыка, паведамляе «Народная воля».

Паводле рапартаў спэцназаўцаў, Івашкевіч «размахваў рукамі, гучна лаяўся і непадпарадкоўваўся законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі». Палітыка да суду будуць трымаць трое сутак у турме на завулку Акрэсьціна.

Аднаго зь лідэраў «Маладога фронту» Міколу Дземідзенку таксама не адпусьцілі з міліцыі. Больш за пяць гадзін пратрымалі яшчэ некалькі чалавек. Гэта дае падставы меркаваць, што супраць іх склалі адміністрацыйныя пратаколы і да суду будуць трымаць на Акрэсьціна.

Затрымліваюць Міколу Дземідзенку. Плошча Якуба Коласа, 25 сакавіка.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, падчас акцый з нагоды сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка ў Менску было затрымана больш за 50 чалавек. Большасьць з іх былі адпушчаны з аддзяленьняў міліцыі без складаньня пратаколаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы ведаюць прозьвішчы 53 чалавек, затрыманых прэвэнтыўна. «Большасьць зь іх правялі каля трох гадзін у аддзяленьнях міліцыі, пасьля чаго былі адпушчаны без складаньня пратаколаў. Але некалькі чалавек усё яшчэ знаходзяцца за кратамі», — паведаміў Стэфановіч.

Дакладную колькасьць затрыманых, якія застаюцца ў зьняволеньні, праваабаронца назваць ня здолеў, адзначыўшы толькі, што іх «прыблізна дзясятак». «Або яны застаюцца ў зьняволеньні, або мы ня маем інфармацыі пра тое, што яны адпушчаны на волю», — сказаў Стэфановіч.

Паводле яго слоў, суды над затрыманымі адбудуцца ў панядзелак, 28 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG