Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Менску не дазволілі ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу. Двух маладзёнаў, якія прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі, затрымалі.

Амаль ад пятай гадзіны вечара ўваходы ў сквэр Янкі Купалы былі перакрытыя міліцыянтамі ў форме і цывільным. Людзей у сквэр не пускалі. Міліцыянты тлумачылі, што там знойдзены невядомы прадмет з дротам і цяпер ідзе праверка. Вось што распавялі Вольга Кароль і Ганна Сіўчык, якія таксама прыйшлі ўскласьці кветкі:

«Я прыйшла ў 17 гадзін. Міліцыянт падышоў. Кажа — „Сыходзьце“, і ўсё. Яны выгналі, ні кроку не далі ступіць. Паламалі, выкінулі ў сьметніцу кветкі».

«Нашы кветкі, на жаль, загінулі. Мы ня здолелі іх пакласьці да помніка. Бо пры спробе прайсьці ў сквэр нас затрымалі людзі ў цывільным, якія не пажадалі прадставіцца. І калі мы папрасілі іх перадаць кветкі арыштаванаму Янку Купалу, яны забралі кветкі і кінулі іх на зямлю. Я паспрабавала сабраць кветкі, але нас схапілі і груба адштурхнулі ад гэтага месца».

Грамадзянаў так і не пусьцілі ў сквэр, і яны пачалі ўскладаць кветкі на клюмбу пры ўваходзе туды. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і экс-кандыдат у прэзыдэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі таксама ўсклалі кветкі на клюмбу. Янукевіч пракамэнтаваў дзеяньні ўладаў:
Няма грунту ў гэтай улады — ні справядлівага, ні законнага.

«Гэта поўны маразм, улада не зьвяртае ўвагі на закон. Сказалі б — ня хочам, каб вы туды зайшлі, і ўсё. А так прыдумляюцца нейкія бомбы. То бок, з аднаго боку, улада такая моцная і такія тэрміны ўсім выдае, а зь іншага боку — паставілі міліцыянтаў, якія вымушаны казаць, што там бомба. Гэта паказвае, што няма грунту ў гэтай улады — ні справядлівага, ні законнага».

Віталь Рымашэўскі дадаў: «Гэтыя тры месяцы запалохваньня скончыліся толькі тым, што яны запалохалі сябе самі. Вось сёньня відаць, што адбываецца. Гэта паказвае, што татальны страх пануе найперш ва ўладзе».

Наста Палажанка і Тацяна Шапуцька паклалі букеты ружаў і партрэты зьняволеных маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Міліцыянты празь некалькі хвілін прыбралі партрэты, але кветак не чапалі. Наста Палажанка сказала:

«Сёньня Дзень Волі досыць сумны. Бо сёньня мы прыгадваем пра сваіх зьняволеных сяброў, якія застаюцца за кратамі, Літаральна ўчора два лідэры Маладога фронту атрымалі тэрміны. Гэтая ўлада ня хоча, каб людзі сьвяткавалі і прыгадвалі пра Дзень Волі».

Да некаторых грамадзянаў з букетамі падыходзілі людзі ў цывільным і настойліва раілі сысьці. Мастак Аляксей Марачкін таксама ня змог ускласьці кветкі:

«Калі сёньня не пускаюць да нашых нацыянальных геніяў, да помніка Янку Купалу, то да чаго ж дажыла наша ўлада? Гэта проста маразм, і далей ужо няма куды».

Калі сёньня не пускаюць да нашых нацыянальных геніяў, да помніка Янку Купалу, то да чаго ж дажыла наша ўлада?
Двох маладзёнаў, якія прыйшлі да сквэру зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі, міліцыянты адразу затрымалі і пацягнулі ў міліцэйскі аўтобус, які знаходзіўся ў сквэры. Калі моладзь пачала скандаваць «Жыве Беларусь!», да іх падбеглі міліцыянты і загадалі празь дзьве хвіліны вызваліць ходнік, пагражаючы затрыманьнямі. Маўляў, такія лёзунгі цягнуць на несанкцыянаваны пікет. Потым усіх удзельнікаў акцыі, а іх было некалькі дзясяткаў, выціснулі з ходніку ў бок Кастрычніцкай плошчы.

Падводзячы вынікі акцыі, намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў сказаў, што акцыя атрымалася не сьвяточная, яна больш адпаведная таму стану, у якім цяпер знаходзіцца краіна:

«Людзей выйшла менш, чым можна было чакаць. Але гэта вынік застрашваньня грамадзтва, якое цягнецца ад 19 сьнежня. Але людзі ўсё ж выйшлі, паказалі, што ім неабыякава, што адбываецца ў краіне. Дзеяньні ўладаў абсалютна неадэкватныя. Абсалютна нейкая выдуманая бомба. Надуманая падстава, каб не пусьціць людзей ускласьці кветкі да помніка Янку Купалу. Для Беларусі гэта абсалютна ненармальна. І гэта яшчэ раз сьведчыць пра антыбеларускасьць гэтых уладаў, што мы зь імі жывем у абсалютна розных сыстэмах каардынат. Але праўда — за намі».

Ускласьці кветкі да помніка Янку Купалу вырашылі сябры аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі ад Партыі БНФ, БХД, руху салідарнасьці «Разам» і кампаніі «Гавары праўду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG