Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка ў Менску апазыцыя зьбіралася адсьвяткаваць чарговую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Аднак міліцыя зрабіла ўсё, каб перашкодзіць сьвяту: узяла ў аблогу пляцоўкі, на якіх зьбіраліся людзі, затрымала лідэраў, расставіла ў цэнтры гораду аўтазакі, аўтобусы са спэцназам, перакрыла выхады мэтро на плошчу Якуба Коласа.

Спэцапэрацыя міліцыі ў цэнтры Менску ўдалася. Загад не дапусьціць вялікую колькасьць людзей на плошчу Якуба Коласа быў выкананы: станцыю мэтро «Плошча Якуба Коласа» спынілі «па тэхнічных прычынах», Міколу Дземідзенку з «Маладога фронту» і іншых арганізатараў ушанаваньня забароненага сьвята затрымалі міліцыянты ў цывільным, якія літаральна запаланілі плошчу, транспаранты выхапілі з рук апазыцыянэраў, спроба людзей пайсьці па тратуарах у цэнтар была блякаваная міліцэйскім кардонам.

Прадстаўнік менскай управы ўнутраных спраў Яўген Сачак, які хіба адзіны быў тут у форме, а ня ў чорнай вопратцы, як рэшта міліцыянтаў, з пэўным задавальненьнем заклікаў журналістаў:

«Я прапаную, каб усе разыходзіліся, акцыя не адбываецца, яна не санкцыянаваная, сюды ніхто не прыйшоў».

Паводле міліцыянта Сачака, плошча Якуба Коласа і падземныя пераходы былі блякаваныя з тэхнічных прычын, «для ўборкі». «Прыбіралі», аднак, ня сьмецьце, а людзей, якія прыйшлі адзначыць сьвята:

Спадар: «Мы стаім і размаўляем, што нам, нельга тут быць? Вам можна, а нам — не?»

Спэцназавец у чорным: «Правакацыі тут робіце на плошчы…»

Спадар: «Хто вы такі? Калі вы міліцыянт, то прадстаўцеся! І мы згодныя падпарадкавацца патрабаваньням міліцыі».
Мне кажуць — хадзі сюды, гэтыя не пускаюць, тыя б’юць мяне, майго малога б’юць з таго боку, я нічога не магу зрабіць!

Іншы спадар: «Ды гэта хуліганы, а не міліцыя».

Груба выпіхваючы людзей з плошчы, гэтыя «хуліганы» некаторых павалілі на зямлю. Адзін з такіх нават падаў заяву міліцыянту ў форме:

«Мне кажуць — хадзі сюды, гэтыя не пускаюць, тыя б’юць мяне, майго малога б’юць з таго боку, я нічога не магу зрабіць! І што я мушу з гэтымі гадамі рабіць?»

На плошчу Якуба Коласа прыйшло няшмат людзей, сьцягоў не было, выступаць не было каму. Толькі адзін раз нехта выгукнуў «Жыве Беларусь!» Чым патлумачыць нешматлікасьць акцыі? Адказ аднаго з тых, хто прыйшоў на плошчу Якуба Коласа:

Спадар: «Людзі баяцца, ведаеце, такі рэпрэсіўны апарат, людзі баяцца страціць працу, баяцца за сваіх родных і блізкіх…»

Карэспандэнт: «А вы не баіцеся?»

Спадар: «Таксама страшна, канечне».

Сярод тых, хто не збаяўся прыйсьці на плошчу, быў бацька палітвязьня, журналісткі Ірыны Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам, Уладзімер Халіп:

«Я заўсёды хаджу на ўсе акцыі, а на гэтую — тым больш, бо сёньня 25 сакавіка, сьвяты для кожнага беларуса дзень. І я проста зьдзіўляюся, што нас тут ня так шмат, як павінна было б быць, асабліва ў гэткі час. Але што зробіш? Давядзецца, відаць, пэўны пэрыяд яшчэ пачакаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG