Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідучы сёньня на Альшанскія могілкі ў Празе, дзе праскія беларусы зьбіраюцца два разы на год, каб ушанаваць памяць прэзыдэнтаў БНР, я думаў пра апошнія 93 гады беларускай гісторыі.

Спачатку думаў змрочна. Цэлыя 93 гады назад, амаль стагодзьдзе! І ні рэальнай беларускай дзяржавы, ні рэальнай незалежнасьці. Усё яшчэ Зноскі кіруюць, а людзі ўсё яшчэ польшачацца і русыфікуюцца...

І тут жа – іншая думка. Стаім мы, чалавек 35-40, трымаем наш сьцяг, гаворым па-беларуску, сьпяваем па-беларуску, молімся па-беларуску. Калі добра ведаеш, што адбылося з нашым народам у апошнія 200-300 гадоў, то разумееш – які гэта цуд! Сапраўды Божы цуд, што пасьля ўсяго гэтага – пасьля Патопу, пасьля зьнішчэньня нацыянальнай царквы, пасьля паўстаньняў, войнаў, рэпрэсіяў, пасьля татальнага абрабаваньня культурных і людзкіх рэсурсаў, пасьля забойства практычна ўсіх інтэлектуалаў першай паловы ХХ стагодзьдзя і татальнага разбурэньня гістарычных цэнтраў гарадоў і шляхецкіх сядзібаў – МЫ ЯШЧЭ ЁСЬЦЬ! Мы стаім і гаворым па-беларуску...

Так ёсьць таму, што некалі беларускай справе ахвяраваліся, сярод іншых, і Пётра Крачэўскі з Васілём Захаркам, ля магілаў якіх мы стаім. Яны – сапраўдныя героі Беларусі. Яны заслугоўваюць на нашу і нашых нашчадкаў вечную і ўдзячную памяць.

А тым часам наша краіна і наш народ нараджаюць новых герояў. Я бачу іх на здымках з судовых працэсаў, якія цяпер ідуць у Менску. Бачу за кратамі судовых клетак, у судовых залях, у вэстыбюлях і на ганках судоў. Многія ў шаліках нацыянальных колераў... Беларусь жыве там, найперш там. У Менску і ў рэгіёнах, у гарадах і вёсках. Невытлумачальна-мэтафізычна, насуперак усім стратам апошніх трох стагодзьдзяў.

І ля магілаў айцоў БНР у 2011 годзе я думаю пра тых, каго ў Менску ўжо асудзілі і каго яшчэ асудзяць. Асабліва пра 30-гадовага хлопца Зьмітра Дашкевіча, чалавечы кшталт якога параўнальны з кшталтам Кастуся Каліноўскага. Больш за 10 гадоў ён выходзіць на мітынгі і пікеты, яго б’юць у кроў да непрытомнасьці, судзяць і садзяць у турму, а ён выходзіць, залечвае раны, ні на каго не крыўдуе і не ўцякае зь Беларусі – ён ня п’е, ня курыць, ён верыць у Бога і любіць Беларусь. Я думаю, ён сапраўдны герой. Як і ўсе яго паплечнікі з “Маладога Фронту”. Усе, хто быў зьбіты, хто ўжо адседзеў і хто яшчэ адседзіць за лепшую долю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG