Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія СМІ губляюцца ў здагадках, што паслужыла сапраўднай прычынай адкрыцьця крымінальнай справы супраць былога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы (1994-2005) у сувязі з забойствам журналіста Георгія Гангадзэ ў 2000 годзе.

Генпракуратура Ўкраіны на гэтым тыдні абвінаваціла Кучму ў перавышэньні ўлады і ў дачы незаконных распараджэньняў службовым асобам МУС, якія прывялі ў выніку да забойства Гангадзэ.

Нагадаем, што ў верасьні летась Генпракуратура Ўкраіны заявіла, што адзіным замоўнікам забойства Гангадзэ быў былы міністар унутраных справаў Юрый Краўчанка. Краўчанка, паводле сьледчых, даў вусны загад забіць Гангадзэ генэрал-лейтэнанту міліцыі Аляксею Пукачу. Пукач, які хаваўся 6 гадоў, быў арыштаваны ў 2009 годзе і прызнаўся ў забойстве. Выканаўцамі забойства былі трое ягоных падначаленых, Мікола Пратасаў, Валер Кастэнка і Аляксандар Паповіч. Пратасава засудзілі да 13 гадоў турмы, а Кастэнка і Паповіч атрымалі па 12 гадоў. Пукач усё яшчэ знаходзіцца пад сьледзтвам. А Краўчанка быў знойдзены мёртвым на сваёй дачы у 2005 годзе, з ранамі ад двух стрэлаў у галаву. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Краўчанка скончыў жыцьцё самагубствам.

Інтэрнэтны рэсурс "Украінская праўда" паведамляе (http://www.pravda.com.ua/rus/articles/2011/03/25/6052696/), што 23 сакавіка адбылася вочная стаўка Кучмы з Пукачам і што Пукач падчас стаўкі пацьвердзіў свае ранейшыя словы, што Краўчанка даваў яму ўказаньні адносна Гангадзэ, спасылаючыся на Леаніда Кучму.

"Украінская праўда" таксама паведамляе, што зь цяперашнім сьледзтвам у справе забойства Гангадзэ актыўна супрацоўнічае былы афіцэр аховы Леаніда Кучмы, Мікола Мельнічэнка. Мельнічэнка ў 2000 годзе абнародаваў стужкі, якія ён нібыта запісваў сакрэтна ў кабінэце Кучмы. На гэтых стужках няма адназначнага запісу, які пацьвярджаў бы, што гэта менавіта Кучма аддаў загад забіць Гангадзэ. Але запісы даюць падставы меркаваць, што Кучма мог быць зацікаўлены ў забойстве Гангадзэ, чые востракрытычныя публікацыі ў прэсе і ў Інтэрнэце Кучма абмяркоўваў з Краўчанкам і тагачасным кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімірам Ліцьвіном, які цяпер зьяўляецца сьпікерам Вярхоўнай Рады.

Паводле "Ўкраінскай праўды" стужкі Мельнічэнкі былі ўключаныя пракуратурай у справу Кучмы як рэчавыя доказы. Але сайт таксама прыгадвае, што паводле Канстытуцыі Ўкраіны "абвінавачаньне ня можа грунтавацца на доказах, атрыманых незаконным шляхам". А стужкі Мельнічанкі якраз і былі атрыманыя незаконным шляхам.

Яшчэ адна цікавая дэталь у справе супраць Кучмы заключаецца ў тым, што абвінавачаньне яму выставілі паводле састарэлага артыкулу Крымінальнага кодэксу, які дзейнічаў у 2000 годзе, але ня дзейнічае цяпер. Паводле гэтага артыкулу, тэрмін даўнасьці справы Гангадзэ закончыўся мінулай восеньню. Так што суд над Кучмам можа і не пачацца.

Аднак украінскія камэнтатары падкрэсьліваюць, што справа супраць Кучмы – гэта не муляж, і што нават адны сьледчыя дзеяньні нанясуць рэпутацыі былога прэзыдэнта непапраўную шкоду.

Украінскія камэнтатары сыходзяцца на тым, што справа супраць Кучмы адкрылася з поўнага адабрэньня цяперашняга прэзыдэнта Віктара Януковіча. Але матыў гэтага адабрэньня застаецца пакуль няясным. Некаторыя мяркуюць, што Януковіч хоча паказаць Захаду, што ва Ўкраіне правасудзьдзе магчымае ня толькі ў адносінах да ягоных палітычных апанэнтаў (пад сьледзтвам цяпер знаходзіцца былы прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка), але і ў адносінах да ягоных саюзьнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG