Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі захоўваецца ажыятажны попыт на ўсе віды замежных валют: у шмат якіх абменных пунктах Менску 25 сакавіка не хапала даляраў, эўра, расейскіх рублёў. Адначасна ў крамах і на рынках падвышаюцца цэны на харчовыя і прамысловыя тавары.

У абменных пунктах валют "Беларусбанку" і камэрцыйных банкаў — чэргі перад адкрыцьцём. Валюту раскупляюць за некалькі хвілін, ахвотных здаць — значна менш. Гутару з наведнікамі абменьнікаў:

Карэспандэнтка: "Ці спрабавалі вы набыць валюту і ці атрымалася ў вас?".

Юначка:
"Я хацела набыць даляры. Але сказалі, што няма".

Карэспандэнтка: "Як вы лічыце, чаму такі ажыятаж?".

Юначка:
"Кажуць, што даляр будзе расьці. Але гэта пакуль толькі чуткі".

Спадар:
"Я хацеў даляры памяняць на эўра".

Карэспандэнтка: "І што?".

Спадар:
"Сказалі, што няма эўра. Думаю, што людзі набываюць эўра, каб выехаць у Эўропу".

Спадарыня: "Зараз станем у чаргу і пабачым, ці набудзем. Але ж, пэўна, прадаюць, калі людзі стаяць. Людзі баяцца — вось і ажыятаж. Я думаю, што даляр сапраўды вырасьце. Да прыкладу, кампутарныя крамы цяпер не прадаюць тэхніку: напісалі, што толькі празь безнаяўны разьлік, і ўсё. Бо плянуюць, што курс даляра вырасьце. Альбо цэны вышэйшыя ставяць, каб ня страціць у выніку падвышэньня".

Спадар:
"У Расею трэба ехаць — 500 расейскіх рублёў патрэбна, каб праехаць на мэтро і г. д. Сем банкаў прайшоў, сем — нідзе расейскіх рублёў няма. Што ёсьць?,-- пытаюся. Кажуць — грыўны. Але ж мне не ва Ўкраіну, мне ў Расею трэба, навошта мне грыўны? Нічога ня кажуць. Ну, а хто ў нас кіруе цэнамі, усімі валютнымі пытаньнямі?"

Недахоп валюты пацьвердзіла таксама касірка аднаго з банкаў на Камароўскім рынку:

Карэспандэнтка: "Ці можна ў вас набыць валюту: даляры, эўра?"

Касірка: "Даляраў — 125, эўра — 20".

Карэспандэнтка: "Ці можна прыйсьці пазьней, каб набыць?".

Касірка: "Калі будуць здаваць. Але ў мяне яе адразу забіраюць".

Акрамя недахопу валюты, пачалі зьяўляцца праблемы з атрыманьнем беларускіх рублёў ва ўладальнікаў плястыкавых картак. Учора гадзіну не працавалі банкаматы, а цяпер ня ўсе выдаюць беларускія рублі, паведаміла адна з наведніц банку:

"Хачу свой заробак з карткі зьняць — не магу. Спрабавала на вакзале — няма. Прыехала сюды — і тут таксама няма. І гэта заробак! Тое, што зароблена, нельга забраць".

Карэспандэнтка: "Беларускія рублі?"

Спадарыня: "Так. І дзе яны дзяюцца? Чалавек зарабіў — і ня можа забраць. І ўсё з-за гэтага, паглядзіце — цэны растуць таксама з-за падвышэньня даляра гэтага".

Сытуацыю на валютным рынку камэнтуе старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін:

"Цяпер такі пералом у эканоміцы, калі Нацыянальны банк, нібы строгі доктар, выпісвае вельмі горкія лекі. Хоць гэтыя лекі варта было раней выпісваць і прымаць. Акрамя таго — доза вельмі небясьпечная. Доўгія гады ён браў на сябе функцыю цэнтралізаванага кіраваньня і падмяняў функцыі камэрцыйных банкаў. Зараз Нацбанк нібыта спрабуе стварыць пазабіржавы рынак валюты. З пункту гледжаньня эканомікі ён робіць правільныя дзеяньні. Хоча ўцягнуць у гэтую дзейнасьць камэрцыйныя банкі, стварыць канкурэнцыю за спажыўца. І, канечне, пэўны пэрыяд нас будзе трэсьці і ліхаманіць".

Поўная альбо частковая адсутнасьць валюты 25 сакавіка была зафіксаваная ў абменных пунктах і дзяржаўнага, і шмат якіх камэрцыйных банкаў краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG