Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаву выстаўлена абвінавачаньне


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Былому кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Андрэю Саньнікаву выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых непарадкаў у Менску 19 сьнежня, паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у МУС Беларусі.

"Былы кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь абвінавачваецца ў арганізацыі масавых непарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады", – заявілі ў праваахоўчых органах.

Абаронцы Андрэя Саньнікава пацьвердзілі Радыё Свабода інфармацыю пра выстаўленае абвінавачаньне.

У прыватнасьці, "сьледчай управай папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму прад'яўлена абвінавачаньне ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 293 (масавыя непарадкі) Крымінальнага кодэксу. На думку сьледзтва, віна А. Саньнікава "цалкам даказаная атрыманымі ў ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы доказамі".

Таксама найбліжэйшым часам сьледзтва мае намер канкрэтызаваць абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 снежня "Яроменку, Васілевічу, Гнедчык і Мірзаянаву, у дачыненьні да якіх сьледзтвам атрыманыя ня менш пераканаўчыя доказы іх віны".

"Пасьля азнаямленьня названых асоб і іх адвакатаў з матэрыяламі крымінальнай справы яна будзе перададзена ў пракуратуру Менску для накіраваньня ў суд", — паведамілі "Інтэрфаксу" ў праваахоўчых органах.

Як паведамляюць беларускія праваабаронцы, па справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня ў статусе абвінавачаных знаходзяцца 38 чалавек, зь іх 23 пад вартай у чаканьні судоў, 2 — пад хатнім арыштам, 9 — пад падпіскай аб нявыезьдзе. У статусе падазраваных — 12 чалавек, пераважная большасьць — пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG