Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Паўночнай Македоніі ўпершыню стала жанчына


Гардана Сільяноўска-Даўкава
Гардана Сільяноўска-Даўкава

У невялікай краіне на Балканах зьмяняецца ўлада. На зьмену сацыял-дэмакратам прыходзяць македонскія правыя.

Новым прэзыдэнтам Паўночнай Македоніі (дзяржава носіць такую афіцыйную назву пасьля дамоўленасьці папярэдніх уладаў з Грэцыяй, якая не давала далейшай хады заяўцы Македоніі ў NATO і Эўразьвяз) стала Гардана Сільяноўска-Даўкава. Пасьля перамогі яна заявіла, што будзе прэзыдэнткай для «ўсіх македонцаў, усіх этнічных групаў краіны».

У кампаніі яна прадстаўляла сябе прафэсаркай, незалежным дэпутатам у Сабраніі (парлямэнт), ейная праграма насіла імя «Македонија повторно горда» (Македонія зноў з гонарам), што, відавочна, спалучалася зь імем Гардана. Таксама яна адзначала, што «Прэспанскае пагадненьне — адкрытае пытаньне» і што яна ня будзе ўжываць прыметнік «Паўночная» ў сваіх зваротах да грамадзкасьці. Краіну ў дэбатах Сільяноўска-Даўкава называла толькі «Македоніяй» — як, зрэшты, і ейны супернік Стэва Пэндароўскі.

У 2019 годзе Сільяноўска-Даўкава ўжо прэтэндавала на прэзыдэнцкую пасаду, але тады саступіла Пэндароўскаму. Прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі выступаў з праграмай «шматэтнічнай Македоніі», спадзеючыся на сымпатыі найперш альбанскай меншасьці, якая складае ў краіне звыш 20% насельніцтва і мае альбанскую мову ў якасьці афіцыйнай.

Афіцыйная цырымонія ўступленьня Сільяноўскай-Даўкавай на пасаду адбудзецца 12 траўня. За день да гэтага ёй споўніцца 71 год. З 84% ужо апрацаваных галасоў Сільяноўска-Даўкава мае 463 724 галасы, а яе апанэнт з Сацыял-дэмакратычнай партыі Пэндароўскі — толькі 209 256 галасоў. Яшчэ ўчора ўвечары, пасьля першых падлікаў, Пэндароўскі прызнаў сваю паразу.

У адным з камэнтароў палітык заявіла, што яе першым візытам у новай якасьці будзе паездка не ў Брусэль, хоць Македонія працягвае ісьці шляхам эўраінтэграцыі, а ў адну з суседніх краін. Праўдападобна, гаворка ідзе пра Баўгарыю, якая блякуе далейшае прасоўваньне македонцаў па гэтым шляху.

Сільяноўска-Даўкава нарадзілася ў 1953 годзе ў Охрыдзе, але сярэднюю адукацыю атрымала ўжо ў Скоп'і. Тамсама скончыла ўнівэрсытэт у галіне юрыспрудэнцыі, працягнула навуковую кар’еру, а затым стартавала і з палітычнай. Яна экспэрт у выбарах ААН і віцэ-прэзыдэнтка групы незалежных экспэртаў па мясцовым самакіраваньні пры Радзе Эўропы, сябра Вэнэцыянскай камісіі.

Яўка на выбарах склала 46% пры неабходных згодна з законам 40%.

Абое кандыдаты ў прэзыдэнты гаварылі пра «маўклівы байкот», распачаты альбанскім палітычным блёкам, які выступаў за выбары прэзыдэнта ў парлямэнце, а не за ўсеагульныя і неадкладныя выбары. Многія з альбанцаў ня мелі фаварыта з двух прапанаваных кандыдатаў, пасьля таго як у першым туры з гонкі выбылі кандыдаты ад альбанскай этнічнай супольнасьці.

Ранейшыя прэзыдэнты

З часу абвяшчэньня незалежнасьці Македоніі 8 верасьня 1991 году ў краіне былі пяць прэзыдэнтаў. Першы, Кіра Глігараў, меў два тэрміны, на першы зь якіх быў абраны тайным галасаваньнем у парлямэнце Македоніі 27 студзеня 1991 году. Усіх наступных прэзыдэнтаў абіралі на ўсеагульных выбарах.

Другі мандат Глігараў атрымаў у 1994-м, а пасьля яго на выбарах у 1999-м гэтую пасаду заняў да сваёй трагічнай гібелі ў авіякатастрофе ў 2004 годзе Барыс Трайкоўскі. Трэцім прэзыдэнтам тады стаў лідэр СДСМ (Сацыял-дэмакратычны саюз Македоніі) Бранка Црвэнкаўскі, які заставаўся на гэтай пасадзе толькі адзін тэрмін.

Пасьля яго ў 2009 годзе Георгі Іванаў, вылучаны правай партыяй ВМРО-ДПМНЕ, заставаўся на два тэрміны, пакуль у 2019 годзе кіраўніком дзяржавы ня стаў Стэва Пэндароўскі, кандыдат ад СДСМ. Цяпер маятнік улады зноў хітнуўся ў правы бок.

Трыюмф правай партыі на парлямэнцкіх выбарах

Паралельна з прэзыдэнцкімі ў краіне 8 траўня адбываліся і парлямэнцкія выбары. На іх пераканаўчую перамогу здабыла правая партыя ВМРО-ДПМНЕ.

Кааліцыя «Ваша Македонія» ВМРО-ДПМНЕ атрымала 58 мандатаў у новым парлямэнцкім складзе з 120 дэпутатаў.

Кааліцыя за эўрапейскую будучыню на чале з СДСМ мае 18 дэпутатаў, Эўрапейскі фронт ДУІ — 19, Кааліцыя з альбанскага апазыцыйнага блёку «Вреди» — 13 мандатаў, «Левыя» маюць 6 дэпутатаў і столькі ж мае рух «Движење ЗНАМ — За наша Македонија».

Кіраўнік ВМРО-ДПМНЕ Хрысьціян Міцкоскі заявіў, што галоўныя задачы ягонай партыі — як мага хутчэй сфармаваць урад, змагацца з крыміналам і хабарніцтвам, а таксама працягнуць эўрапейскую інтэграцыю праз выкананьне прынцыпаў. Македонію чакаюць новыя перамовы з Баўгарыяй, якая ня лічыць македонскую мову асобнай і мае іншыя прэтэнзіі да краіны ў палітычнай і гістарычнай сфэрах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG