Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аахене пры ўдзеле дэлегацыі беларускіх палітыкаў уручылі прэмію Карла Вялікага


Сьвятлана Ціханоўская і Пінхас Гольдшміт
Сьвятлана Ціханоўская і Пінхас Гольдшміт

На цырымоніі ў знакамітым Аахенскім саборы прысутнічала і Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская наведала Аахен, каб прыняць удзел у цырымоніі ўручэньня прэміі Карла Вялікага наступнаму ляўрэату.

Сама Ціханоўская — ляўрэатка гэтай прэміі 2022 году разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай. Летась прэмію прысудзілі Ўладзіміру Зяленскаму і ўкраінскаму народу. А сёлета ёю ўганаравалі старшыню Канфэрэнцыі рабінаў Эўропы, былога галоўнага рабіна Масквы Пінхаса Гольдшміта за заслугі ў справе міжрэлігійнага дыялёгу.

Падчас цырымоніі ўручэньня прыза Сьвятлана Ціханоўская разам зь Веранікай Цапкалай і Тацянай Хоміч прысутнічалі на сцэне. Тацяна трымала ў руках фота Марыі Калесьнікавай, якая цяпер за кратамі.

Падчас цырымоніі ўручэньня
Падчас цырымоніі ўручэньня

На цырымоніі выступалі віцэ-канцлер Нямеччыны Робэрт Хабек, мэр Аахену Сібіла Кёйпэн, прэм'ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама.

У сваёй прамове пры атрыманьні прэміі ляўрэат гэтага году Пінхас Гольдшміт аддаў увагу і Беларусі, выказаў падтрымку барацьбе беларусаў за свабоду сваёй краіны, назваў Ціханоўскую «абранай прэзыдэнткай», згадваў таксама Марыю Калесьнікаву.

Перад цырымоніяй у саборы адбылася традыцыйная малітва, дзе сярод іншага маліліся за беларускіх палітвязьняў. На сустрэчы зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Хабекам Ціханоўская расказала пра гуманітарны фонд і неабходнасьць падтрымкі на рэабілітацыю палітвязьняў.

Уручэньне прэміі
Уручэньне прэміі

На малітвы ў Аахенскім саборы
На малітвы ў Аахенскім саборы

Што такое прэмія Карла Вялікага

З 1950 году грамадзянскі камітэт Аахену штогод уручае прэмію Карла Вялікага (Karlspreis) асобам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у аб’яднаньне Эўропы. Традыцыйна прэмія ўручаецца на сьвята Ўзьнясеньня Гасподняга на цырымоніі ў Каранацыйнай залі ратушы Аахену.

Карл Вялікі — сярэднявечны імпэратар, які адыграў важную ролю ў аб’яднаньні Заходняй Эўропы.

Катэдральны сабор быў закладзены ў Аахене ў канцы VIII стагодзьдзя на распараджэньне Карла Вялікага. У ім каранаваліся імпэратары Сьвятое Рымскае імпэрыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG