Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцам вядома, што ў становішчы інкамунікада знаходзіцца як мінімум шэсьць беларускіх палітвязьняў


Краты. Ілюстрацыйнае фота
Краты. Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончай супольнасьці вядома сама меней пра шэсьць беларускіх палітвязьняў, якія знаходзяцца ў стане поўнага інкамунікада – без усялякай сувязі з вонкавым сьветам, паведаміла юрыстка Натальля Мацкевіч падчас дыскусіі «Знікаючыя зьняволеныя ў Беларусі» 8 траўня ў Варшаве.

Імпрэза прайшло пад эгідай Рабочай групы па адвольных затрыманьнях (спэцыяльная працэдура ААН).

Размова ідзе пра Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

«Але мы ня ведаем яшчэ, напэўна, пра тыя выпадкі, якія сёньня непублічныя. Бо нават калі сувязь зьнікае ці сувязь зьяўляецца, сваякі і адвакаты асьцерагаюцца пра гэта казаць», — дадала юрыстка.

Мацкевіч, пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі ў Беларусі ў 2021 годзе, падкрэсьліла, што працягвае прадстаўляць сваіх падабаронных, паколькі такіх паўнамоцтваў зь яе «ніхто [зь іх] не здымаў».

Беларусь яна назвала «першай у сьвеце краінай», дзе пра лёс падабаронных нічога не вядома «больш за 400 дзён».

«Мы ўжо зараз пачалі лічыць дні. І кожны гэты дзень прачынаесься са страхам ад таго, што могуць прыйсьці дрэнныя навіны», — сказала яна.

«Мы, здаецца, ужо выкарыстоўвалі ўсе магчымыя прававыя мэтады, таму што па ўсіх нашых падабаронных знаходзяцца скаргі ў Камітэце па правах чалавека ААН. Што да Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Віктара Бабарыкі КПЧ запытаў тэрміновыя меры ў сувязі зь іх знаходжаньнем у інкамунікада», — паведаміла Мацкевіч.

Рабочая група па адвольных затрыманьнях прыняла рашэньні ў справах Ціханоўскага і Знака, удакладніла яна, быў накіраваны зварот да афіцыйнага Менску ў рамках дзьвюх спэцпрацэдур ААН, аднак адказаў па іх не атрымалі.

Паводле Мацкевіч, важна «хаця б даведацца, што гэтыя людзі жывыя, і што зь іх здароўем, магчыма, усё памяркоўна».

Сястра Знака Ірына Козікава паведаміла, што пра яго няма ніякай інфармацыі амаль 15 месяцаў — апошні атрыманы сваякамі ліст датаваны 9 лютага 2023 года. На той момант палітвязень знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу ў папраўчай калёніі № 3 (Віцьба, Віцебская вобласьць).

Паводле яе, вядомы юрыст, які адбывае 10-гадовае пазбаўленьне волі, можа папераменна знаходзіцца ў ПКТ і штрафным ізалятары, што яна ахарактарызавала як катаваньні.

Аўтар напісанага ў няволі і выдадзенага ў 2022 годзе рамана «Зэкамэрон» на гэты момант ня можа займацца творчасьцю, дадала яго сястра.

У родных Знака няма сапраўднай інфармацыі, ці жывы ён, заключыла Козікава.

Па словах кіраўніцы праекту дапамогі палітвязьням жанчынам «Палітвязынка» Яўгеніі Доўгай, у стане інкамунікада таксама знаходзяцца палітвязьні Алена Гнаўк і Вольга Маёрава, паколькі пра першую зь іх няма ніякай інфармацыі са студзеня 2024 году, пра другую — больш за паўгода.

На 9 траўня праваабарончай супольнасьцю палітвязьнямі прызнаныя 1375 чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG